Рукапісы на пальмавым лісьці

Ру́капісы на па́льмавым лі́сьці — рукапісы, напісаныя на аркушах з засушанага пальмавага лісьця. Лісьце пальмаў выкарыстоўвалася для пісаньня на Індыйскім субкантынэнце і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі прынамсі з V стагодзьдзя да н. э.[1][2].

Рукапіс на пальмавым лісьці моваю канада
Рукапіс «Гіта Гавінда» («Сьпеў пастуха»), XVIII стагодзьдзе
Пальмавы рукапіс з Балі (Інданэзія), сшыты ў кнігу-потхі

Адзін з найстарэйшых пальмавых манускрыптаў — шываісцкі тэкст на санскрыце IX стагодзьдзя, выяўлены ў Нэпале — захоўваецца ў бібліятэцы Кембрыдзкага ўнівэрсытэту[3].

Мінуўшчына

рэдагаваць

Пальмавае лісьце для кніг наразалі прастакутнікамі і пісалі на ім чарніламі. Кожны аркуш меў дзірку, празь якую прасоўвалі нітку, якая такім чынам змацоўвала ўсе аркушы ў адзіную кнігу. Створаныя такім чынам кнігі маглі захоўвацца да 600 гадоў у залежнасьці ад вільготнасьці ды крохкасьці, дзейнасьці казурак і плесьні. Састарэлыя дакумэнты трэба было перапісваць у новыя пальмавыя рукапісы[2]. Найстарэйшыя знойдзеныя індыйскія кнігі-потхі захаваліся ў халодных сухіх умовах у Нэпале, Тыбэце і Цэнтральнай Азіі[4].

Асобныя аркушы пальмавых рукапісаў называліся на санскрыце патра або парна, а падрыхтаваны для пісьма носьбіт — тада-патра (альбо тала-патра)[4]. Вядомы індыйскі «рукапіс Боўэра» V стагодзьдзя, выяўлены ў Кітайскім Туркестане, напісаны на берасьцяных аркушах у форме пальмавага лісьця[4].

З распаўсюджваньнем індыйскае культуры на такія паўднёва-ўсходнія краіны, як Інданэзія, Камбоджа, Тайлянд ды Філіпіны, сюды прыйшлі і традыцыі стварэньня кніг-потхі. Вялікія зборы пальмавых рукапісаў пад назвай лонтар выяўленыя ў індуісцкіх храмах на Балі (Інданэзія) і ў камбаджыйскіх храмах Ангкор-Ват і Бантэай Срэй[5].

Адзін з найстарэйшых пальмавых манускрыптаў на санскрыце — «Парамэшваратантра» — індуісцкі тэкст Шайвы Сыдханты, датаваны прыкладна 828 рокам[3]. Ён захоўваецца ў бібліятэцы Кембрыдзкага ўнівэрсытэту[3].

Пасьля зьяўленьня ў пачатку XIX стагодзьдзя друкарскіх варштатаў стварэньне кніг-потхі пачынае згасаць.

  1. ^ http://www.cedar.buffalo.edu/~zshi/Papers/kbcs04_261.pdf
  2. ^ а б Literature | The Story of India - Photo Gallery. PBS. Праверана 2013-11-13 г.
  3. ^ а б в Pārameśvaratantra (MS Add.1049.1) with images, Puṣkarapārameśvaratantra, University of Cambridge (2015)
  4. ^ а б в Amalananda Ghosh (1991), An Encyclopaedia of Indian Archaeology, BRILL Academic, ISBN 978-9004092648, pages 360—361
  5. ^ Wayne A. Wiegand and Donald Davis (1994), Encyclopedia of Library History, Routledge, ISBN 978-0824057879, page 350