Ружавая радыёла

шматгадовая травяністая расьліна з тоўстымі і мясістымі каранямі.

Ру́жавая радыёла (залаты корань) — шматгадовая травяністая расьліна з тоўстымі і мясістымі каранямі.

Ружавая радыёла
Нарвэгія (2008 г.)
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваРасьліны
ПадцарстваЗялёныя расьліны
ГрупаСтрэптафіты
РазьдзелСтрэптафітныя
ТыпВышэйшыя расьліны
ПадтыпСасудзістыя расьліны
НададдзелНасенныя расьліны
АддзелКветкавыя расьліны
АтрадКаменяломнікакветныя
СямействаТаўсьцянковыя
РодРадыёла
ВідРужавая радыёла
Бінамінальная намэнклятура
Rhodiola rosea Карл Лінэй

Належыць да сямества таўсьцянкавых. Сьвежы зрэз або злом карэнішча пахне ружай, адсюль навуковая назва. Карані бураватыя адценьня старой пазалоты, адсюль народная назва. Памер каранёў дасягае 15 см, а вага 900 грамаў. Ад каранёў адыходзяць прамыя сьцёблы, на якіх месьціцца мясістае лісьце. Кветкі жоўтыя, сабраныя ў суквецьці. Расьце на альпійскіх і падальпійскіх лугах, займае арктычныя і горныя вобласьці ў Эўразіі: у Азіі — у Сібіры, гарах Алтаю, Цянь-Шаню і Далёкага Ўсходу; у Эўропе — у Карпатах. Цьвіце ў чэрвені-ліпені. Плады сьпеюць у ліпені-жніўні[1].

Вырошчваньне і прыгатаваньне

рэдагаваць

Залаты корань размножваюць насеньнем і вэгетатыўна. Адрэзкі карэнішчаў даўжынёй 5-6 см з 2-3 пупышкамі аднаўленьня саджаюць на глюбіню да 1-1,5 см. Пры вэгетатыўным размножваньні адной расьліны ўтвараюцца толькі мужчынскія або жаночыя расьліны і адсутнічае насеньне, бо залаты корань ёсьць двухдомнай расьлінай. Найчасьцей насеньне сеюць у кастрычніку, пад зіму. У першы год усходы маладых сеянцаў варта прыцяняюць і паліваюць. Да канца 1-га году ўтвараецца сьцябло вышынёй 8-12 см. Увесну або ў жніўні 2-га году расьліны высаджваюць шэрагамі на адлегласьці 60-70 см, і на адлегласьці між расьлінамі 30-40 см у саміх шэрагах. Залаты корань, які вырас з насеньня, квітнее на 2-3 год. Нарыхтоўку карэнішчаў пачынаюць на 3-4 год пасьля пасеву, у жніўні-верасьні. Пагатоў нарыхтоўцы не падлягаюць малыя расьліны з 1-2 сьцёбламі. Выкапаныя карэнішчы чысьцяць ад зямлі, мыюць у праточнай вадзе і сушаць у цені. Затым іх рэжуць на кавалкі даўжынёй 2-5 см і сушаць у цёмным пакоі. Высушанае карэнішча мае на зломе белае або мяка-ружовае адценьне, пахне падобна да ружы і мае гаркавата-вяжучы смак. Высушаная расьліна захоўвае прыдатнасьць 3 гады[1].

Выкарыстаньне

рэдагаваць

Маладыя зялёныя лісткі расьліны выкарыстоўваюць для салатаў. З каранёў гатуюць кісель і лекавыя ўзвары, пасьцілу, цукеркі і варэньне. Зёлкавую гарбату з даданьнем залатога кораня выкарыстоўваюць для зьняцьця стомы пасьля працы. Асноўным дзейным рэчывам залатога кораня ёсьць гліказіды — салідразід і радыёлазід. Таму з 17-га стагодзьдзя залаты корань ужываюць у народнай мэдыцыне для павышэньня працаздольнасьці пры заняпадзе сілаў у пажылым узросьце. Настойку залатога кораня ўжываюць пры ператамленьні і нэўрозе, ад зубнога болю і пры малакроўі, для паляпшэньня слыху, а таксама пры хваробах печані і страўніка. Для прыгатаваньня настойкі залаты корань заліваюць 40%-ай рашчынай сьпірту (гарэлкай) і настойваюць цягам 2 тыдняў у цёмным прахалодным пакоі. Прымаюць настойку па 5-10 кропляў двойчы або тройчы на дзень за паўгадзіны да ежы, цягам 10-20 дзён. Супрацьпаказаньнямі для прыёму настойкі служаць бессань, ліхаманка, пераўзбуджэньне і гіпэртанічны крыз, а таксама гіпэртанія[1].

  1. ^ а б в Ірына Тамковіч. «Сібірскі жэньшэнь» // Крынічка. — 18 ліпеня 2013. — № 19 (477). — С. 4.