Рудакова
Рудако́ва — возера ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці. Разьмешчанае за 1 км на поўночны захад ад Мядзелу. Уваходзіць у групу Мядзельскіх азёр і біялягічны заказьнік «Рудакова». Знаходзіцца ў басэйне ракі Мядзёлкі.
Возера
Рудакова
Рудакова | |||||||||||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Вотоку з возера няма. У возера ўпадае толькі невялікі ручай на захадзе, які ўлетку перасыхае. Асноўную частку вады возера атрымлівае за кошт паверхневага прытоку. Возера знаходзіцца ў межах Сьвянцянскага ўзвышша.
Рудакова належыць да ліку глыбокіх вадаёмаў, нягледзячы на тое, што ягоная плошча складае ўсяго 0,24 км². Найбольшая глыбіня дасягае 28,6 м, сярэдняя — 11,3 м. Доля глыбіняў большых за 2 мэтры складае 88% плошчы. Возера мае высокую празрыстасьць вады — да 5,3 м.
- Плошча возера — 0,24 км²
- Плошча вадазбору — 1,16 км²
- Максымальная глыбіня возера — 28,6 м
- Сярэдняя глыбіня — 11,3 м
- Найбольшая даўжыня возера — 0,7 км
- Найбольшая шырыня — 0,56 км
- Даўжыня берагавой лініі — 2,01 км
- Аб’ём вады ў возеры — 2,72 млн м³
Тэмпэратура вады каля дна возера практычна ніколі не перавышае 6 °C. Адначасова, вада добра насычаная кіслародам.
У возеры сустракаюцца ляшчы, шчупакі, акуні, платва, пелядзь. Падводная расьліннасьць возера пашыраная да глыбіні 9—13 м.
Узровень вады ў Рудакове на некалькі мэтраў вышэйшы за ўзвовень вады ў Мястры і Мядзелі, паміж якімі яно знаходзіцца. Рудакова злучанае з возерам Мядзел невялікай моцна парослай канавай.
Рудакова зьяўляецца адным з найпрыгажэйшых азёраў Беларусі. На ўсходнім беразе разьмешчаная база адпачынку, на паўднёвым — невялікі пляж. Рашэньнем Мядзельскага райвыканкаму на возеры забароненае выкарыстаньне маторных лодак.