Радзівілаўскі летапіс

(Перанакіравана з «Радзівілаўскі сьпіс»)

Радзіві́лаўскі ле́тапіс або Караляве́цкі летапіс — летапісны помнік, імаверна, пачатку XIII ст., які захаваўся ў двух сьпісах XV ст. — уласна Радзівілаўскім і Маскоўска-Акадэмічным. Уяўляе сабою «Аповесьць мінулых часоў», працягнутую пагадовымі запісамі да 1205 року.

Выправа Аскольда і Дзіра да Царграда, мініятура з хронікі

Назвы — ад імя вайскавода Вялікага Княства Літоўскага, віленскага ваяводы Януша Радзівіла, які валодаў першым (уласна Радзівілаўскім) сьпісам у XVII ст., і ад места Караляўца, дзе гэты сьпіс захоўваўся ў XVIII ст., пакуль падчас Сямігадовай вайны не патрапіў у Расейскую імпэрыю ў якасьці трафэю (1760).

Паводле высноваў расейскага гісторыка Аляксея Шахматава, Радзівілаўскі летапіс паходзіць ад летапіснага зводу Пераяслаўля Залескага, складзенага ў 12141216 рокі. Тэкстуальна Радзівілаўскі летапіс блізкі да Лаўрэнцеўскага летапісу, але ў той самы час мае шматлікія адрозьненьні (асобныя дадаткі, іншыя фармулёўкі), што сьведчыць пра сыстэматычнае рэдакцыйнае выпраўленьне папярэдняга тэксту. На падставе гэтых розначытаньняў Аляксей Шахматаў ды М. Прыселкаў зрабілі выснову, што ў аснове Лаўрэнцеўскага летапісу быў Уладзімерскі звод XII ст., дзе тэкст летапісаньня папярэдняга часу не паддаўся яшчэ асабліва значным і тэндэнцыйным пераробкам, а ў аснове Пераяслаўскага зводу 1214—1216 рокаў — крыніцы Радзівілаўскага летапісу — быў Уладзімерскі звод пачатку XIII ст., які праслаўляў Усевалада Вялікае Гняздо і быў складзены пры ягоных сынах Юрыі і Яраславе.

Найвялікшую цікавасьць уяўляюць размаляваныя мініятуры (агулам 617), якімі ілюстраваны Радзівілаўскі сьпіс. Мяркуючы па тым, што ў Маскоўска-Акадэмічным сьпісе ў шэрагу выпадкаў перапішчыкам па недаглядзе прапушчаны тэкст, зьмешчаны ў Радзівілаўскім сьпісе паміж мініятурамі, ілюстраваны быў агульны пратограф абодвух сьпісаў (раней вылучалася гіпотэза, паводле якой Маскоўска-Акадэмічны сьпіс зьяўляецца копіяй з Радзівілаўскага, цяпер яна адкінутая). Такім чынам, ілюстрацыі XV ст. зьяўляюцца копіяй з больш раньніх — як мяркуюць некаторыя дасьледнікі, арыгінальныя мініятуры маглі належаць нават да XII ст..

Мініятуры Радзівілаўскага летапісу, нягледзячы на схематызаваны стыль, даюць уяўленьне пра побыт, будаўніцтва, ваенную справу сярэднявечнай Русі. Іх завуць «вокнамі ў зьніклы сьвет».

Поўная назва Маскоўска-Акадэмічнага сьпісу, другой найважнейшвй копіі Радзівілаўскага летапісу — «Рукапіс Маскоўскай Духоўнай Акадэміі». На першым аркушы пазначана «Живоначальные Троицы» (адсюль назва Траецкі летапіс), на апошнім жа аркушы напісана «Сергиева монастыря». Да 1206 року гэты сьпіс дае той жа тэкст, што і Радзівілаўскі, практычна бяз значных розначытаньняў, далей жа апавяданьне працягваецца ў іншым стылі і тоне, даводзячы падзеі да 1419 року даволі самастойна, не паўтараючы арыгінальнай часткі Лаўрэнцеўскага летапісу.

Навуковае выданьне тэксту летапісу, распачатае М. Прыселкавым і завершанае праз паўстагодзьдзя пасьля ягонай сьмерці, было зроблена толькі ў 1989 року.

Выданьні

рэдагаваць
  • Радзивиловская, или Кенигсбергская, летопись. — СПб., 1902. I. Фотомеханическое воспроизведение рукописи. II. Статьи о тексте и миниатюрах рукописи;
  • Радзивиловская летопись // ПСРЛ. — 1989. — Т. 38.
  • Радзивиловская летопись: Текст. Исследование. Описание миниатюр / Отв. ред. М. В. Кукушкина. СПб.: Глагол; М.: Искусство, 1994. Кн. 1—2. (у Кн. 1 — каляровае факсымільнае ўзнаўленьне тэксту з мініятурамі, у Кн. 2 — поўная транскрыпцыя тэксту, мастацтвазнаўчае апісаньне ўсіх мініятураў).

Літаратура

рэдагаваць
  • Шахматов А. А. Исследование о Радзивиловской, или Кенигсбергской, летописи. — М., 1902. — Т. П. — С. 18—114.
  • Приселков. История русского летописания. — С. 57—63, 82—87.
  • Лурье Я. С Летопись Радзивиловская // Словарь книжников. — Вып. 1. — С. 248—251.