Пінска-Валынскі добраахвотны батальён
Пі́нска-Валы́нскі до́браахво́тны батальён (па-расейску: Пинско-Волынский добровольческий батальон) — адзінае белагвардзейскае расейскае вайсковае падразьдзяленьне, сфармаванае на Беларусі[1]. У польскім войску спачатку мела назву «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту», пазьней «Пінскі добраахвотны батальён». Батальён удзельнічаў у захопе Пінску польскімі войскамі і ў абароне Крыму.
Пінска-Валынскі добраахвотны батальён | |
Пинско-Волынский добровольческий батальон | |
Батальён увосені 1918 году. | |
Гады існаваньня | 1918—1920 |
---|---|
Краіны |
УНР (кастрычнік-лістапад 1918) Польшча (люты-верасень 1919) Поўдзень Расеі (сьнежань-красавік 1920) |
Падпарадкаваньне |
Палеская група 9-я пяхотная дывізія Узброеныя сілы Поўдня Расеі |
Тып | пяхота |
Функцыя | змаганьне з бальшавікамі |
Колькасьць |
150 жаўнераў (лістапад 1918) 752 жаўнеры (19 ліпеня 1919) 120 жаўнераў (сьнежань 1919) 164 жаўнеры (жнівень 1920) |
Дысьлякацыя | Піншчына, Павонзкі, Крым |
Мянушкі | Расейскі легіён, Расейская афіцэрская дружына |
Войны |
Грамадзянская вайна ў Расеі Палескае паўстаньне Польска-савецкая вайна |
Удзел у | Абарона Крыма (пачатак 1920) |
Вядомыя камандзіры | Антон Бахенскі |
Сфармаваньне
рэдагавацьБеларускае мястэчка Пінск было захопленае Нямеччынай у кастрычніку 1918 году, адначасова пры гэтым Пінск уваходзіў у склад Украінскае Народнае Рэспублікі. Зьяўленьне тут невялічкага (каля 150 чалавек)[1] ахвіцэрскага атраду, верагодней за ўсё, было рэакцыяй на антыгетманаўскі пераварот, які адбыўся ва Ўкраіне ў лістападзе 1918 году[1]. Аднак збольшага лічыцца датай сфармаваньня батальёну кастрычнік 1918 году[2][3][4]. Атрад быў сфармаваны і ўзначалены ўраджэнцам Століншчыны капітанам Антонам Бахенскім, энэргічным ахвіцэрам. Пінскі атрад, злучыўшыся з Мазырскім, пасьпяхова абараняўся ад пятлюраўцаў увесь сьнежань1918 году[1].
Шлях батальёну
рэдагавацьУ Войску Польскім
рэдагавацьУ студзені 1919 году нямецкія жаўнеры сыйшлі зь мястэчка. 23 студзеня палескія добраахвотнікі далі бой палескім паўстанцам і бальшавікам каля чыгуначнай станцыі Пінск, аднак з-за няроўнасьці сілаў яны адступілі на захад ад мястэчка ўздоўж чыгуначнай лініі і хутка сустрэліся зь перадавымі часткамі Войска Польскага. Рэакцыя палякаў на жаўнераў спачатку была насьцярожанай, але затым прыкладна 10-12 лютага 1919 году ў Кобрыні атрад афіцыйна ўвайшоў у склад польскай арміі. Магчыма, згуляла сваю ролю і тое, што камандовец польскай апэрацыйнай суполкі «Падляшша» генэрал Антоні Лістоўскі раней быў генэралам Расейскай арміі. Пры ўваходзе ў склад польскага войска атрад захаваў свой камандны склад, расейскую форму і запасы зброі (тысячу стрэльбаў, 8 кулямётаў ды 3 мінамёты)[1], прычым частцы было дадзенае імя «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту». Адначасна сустракаліся і болей простыя назвы кшталту «Расейскі легіён», «Расейская ахвіцэрская дружына». Апошні назоў зьвязаны з тым, што на той момант з 200 чыноў батальёну абсалютная бальшыня мела менавіта афіцэрскія годнасьці.
Апэрацыйная суполка «Падляшша» на той момант складалася з 6 батальёнаў, 5 конных эскадронаў і партызанскага атраду. Менавіта Батальён Беларуска-Літоўскага фронту стаў ударнай сілаю ў далейшым наступленьні. 19 лютага 1919 году[1] батальён выбіў з Антопалю бальшавікоў, а ўжо 5-7 сакавіка[1] штурмаваў Пінск, у які першым і ўвайшоў 17 сакавіка[5].
Спроба скасаваньня
рэдагавацьПадчас удачнага наступленьня лёс батальёну ўпершыню быў под пагрозай расфармаваньня. Нявольна спрычынілася да гэтага расейская варшаўская газэта «Варшавская речь», якая зьмясьціла шэраг аб’яваў з заклікамі ўступаць у «расейскія партызанскія атрады». 27 лютага 1919 году вядомы польскі палітык Мячыслаў Недзялкоўскі даў рэзкі адказ гэтаму, заявіўшы, што «баявое брацтва» расейцаў і палякаў ня толькі непатрэбнае, але й шкоднае. На гэтым фоне 4 сакавіка быў падрыхтаваны прыказ пра расфармаваньне батальёну. Аднак Антоні Лістоўскі быў зацікаўлены ў наяўнасьці на фронце стойкай і баяздольнай часткі таму, каб зьберагчы яе, ён проста перайменаваў батальён у «Пінскі добраахвотны батальён». Такім чынам, зьмяніўшы шчыра «расейскую» вывеску, частка захавалася і пастаянна папаўнялася людзьмі — так, на 19 ліпеня 1919 году батальён налічваў ужо 755 штыкоў, прытым што ўсяго пад камандаваньнем Лістоўскага на той момант было каля 4200 чалавек. Эмігранцкі часопіс «Двуглавый орёл» пра заслугі Пінскага батальёну пісаў:
Цягам шмат якіх месяцаў гэтыя людзі змагаліся з бальшавікамі пад найвышэйшым польскім камандаваньнем, з польскім аднагаловым арлом над рускай цэшкай; батальён прымаў удзел ва ўсіх найболей цяжкіх баях і праявіў вялікую мужнасьць.Арыгінальны тэкст (рас.)В течение многих месяцев эти люди сражались с большевиками под высшим польским командованием, с польским одноглавым орлом над русской кокардой; батальон принимал участие во всех наиболее тяжелых боях и проявил большую доблесть.
Ляяльнасьць батальёну
рэдагавацьЛяяльнасьць ахвіцэраў батальёну польскаму камандаваньню не была вялікай. Значная іхная колькасьць успрымала сваю службу ў Войску Польскім як часовы захад і чакала любой магчымасьці, каб далучыцца да асноўных расейскіх войскаў. Польскі аўтар зафіксаваў выпадак, калі афіцэры Пінскага батальёну, з запалам слухаючы навіны пра летняе наступленьне Добраахвотнай арміі ва Ўкраіне, пачалі зрываць з фуражак польскіх «белых арлоў». Тады ж польская контрвыведка з трывогаю паведамляла пра наяўнасьць у шэрагах батальёну «каля 15 выведнікаў», якія аналізавалі сытуацыю на фронце «ў духу, варожым нашай дзяржаўнасьці», хаця ў батальёне ваявалі ня толькі афіцэры расейскай, беларускай і ўкраінскай нацыянальнасьці, але й польскай.
Расфармаваньне
рэдагаваць12 ліпеня 1919 году Палеская суполка войскаў генэрала Антонія Лістоўскага была ператвораная ў 9-ю дывізію, а ў хуткім часе камандаваньне над ёю прыняў палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі, які ў адрозьненьне ад Лістоўскага, не адчуваў ніякіх настальгічных сымпатыяў да расейцаў. Ужо 17 жніўня Сікорскі рапартаваў пра тое, што Пінскі батальён «небясьпечны» і прыняў рашэньне пра яго расфармаваньне. Менавіта падчас гэтага ў крыніцах зьяўляецца найболей распаўсюджанае найменьне часткі — Пінска-Валынскі батальён. На практыцы атрымалася, што частку ня толькі расфармавалі, але й фактычна інтэрнавалі. Увосені раззброеныя «пінчукі» пад польскім канвоем адправіліся ў лягер Павонзкі тады яшчэ каля Варшавы, адкуль у лістападзе былі пераведзеныя ў лягер Седльцы. У лягеры было грубае і абыякавае стаўленьне ахоўнікаў, актыўная праца вярбоўнікаў, якія прапанавалі ўступаць у Войска Польскае, беспакараныя дзеяньні бальшавіцкіх агентаў. Акрамя раззбраеньня батальён таксама пазбавіўся пагонаў з формы, а з фуражак — цэшак.
У Паўднёвай Расеі
рэдагавацьУ сьнежні 1919 году галава Часовага краёвага ўраду Аляксандар Бахановіч пісаў у сваім дакладзе міністру замежных справаў Усерасейскага ўраду Калчака Сяргею Сазонаву:[5]
Нам павінна быць дазволенае формаваньне расейскай добраахвотнай арміі ў межах краю, і за кадр фармаванбняў павінны быць узяты Пінска-Валынскі Добраахвотны Расейскі батальён, які знаходзіцца сёнбня ў складзе Польскай арміі пад камандаванбнем польскага генэрала Лістоўскага. Узяўшы за кадр наш родны і намі створаны батальён, мы ў хуткім часе зможам стварыць ваярскі атрад, варты нашага краю, які будзе лічыць за гонар прыняць удзел у агульнай працы ў стварэньні нашай вялікай Расеі.Арыгінальны тэкст (рас.)Нам должно быть позволено формирование русской добровольческой армии в пределах края, и за кадр формирований должен быть взят Пинско-Волынский Добровольческий Русский батальон, находящийся ныне в составе Польской армии под командованием польского генерала Листовского. Взявши за кадр наш родной и нами созданный батальон, мы в короткое время сумеем создать воинский отряд, достойный нашего края, который будет считать за честь принять участие в общей работе по созданию нашей великой России
У сьнежні 1919 году пачалося паступовае перабросваньне ахвіцэраў батальёну ў Крым; першы транспарт, паводле сьведчаньня мэмуярыста, кінуў якар у Эўпаторыі 6 студзеня 1920 году:
У Джанкоі генэрал Слашчоў зладзіў агляд нашаму атраду, застаўся задаволены ім і прыказаў адразу ж адпраціцца на пазыцыю, да Чангарскага моста.Арыгінальны тэкст (рас.)В Джанкое генерал Слащов произвел смотр нашему отряду, остался доволен им и велел тотчас же отправляться на позицию, к Чонгарскому мосту.
Цягам гэтага месяца з Польшчы на паўвостраў пасьпелі прыбыць каля 120 чалавек; яшчэ каля 700 вярнуліся ў Польшчу з Румыніі, з-за адмовы румынаў прапусьціць іх цераз сваю тэрыторыю. Магчыма, частка гэтых людзей змагла ўсё-такі апынуцца ў Крыме ў жніўні 1920 году, калі пачалося масавае перабросваньне з Польшчы брэдаўцаў, Румынія ўжо не падавала ніякіх прэтэнзіяў.
Абарона Крыму
рэдагавацьУ студзені 1919 году батальён прыняў удзел у абароне Крыма пад камандаваньнем Якава Слашчова, — дакладней, ён абараняў чыгуначную станцыю Біюк-Анлар (Сёньня Элеватарная) каля вёскі Навалексяеўкі. Акрамя «пінчукоў», абарону станцыі трымалі Сводна-Чачэнскі полк (200 шашак), канвой штабу корпусу (100 шашак), тры танкі і тры бронецягнікі, «пінчукі» былі адзінай пяхотнай часткаю, якая абараняла станцыю.
Расфармаваньне
рэдагаваць29 красавіка 1920 году Пінска-Валынскі добраахвотны батальён афіцыйна быў расфармаваны. Батальёнавы 120 жаўнераў[2][3], якія выжылі ў баях за Крым, былі далучаныя да 50-га пяхотнага Беластоцкага палку, які ўваходзіў у склад 13-й пяхотнай дывізіі генэрал-маёра Георгія Андгуладзэ (2-і армейскі корпус). Паводле Вячаслава Бандарэнкі, на 1 жніўня 1920 году ў шэрагах батальёну былі 164 жаўнеры (колькасьць ахвіцэраў невядомая)[1].
Адзін з афіцэраў Пінска-Валынскага батальёну пазьней пісаў:[1]
Ня ведаю, каго асудзіць гісторыя, каго апраўдае, але мы, змагаліся супраць бальшавікоў, жадалі дабра толькі Расеі і лічылі, што галоўнымі че ворагамі збяўляюцца бальшавікі, а не палякі.Арыгінальны тэкст (рас.)Не знаю, кого осудит история, кого оправдает, но мы, сражаясь против большевиков, желали добра только России и считали, что главными ее врагами являются большевики, а не поляки
Строй
рэдагавацьУ Польскім Войску
рэдагавацьАсабовы склад батальёну насіў старую паходную расейскую форму з цэшкаю царскай Расіі на аколышцы, але зь белым польскім арлом на тульлі фуражкі.
Сьцяг
рэдагавацьЗа аснову батальёнавага сьцяга быў узяты расейскі сьцяг гербавых колераў (бела-жоўта-чорны), які быў перавёрнуты. На пярэднім баку ў цэнтры намаляваны герб Пінску (лук на гішпанскім шчыце), а вышэй за яго — польскі арол у чырвоным ромбе. Польскі арол падзяляе надпіс «Городъ Пинскъ» (па-беларуску: Места Пінск). Абкружае дугою ўсе папярэднія элемэнты на сьцягу надпіс «Пинско-Волынскому Добровольческому Баталіону» (па-беларуску: Пінска-Валынскаму Добраахвотнаму Батальёну).
На заднім баку ў цэнтры спокліч вядомы расейскі спокліч «Съ Нами Богъ» (па-беларуску: З намі Бог), а ў верхнім куце (бліжэйшым да дрэўка) чорнае кола з выявай нейкай асобы.
-
Сьцяг батальёна зь пярэдняга боку
-
Сьцяг батальёну з задняга боку
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з Вячеслав Бондаренко. «Мы желали добра только России»: история единственной белогвардейской части, созданной в Белоруссии (рас.) // Телескоп. — 30 красавіка 2020 года.
- ^ а б Пинско-Волынский добровольческий батальон (рас.) // История Пинска.
- ^ а б Кирилл Аверьянов-Минский. Белые белорусы: прокляты и забыты (рас.) // EurAsia Daily. — 16 студзеня 2017 года.
- ^ Вячеслав Бондаренко. Уроки революции: почему белорусский народ сделал выбор в пользу России (рас.). — 19 жніўня 2017 года.
- ^ а б Кирилл Аверьянов-Минский. Полонизация Белоруссии (рас.). — 24 лістапада 2016 года.
Літаратура
рэдагаваць- Дерябин Александр Ильич. Гражданская война в России, 1917-1922. Белые армии (рас.). — 2000. — С. 11. — 44 с. — (Военно-историческая серия "Солдатъ" : Униформа. Вооружение. Орг.). — ISBN 5-17-003829-1
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Кирилл Аверьянов-Минский. Белые белорусы: прокляты и забыты (рас.) // EurAsia Daily. — 16 студзеня 2017 года.
- Вячеслав Бондаренко. «Мы желали добра только России»: история единственной белогвардейской части, созданной в Белоруссии (рас.) // Телескоп. — 30 красавіка 2020 года.
- Пра форму