Пэрыфраза
Пэрыфраза, пэрыфраз (па-старажытнагрэцку: περίφρασις: περί — навокал і φράσις — гавару) — адзін з тропаў, у якім назва зьяў або прадметаў падаецца праз апісаньне іх асобных вызначальных прыметаў. У перыфразе заключаны элемэнт своеасаблівай паэтычнай адгадкі, «ключ» да якой знаходзіцца тут жа, у паэтычным кантэксьце. Вось некаторыя пэрыфразы беларускіх паэтаў: «кроў сіняя любай краіны» (Нёман; Л. Геніюш), «чырвоныя сны Дэлакруа» (карціны Дэлакруа; М. Танк), «бязвоблачная званіца» (неба; Ю. Гаўрук), «пасьвіць між моху вочы» (шукаць грыбы; П. Панчанка), «ластаўка роднага слова» (Леся Украінка; Я. Янішчыц), «кароль зьвяроў, цар джунгляў і гаспадар тайгі» (леў, тыгар, мядзьведзь; А. Вярцінскі). Многія народныя ідыёмы маюць пэрыфрастычны характар (класьці баразну — араць, заглядаць у бутэльку — піць гарэлку, пусьціць агнём — спаліць, сысьці ў магілу — памерці). Пэрыфразы даволі шырока ўжываюцца ў фальклёры, у прыватнасьці ў народных песьнях. Пэрыфраза часам ляжыць у аснове эўфэмізма і антанамазіі.
Літаратура
рэдагаваць- Малажай Г. М. Беларуская перыфраза. — Мн., 1974.
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4