Пэдра Фэрнандэс Кірас

Пэдра Фернандэс дэ Кірас (па-гішпанску: Pedro Fernandes de Queirós; 1565—1614) — гішпанскі мараплавец партугальскага паходжаньня.

Пэдра Фернандэс дэ Кірас
Pedro Fernandes de Queirós
Род дзейнасьці мараплавец
Дата нараджэньня 1565
Месца нараджэньня Эвара, Партугалія
Дата сьмерці 1614
Месца сьмерці Панама
Занятак падарожнік-дасьледнік

Біяграфія

рэдагаваць

Пэдра Фэрнандэс нарадзіўся ў 1565 годзе ў партугальскім Эвара. У маладосьці перайшоў на службу Гішпаніі. У 1589 годзе ажаніўся на прадстаўніцы гішпанскага рыцарскага роду Чакон, ад якой меў сына й дачку.

Прымаў удзел у другой экспэдыцыі гішпанскага мараплаўца дэ Нэйры ў Ціхім акіяне. У 1598 годзе зьвярнуўся да караля Гішпаніі Філіп III, а ў 1600 годзе да папы рымскага Клімэнта VIII з прапановай арганізаваць новую экспэдыцыю з мэтай адкрыцьця невядомага паўднёвага мацерыка (лац. Terra Australis Incognita). У 1603 годзе дэ Кірасу было дазволена вярнуцца ў Пэру для падрыхтоўкі прапанаванага ім мерапрыемства.

У 1605—1606 гадох дэ Кірас на трох караблях перасёк Ціхі акіян і адкрыў востраў Эсьпірыту-Санта, які прыняў за частку мацерыка. Ім былі заснаваны паселішча Новы Ерусалім і каталіцкі ордэн Сьвятога Духа, што павінен быў займацца хрышчэньнем тубыльцаў. Аднак з-за сутычак з абарыгенамі й незадаволенасьці каманды калёнію прыйшлося пакінуць. Падчас шторму карабель дэ Кіраса аддзяліўся ад астатняй флятыліі й накіраваўся ў Акапулька. Астатняя каманда на чале капітанам Торэсам дасягнула Манілы, па дарозе адкрыўшы праліў Торэса, які знаходзіцца паміж Новай Гвінэяй і сапраўднай Аўстраліяй.

Пасьля вяртаньня ў Гішпанію дэ Кірас зноўку зьвяртаўся да каралеўскіх уладаў з прапановай яшчэ адной экспэдыцыі, пакінуўшы пасьля сябе падрабязныя запісы й тлумачэньні. Хаця кароль адмовіўся фінансаваць гэтае прадпрыемства, ён накіраваў дэ Кіраса зь лістом падтрымкі ў Амэрыку, дзе той памёр ў 1614 годзе ў горадзе Панаме.

Значэньне дзейнасьці

рэдагаваць

Пэдра Фэрнандэс дэ Кірас быў адным зь першых дасьледчыкаў паўднёвай часткі Ціхага акіяна, адкрыў частку астравоў Піткэрн, астравы Лайн і Новых Гебрыдаў. Падрабязныя апісаньні дэ Кіраса былі перакладзены й апублікаваныя на некалькіх мовах, у тым ліку на францускай і ангельскай. Імі ў будучым карысталіся Джэймз Кук і Жан-Франсуа дэ Ляпэруз.

У канцы XIX стагодзьдзя ў Аўстраліі прадстаўнікамі каталіцкай абшчыны распаўсюджвалася думка, быццам бы дэ Кірас ўсё ж такі дасягнуў Аўстраліі, і каталікі былі першымі эўрапейцамі, якія дасягнулі гэтага мацерыка. Пэдра Фэрнандэсу дэ Кірасу было прысьвечана некалькі літаратурных твораў на ангельскай мове.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць