Млечны Шлях
Галяктыка Мле́чны Шлях (Птушыная дарога), якая завецца таксама проста Галяктыка (зь вялікай літары) — гіганцкая зорная сыстэма, у якой знаходзіцца, сярод іншых, Сонца, усе бачныя няўзброеным вокам асобныя зоркі, а таксама велізарная колькасьць зорак, якія зьліваюцца разам і назіраных у выглядзе млечнага шляху. Наша Галяктыка зьяўляецца адной з шматлікіх іншых галяктык.
Млечны Шлях зьяўляецца сьпіральнай галяктыкай зь перамычкай тыпу SBbc па клясыфікацыі Хабла, і разам з галяктыкай Андрамэды M31 і галяктыкай Трыкутніка (М33), а таксама некалькімі невялікімі галяктыкамі-спадарожнікамі ўтварае Мясцовую групу, якая, у сваю чаргу, уваходзіць у Звышскапленьне Дзевы.
Этымалёгія
рэдагавацьНазва «Галяктыка» (адначасова «Млечны шлях») паходзіць ад грэцкага Γαλαξίας, вытворнага ад слова γάλα — «малако». Паводле старажытнагрэцкай легенды, Зэўс вырашыў зрабіць свайго сына Геракла, народжнага ад сьмяротнай жанчыны, несьмяротным, і для гэтага падклаў яго сваёй жонцы Геры, якая ў той момант спала, каб Геракл выпіў боскага малака. Гера, прачнуўшыся, убачыла, што сілкуе не сваё дзіця, і адштурхнула яго ад сябе. Струя малака, якая пырскнула з грудзей багіні, ператварылася ў Млечны Шлях.
Структура Галяктыкі
рэдагавацьНаша Галяктыка складае ў папярочніку каля 30 тысяч парсэк і ўтрымлівае каля 100 мільярдаў зорак. Асноўная маса зорак разьмешчаная ў форме плоскай кружэлкі.
Млечны шлях мае выпуклую форму — як, напрыклад, талерка або капялюш з палямі. Больш таго, галяктыка ня толькі выгінаецца, але і вібруе, нібы барабанная перапонка.
Спадарожнікі
рэдагавацьНавукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту пры дасьледаваньні на прадмет распаўсюджанасьці вадароду ў абласьцях, якія падвяргаюцца скажэньню, выявілі, што гэтыя дэфармацыі цесна зьвязаныя з становішчам арбіт дзьвюх галяктык-спадарожнікаў Млечнага Шляху — Вялікага і Малога Магеланавых аблокаў, якія рэгулярна праходзяць скрозь навакольную яго цёмную матэрыю. Маюцца й іншыя, яшчэ меней блізкія да Млечнага Шляху галяктыкі, аднак іх роля пакуль што незразумелая.
Рукавы
рэдагавацьГаляктыка належыць да клясы сьпіральных галяктык, што азначае, што ў Галяктыцы ёсьць сьпіральныя рукавы, якія разьмешчаныя ў плоскасьці кружэлкі.
Кружэлка пагружаная ў гало сфэрычнай формы, а вакол яго разьмяшчаецца сфэрычная ж карона. Сонечная сыстэма знаходзіцца на адлегласьці 8,5 тысяч парсэкаў ад галяктычнага цэнтру, зблізку плоскасьці Галяктыкі (адлешласьць да Паўночнага канцавосься Галяктыкі складае ўсяго 10 парсэк), на ўнутраным баку рукава, які носіць назву рукаў Арыёна. Такое наша разьмяшчэньне не дае магчымасьці назіраць форму рукавоў візуальна.
Ядро
рэдагавацьУ сярэдняй частцы Галяктыкі знаходзіцца патаўшчэньне, якое завецца балджам і складае каля 8 тысяч парсэкаў у папярочніку. У цэнтры Галяктыкі знаходзіцца невялікая вобласьць зь незвычайнымі ўласьцівасьцямі, дзе, па ўсёй бачнасьці, разьмяшчаецца звышмасіўная чорная дыра.
Цэнтар ядра галяктыкі праецыюецца на сузор’е Стральца (α = 265°, δ = −29°). Адлегласьць ад цэнтру Галяктыкі 8,5 кіляпарсэк (2,62 • 1022 см, або 27 700 сьветлавых гадоў).
Млечны Шлях як нябесны аб’ект
рэдагавацьМлечны Шлях бачны на небе ў якасьці слабой дыфузнай паласы, якая праходзіць прыблізна па вялікім крузе нябеснай сфэры. У паўночным паўшар’і Млечны Шлях перасякае сузор’і Арла, Стралы, Лісічкі, Лебедзя, Цэфэя, Касіяпэі, Пэрсэя, Возьніка, Цяльца і Блізьнятаў; у паўднёвым — Адзінарога, Кармы, Ветразяў, Паўднёвага Крыжа, Цыркуля, Паўднёвага Трыкутніка, Скарпіёна і Стральца. У Стральцу знаходзіцца галяктычны цэнтар.
Гісторыя адкрыцьця Галяктыкі
рэдагавацьБольшасьць нябесных цел аб’ядноўваюцца ў розныя сыстэмы, якія верцяцца. Так, Месяц круціцца вакол Зямлі, спадарожнікі плянэты-гіганты утвараюць свае дастаткова складаныя сыстэмы. На больш высокім узроўні, Зямля і астатнія плянэты круцяцца вакол Сонца. Узьнікае пытаньне, ці не ўваходзіць і Сонца ў нейкую сыстэму яшчэ большага памеру?
Першае сыстэматычнае дасьледаваньне гэтага пытаньня выканаў у 18 ст. ангельскі астраном Ўільям Гершэль. Ён падлічваў колькасьць зорак у розных абласьцях неба і выявіў, што на небе прысутнічае вялікі круг, які пасьля быў названы галяктычным экватарам, які дзеліць неба на дзьве роўныя часткі і на якім колькасьць зорак апыняецца найбольшай. Акрамя таго, зорак тым больш, чым бліжэй участак неба разьмешчаны да гэтага круга. І менавіта на гэтым крузе разьмяшчаецца млечны шлях. Дзякуючы гэтаму Гершэль здагадаўся, што ўсё намі зоркі, якія мы бачым, ўтвараюць гіганцкую зорную сыстэму, якая сканцэнтраваная ў галяктычным экватары.
І усё ж, існаваньне Галяктыкі заставалася пад пытаньнем, пакуль не былі выяўленыя аб’екты, якія выходзяць за межы нашай зорнай сыстэмы, у прыватнасьці, іншыя галяктыкі.
Эвалюцыя ды будучыня Галяктыкі
рэдагавацьГісторыя ўзьнікненьня галяктык пакуль што высьветленая недастаткова. Першапачаткова, Млечны Шлях меў нашмат больш міжзоркавага рэчыва (у асноўным у выглядзе вадароду і гелію) чым зараз, якое было выдаткавана, і працягвае ісьці на стварэньне зорак.
Няма падстаў лічыць, што гэтая тэндэнцыя зьменіцца так, што праз мільярды гадоў варта чакаць наступнага згасаньня натуральнага зоркаўтварэньня. Зараз зоркі ўтворацца ў асноўным у рукавах.
Магчымыя таксама сутыкненьні[1] Млечнага Шляху зь іншымі галяктыкамі, у тым ліку з такой буйнай як галяктыка Андрамэды, аднак пэўныя прадказаньні пакуль немагчымыя з прычыны няведаньня папярочнай хуткасьці пазагаляктычных аб’ектаў.
У любым выпадку, ніякая навуковая мадэль эвалюцыі Галяктыкі ня зможа апісаць разнастайныя наступствы разьвіцьця разумнага жыцьця, і таму лёс Галяктыкі не ўяўляецца добрым прыкладам.