Прывілей Вітаўта жыдам 1388 году
Прывіле́й Ві́таўта жыда́м 1388 го́ду — першы юрыдычны акт, якім устанаўліваўся прававы статус жыдоў у ВКЛ, якія пачалі актыўна засяляць гарады заходняй часткі дзяржавы ў другой палове 14 стагодзьдзя.
Выдадзены Вітаўтам 24 чэрвеня 1388 году жыдоўскай грамадзе (кагалу) Бярэсьця як найбольш шматлікай, эканамічна разьвітай і арганізаванай жыдоўскай грамадзе ў княстве, якая на працягу некалькіх стагодзьдзяў каардынавала агульнажыдоўскае эканамічнае, грамадзкае і рэлігійнае жыцьцё ў дзяржаве; фактычна прывілей распаўсюджваўся на ўсё жыдоўскае насельніцтва ВКЛ.
У канцы XV ст. вялікі князь Аляксандар, ідучы насустрач магнатэрыі, якая бачыла ў жыдох канкурэнтаў у наданьні вялікакняскаму скарбу пазык, пастанавіў выгнаць габрэяў з ВКЛ уключна з канфіскацыяй іх маёмасьці і скасаваньні дадзеных імі пазык. Неўзабаве цяжкое становішча вялікакняскага скарбу падштурхнула Аляксандра да дазволу габрэям вярнуцца, хоць яны не атрымалі канфіскаваную маёмасьць.
Пазьней неаднойчы пацьвярджаўся і ўдакладняўся, на яго ўзор выдаваліся прывілеі жыдам іншых гарадоў (Трокаў, Горадні, Луцку і г. д.); у 1507 годзе пацьверджаны вялікім князем Жыгімонтам I Старым у якасьці агульнадзяржаўнага акту Вялікага Княства Літоўскага. Паводле гэтага дакумэнту жыды былі асабіста недатыкальнымі, жыдоўскія грамады былі юрыдычна аўтаномнымі, замацоўваліся прынцыпы іх тэрытарыяльнай арганізацыі і ўзаемадзеяньня зь інстытутамі дзяржаўнай улады. У асноўным паўтараў нормы жыдоўскага права краінаў Цэнтральнай Эўропы 12—14 стагодзьдзяў.
Арыгінал (па-лацінску) не захаваўся, вядомыя 8 сьпісаў 15—17 стагодзьдзяў на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах, у тым ліку гэтак званы Берасьцейскі сьпіс 17 стагодзьдзя, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Менску.
Літаратура
рэдагаваць- Алесь Белы. Прывілей Вітаўта яўрэям 1388 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)