Плошча Славы (Магілёў)

Пляц
Плошча Славы
Плошча Славы ў Магілёве
Плошча Славы ў Магілёве
Краіна Беларусь
Места Магілёў
Каардынаты 53°53′39″ пн. ш. 30°19′54″ у. д. / 53.89417° пн. ш. 30.33167° у. д. / 53.89417; 30.33167Каардынаты: 53°53′39″ пн. ш. 30°19′54″ у. д. / 53.89417° пн. ш. 30.33167° у. д. / 53.89417; 30.33167
Плошча Славы на мапе Беларусі
Плошча Славы
Плошча Славы
Плошча Славы
Плошча Славы на Вікісховішчы

Плошча Славы — адзін з галоўных пляцаў Магілёва, ягоны гістарычны грамадзка-адміністрацыйны цэнтар. Уяўляе сабой горадабудаўнічы ансамбль XVIII — канца XIX стагодзьдзяў.

Пляц разьмешчаны на высокім правым беразе Дняпра. Ад пляцу адыходзіць вуліца Першамайская (былая вул. Шклоўская, Дняпроўскі праспэкт), якая зьвязвае цэнтар гораду з Прывакзальным пляцам.

Былыя назвы

рэдагаваць

Гістарычная назва плошчы Славы — Гандлёвы пляц. У XIX стагодзьдзі стала называцца Губэрнатарскай плошчай, у савецкі час — Савецкай плошчай[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Пляц гэты сфармаваўся да 1526 году паміж замкам і гандлёва-рамесным Нагорскім пасадам як Гандлёвы пляц. З другой паловы XVII ст., калі ў цэнтры яго была пабудавана мураваная ратуша, стаў асноўным адміністрацыйным і грамадзкім цэнтрам гораду.

У 1604 годзе Гандлёвы пляц займаў тэрыторыю больш за 2 га. На ім разьмяшчаліся 26 радоў крамаў. Ад пляцу ішлі дзьве галоўныя вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская вуліца) і Ветраная (цяпер Ленінская вуліца), якія разам зь іншымі вуліцамі і дарогамі на Вільню, Быхаў і Амсьціслаў фармавалі радыяльную сыстэму пляніроўкі гораду.

У 1578 годзе, праз год пасьля атрыманьня горадам магдэбурскага права, у Магілёве пачалося ўзьвядзеньне гарадзкой ратушы.

 
Губэрнатарская плошча на малюнку М. Львова, XVIII ст.

Пасьля далучэньня ў 1772 годзе Магілёва да Расеі Гандлёвы пляц атрымаў назву Губэрнатарскай плошчы. Новае яе аблічча распрацоўвалі вядомыя расейскія архітэктары М. А. Львоў і В. П. Стасаў. На плошчы сфармаваўся новы мураваны ансамбль грамадзкіх будынкаў: ва ўсходняй частцы быў узьведзены дом губэрнатара і будынак губэрнскага праўленьня, аб’яднаныя манумэнтальнай брамай, у заходняй — дом віцэ-губэрнатара і двух саветнікаў, будынак ніжняга суду, лекарскай управы і архіву (з 1883 г. будынак акруговага суду). У паўднёвай частцы на месцы старажытнага замку быў разьбіты гарадзкі сквэр (сфармаваўся ў канцы XIX ст.). У 2-й палове XIX ст. на прылеглых вуліцах, Дняпроўскім прасьпекце і вул. Ветранай, пабудаваны два мураваныя трохпавярховыя жылыя дамы, якія тарцовымі фасадамі выходзілі на плошчу.

 
Губэрнскае праўленьне і Дом губэрнатару

Частка пляцу, якая непасрэдна прымыкала да замку, заставалася незабудаванай (у 1928 — 1932 гадох на месцы замку створаны гарадзкі парк). У другой палове XIX стагодзьдзя побач з ратушай быў пабудаваны будынак гарадзкой управы.

 
Пляц у 1916 г.

Другі губэрнскі зьезд саветаў, які праходзіў у будынку гарадзкой управы, 15 сьнежня 1917 году абвясьціў савецкую ўладу ў Магілёўскай губэрні. У 1919 годзе пляц ў гонар гэтай падзеі атрымаў назву Савецкай плошчы[2].

У гады Вялікай Айчыннай вайны ансамбль пляцу быў разбураны.

Паводле першага пасьляваеннага праекту рэканструкцыі пляцу 1956 г. (інстытут «Белдзяржпраект») ён ўключаны ў зону адпачынку, на пляцы спынены транспартны рух. У 1952—1955 гг. у паўночна-ўсходняй частцы пабудаваныя пяціпавярховыя мураваныя жылыя дамы. У ліпені 1957 была ўзарвана ратуша. У 1982 г. у цэнтры пляцу ўзьведзены мэмарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу» (вядомы ў народзе як «Бягучая ад Лаўсану»[3]).

У 2007 годзе ў Магілёўскім гарадзкім савеце абмяркоўвалася пытаньне аб пераназваньні Савецкай плошчы ў плошчу Свабоды, аднак гэтая прапанова не знайшла падтрымкі дэпутатаў[4].

3 ліпеня 2014 году, падчас сьвяткаваньня 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, пераназвана ў Плошчу Славы[5].

Архітэктура

рэдагаваць
 
Будынак гарадзкой управы і ратуша

Сучаснае аблічча пляцу склалася напачатку 80-х гадоў XX стагодзьдзя. Цэнтрам ансамблю пляцу зьяўляецца мэмарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу».

З поўдня і захаду да пляцу прылягае Замкавы сквэр (былы Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага). З паўночнага ўсходу на пляцы разьмешчаны 5-павярховыя жылыя дамы.

 
Будынак акруговага суду, у якім разьмешчаны Магілёўскі абласны краязнаўчы музэй

Захаваліся помнікі архітэктуры XVIII — 2-й паловы XIX стагодзьдзя — будынак былога акруговага суду, дзе цяпер знаходзіцца Магілёўскі абласны краязнаўчы музэй і будынак былой гарадзкой управы.

На паўночным баку пляцу ўзвышаецца адноўленая ў 2008 годзе гарадзкая ратуша.

  1. ^ Могилёв: Энцикл. справ./Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И.П.Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С.382
  2. ^ Магілёў. Савецкая плошча
  3. ^ М. С. Барысенка. Магілёўшчына — мой любы і невядомы край. — Магілёў, 2003. — С.25
  4. ^ Свободные новости. МОГИЛЕВ ГУБЕРНСКИЙ, ИЛИ ПРОГУЛКА ПО СТАРОМУ ГОРОДУ
  5. ^ Могилев: торжества на площади Славы

Літаратура

рэдагаваць
  • Могилёв: Энцикл. справ. / Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 472 с., ил.