Плешчаніцкае ўзвышша
Плешчані́цкае ўзвы́шша — частка Менскага ўзвышша. Разьмешчана на поўначы Менскай вобласьці і на поўдні Віцебскай вобласьці.
Абмежавана Нарачана-Вілейскай і Верхнебярэзінскай нізінамі на захадзе і ўсходзе, скразнымі далінамі рэк Вілія — Поня на поўначы і Ілія — Гайна на поўдні. Частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў.
Геалёгія
рэдагавацьУ тэктанічных адносінах прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. На фундамэнце залягаюць адклады сярэдняга дэвону, перакрытыя антрапагэнавай тоўшчай. Сярэдняя магутнасьць антрапагенавых адкладаў 110—120 м. Прадстаўлены ледавіковымі, водналедавіковымі і міжледавіковымі (алювіяльнымі, азёрнымі, балотнымі, схілавымі) утварэньнямі. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф.
Сучасны градава-ўзгорысты і ўзгорыста-ўвалісты рэльеф сфарміраваўся ў выніку ледавіковай акумуляцыі ў час сожаскага зледзяненьня і пазьнейшай эразійна-дэнудацыйнай перапрацоўкі ў позьнім атрапагене і галяцэне.
Рэльеф
рэдагавацьНайвышэйшы пункт Плешчаніцкага ўзвышша разьмешчаны ў паўднёвай частцы, у Менскай вобласьці, Лагойскім раёне. Знаходзіцца за 3,4 км на паўночны паўночны захад ад в. Алешнікі, за 4,2 км на паўночны захад ад в. Юркавічы, за 5,2 км на паўночны ўсход ад в. Слагавішча, за 3,6 км на поўдзень ад мэмарыяльнага комплексу Хатынь. Гара 315,4 м моцна ўзвышаецца над навакольнай мясцовасьцю, на вяршыні захаваліся рэшткі драўлянага трыянгулятара, ёсьць геадэзічная адзнака вышыні.
Вылучаюцца 3 паласы град. Зьнешнія грады насыпныя, спадзістыя; унутраныя і цэнтральныя з лускавата-насоўнымі і складкавымі гляцыядыслякацыямі. Трапляюцца озы і камы. На поўдні, на прыўзьнятых участках, рэльеф буйнаўзгорысты.
Узвышша праразаюць старажытныя лагчыны сьцёку, якія часткова насьледаваны сучаснымі рэкамі. На заходнім схіле — Дзьвінаса, Ілія (прытокі Віліі), на ўсходнім — Гайна і Цна (басэйн Бярэзіны). Даліны рэк неглыбокія, слабатэрасаваныя, месцамі забалочаныя. На р. Дзьвінаса створана Плешчаніцкае вадасховішча.
Глебы і расьліннасьць
рэдагавацьПераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, таксама пашыраны тарфяна-балотныя і поймавыя.
Пад лесам 50% тэрыторыі, на поўначы вялікія хваёвыя і ялова-хваёвыя масівы, цэнтральная частка пад яловымі зяленамошна-кіслічнымі лясамі з дамешкам шыракалістых парод, паўднёвая — з участкамі ялова-хваёвых брусьнічна-мохавых і чарнічных лясоў. У поймах рэк трапляюцца чорнаальховыя лясы.
Літаратура
рэдагаваць- М. А. Вальчык // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2001 Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. Плешчаніцкае ўзвышша.