Пладова-ягаднае віно

алькагольны напой, зроблены зь іншай ад вінаграда садавіны

Пладова-ягаднае віно — сьпіртовы напой, прыгатаваны шляхам зброджваньня сокаў як дзікарослых, так і культурных пладоў і ягад (журавіны, брусьніцы, чорнай парэчкі, маліны, яблыкаў, груш, сьліў і інш.) з даданьнем вады і цукру.

Пладова-ягаднае віно
  • Натуральнае. Выкарыстоўваецца сьпірт, назапашаны толькі ў выніку зброджваньня цукру ў соку і сусьле. Мацунак складае 9—14%. Выраб немацавага (сталовага) падвіду займае да аднаго году. Сухі, паўсухі і паўсалодкі падвіды вырабляюць за 64—129 содняў (звыш 2—4 месяцаў). Салодкі падвід мае мацунак да 16% і ўтрымлівае 10—15% цукру[1].
  • Мацаванае. Мацунак складае 17—18%. Утрымлівае 7—9% цукру[1]. Палепшаны (марачны) падвід вырабляюць да 37—50 дзён з наброджваньнем сьпірту прынамсі на 10%. Выраб ардынарнага падвіду (у простанародзьдзі «чарніла») займае 12—15 дзён з натуральным наброджваньнем сьпірту да 5%[2].
  • Газаванае. Яблычны сыдар.
  • Мядовае.

Беларусь

рэдагаваць

У 2003—2004 гг. у Беларусі штогод выраблялі рэкордныя 270 млн літраў пладовага віна. На 1 студзеня 2005 г. 89 прадпрыемстваў Беларусі мелі дазвол на выраб звыш 290 млн літраў пладовага віна за год. У 2005 г. спажываньне пладовага віна ў пераліку на бязводны сьпірт перавысіла 4 літры на душу насельніцтва. Кансэрвавыя і малочныя заводы, піваварні і хлебапякарні пераходзілі на разьліў мацаванага пладовага віна (у простанародзьдзі «чарніла») у сувязі з найбольшай рэнтабэльнасьцю. Пладовы вінаматэрыял найчасьцей завозілі з Расеі і Ўкраіны ў сувязі зь пераважнай адсутнасьцю ўласнага перапрацоўчага абсталяваньня. Са студзеня 2006 г. урад Беларусі забараніў увоз пладовых вінаматэрыялаў з замежжа. За 2006—2010 гг. адбылося больш як 7-кратнае скарачэньне вырабу пладовага мацаванага ардынарнага віна («чарніла») са 192 млн літраў да 27 млн літраў за год. За 2004—2011 гг., за 8 гадоў: 1) агульны выпуск усіх пладовых вінаў зьнізіўся на 35% да 174 млн літраў за год; 2) спажываньне ўсіх пладовых вінаў у пераліку на бязводны сьпірт зьнізілася на 20% да 3,3 літра на душу насельніцтва. За 2011 г.: 1) акцызны падатак на пладовае мацаванае ардынарнае віно («чарніла») павялічылі ў 5,7 раза, на пладовае мацаванае марачнае (палепшанай якасьці) — 6-кратна; 2) цана пляшкі (0,7 літру) пладовага віна вырасла з 4000 беларускіх рублёў ($1,32) да 14 тыс. рублёў ($1,66 => +26%)[3]. У канцы студзеня 2012 г. вінакурні Беларусі спынілі выраб пладовага мацаванага ардынарнага віна («чарніла») ў сувязі са стратнасьцю. На люты 2012 г. засталося 49 вытворцаў пладовага віна агульнай магутнасьцю 253 млн літраў за год, зь іх 41 ведамаснае (дзяржаўнае) прадпрыемства: 22 камунальных, 8 прадпрыемстваў урадавага канцэрна «Белхарчпрам», 7 прадпрыемстваў Белкаапсаюза, 2 прадпрыемствы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь, па адным прадпрыемстве мелі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі[2].

На люты 2012 г. продаж пладовага віна ў абласьцях Беларусі: Берасьцейская — абмяжоўваўся ў 3 раёнах, забараняўся ў 2 (з 16); Віцебская — абмяжоўваўся ў 4 раёнах (з 21); Гарадзенская — забараняўся ў 10 раёнах (з 17); Гомельская — забараняўся ў 5 раёнах (з 21); Магілёўская — абмяжоўваўся па часе а 10—12 гадзіне і а 14—16 гадзіне; Менская — забараняўся ў 7 раёнах (з 22)[2].