Першая Каляда
Пе́ршая Каляда́ (Першая Куцьця, Каляда, Вялікая Куцьця, Посная Куцьця) — дахрысьціянскае сьвята, зьвязанае з пэрыядам зімовага сонцастаяньня. З усталяваньнем хрысьціянства было прымеркаванае да сьвята Раства Хрыстовага.
Паганская (тутэйшая) традыцыя | |
Значэньне | дзень паступова пачынаў павялічвацца |
---|---|
Дата | з 24 сьнежня (6 студзеня) на 25 сьнежня (7 студзеня) |
Сьвяткаваньне
рэдагавацьПершая вячэра (6—7 студзеня), што мела назву «Поснай» ці «Вялікай Куцьці» — гэта канец шасьцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак сьвяточных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасьля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе зьяўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысьціянскія ўяўленьні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на сьвяточны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасьля нараджэньня быў пакладзены на сена ў ясьлях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэньня ўрадлівасьці. Гаспадар запрашаў за сьвяточны стол Дзядоў, чыя прысутнасьць была гарантам жыцьцёвае стабільнасьці ўсяго роду. Сьвяточная вячэра складалася з 12 страваў. Перш чым пачаць вячэру, гаспадар браў гаршчок з куцьцёй і тройчы абыходзіў хату, затым стукаў у акно, а жонка з хаты пыталася: «Хто там стукае?» Гаспадар адказваў: «Сам Бог стукае зь цёплай, мокрай вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухой і багатай восеньню.» Жонка павінна была адказаць: «Просім дахаты.» На першую куцьцю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта Куцьця і сымбалізуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасьце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны. Дзеля павелічэньня прыплоду і ўдойнасьці рэшту куцьці давалі свойскай жывёле.
12 страваў
рэдагаваць12-ю поснымі стравамі на Каляды служаць: 1) куцьця, 2) узвар, 3) піражкі (ламанцы) і пампушкі (сьліжыкі), 4) марынаваныя грыбы, 5) посныя галубцы з грыбамі і бульбай, просам або рысам, 6) смажаная рыба з цыбуляй, 7) посны боршч з грыбнымі вушкамі, 8) вінэгрэт або іншая салата з бураком, агароднінай і духмяным алеем, 9) варэнікі з бульбай, капустай або іншым посным начыньнем, 10) марынаваная рыба або заліўное з рыбы, 11) тушаная капуста з грыбамі або фасоляй ці бліны з гарохам або фасоляй з грыбной падліўкай, 12) квашаная капуста і хатнія саленьні[1].
- Куцьця — да вечара ядуць толькі гэтую кашу. Гатуецца з замочанай у вадзе і зваранай пшаніцы (аўса або ячменю) з даданьнем мёду. У «багатую куцьцю» яшчэ дадаюць мак, гарэхі і сухафрукты. Збожжа абазначае вечнае жыцьцё і дастатак, а мак — урадлівасьць і багацьце, іншыя дадаткі — салодкае жыцьцё і райскае шчасьце, а ўся страва — яднаньне з Богам. Застаецца на стале ўвесь дзень. Пасьля Каляднай ночы ёй частуюць хатнюю жывёлу.
- Рыба — старажытны знак Хрыста. Таксама ўвасабляе жаночую сілу.
- Варэнікі і піражкі — абазначаюць маладзік, які дае жыцьцёвую сілу.
- Бліны — знак Сонца. Гатуюцца на бульбяным адвары або мінэральнай вадзе. У якасьці начыньня могуць яшчэ дадаваць варэньне, мёд і рыбу.
- Капуста — абазначае адзінства веры ў Хрыста[1].
Калядаваньне
рэдагавацьУвечары моладзь і дзеці апраналіся ў цыганоў, «казу» (апранаючы навыварат кажух, маску казы), ды вадзілі па хатах. Акрамя «казы» вадзілі «мядзьведзя», «кабылку». На Палесьсі хадзілі калядаваць са «зьвяздой» — зоркай на кіі. Зорку абцягвалі белай тканінай, у сярэдзіне гарэла зьнічка.
Пераапранутыя калядоўнікі спыняліся ля кожнага двара ў чаканьні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Сьпявалі песьні, скакалі пад скрыпачку і бубен. За гэта атрымлівалі пачастункі (сала, каўбасу), а таксама грошы. Гэта складвалася ў торбу, якая ад двара да двара рабілася цяжэйшаю.
Гл. таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Алена Шаўчэнка. Каляды: асноўныя правілы і традыцыі, стравы, якія павінны быць на калядным стале // Газэта «Зьвязда», 7 студзеня 2024 г. Праверана 20 студзеня 2023 г.
Літаратура
рэдагаваць- Карлюк, К. Як адзначала зімовыя святы эліта Рэчы Паспалітай // Наша гісторыя, №1, 2019, с.64-67. ISBN 2617-2305
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Каляды. Электронная энцыкляпэдыя slounik.org. Праверана 7 студзеня 2010 г.