Паэма бяз словаў

лялечны спэктакль

«Паэма бяз словаў» — лялечны спэктакль, пастаўлены рэжысэрам Алегам Жугждам у Гарадзенскім абласным тэатры лялек паводле паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане» да 120-годзьдзя з дня нараджэньня беларускага паэтычнага клясыка. Спэктакль з посьпехам паказваўся на міжнародных фэстывалях у Беларусі, Польшчы, Расеі і Ўкраіне.

«Паэма бяз словаў»
Сцэна са спэктаклю
Сцэна са спэктаклю
Жанрлялечны спэктакль
Паводлепаэмы Янкі Купалы
«Сон на кургане»
РэжысэрАлег Жугжда
Мастак-пастаноўнікЛарыса Мікіна-Прабадзяк
КампазытарПавал Кандрусевіч
КраінаБеларусь
Мовабеларуская
Год прэм’ерысакавік 2002
ПастаноўкіГарадзенскі абласны тэатар лялек
  …Пастаноўка сталася найбольш удалай і адметнай [з адначасовых пастаноўкаў паэмы «Сон на кургане» ў трох беларускіх тэатрах]… Гэта быў той рэдкі выпадак, калі спэктакль не проста рэпрэзэнтаваў Беларусь, але і распавядаў пра яе лёс, пра фарміраваньне спэцыфічнай беларускае мэнтальнасьці пад узьдзеяньнем вонкавых, неспрыяльных абставінаў (зрэшты, глядач, які ня ведаў нічога пра Беларусь, мог прачытаць гісторыю, паказаную гарадзенскімі лялечнікамі, як гісторыю ўнівэрсальную, агульначалавечую). Посьпеху спэктаклю ў гледачоў і прызнаньню айчынных і замежных крытыкаў спрыяла арыгінальная мастацкая форма спэктаклю: вельмі сучасная, амаль авангардная, і віртуёзнае спалучэньне ў пастаноўцы розных тыпаў лялечнага тэатру. Урэшце, паміж акторамі і гледачамі адсутнічаў моўны бар’ер, паколькі ў спэктаклі…сапраўды няма словаў (толькі ў фінале гучыць архіўны запіс голасу паэта). Некаторыя крытыкі і рэжысэры старэйшага пакаленьня задавалі, праўда, пытаньне: ці можна зьмяшчаць на афішы імя паэта, калі аніводнага радка ягонае паэмы са сцэны не гучыць? Але ў дадзеным выпадку адмаўленьне стваральнікаў спэктаклю ад дэклямацыі паэтычнага тэксту надзвычай апраўданае, канцэптуальнае: народ бяз мовы, паэма народнага паэта — бяз словаў…  

Сяргей Кавалёў[1]


  І вось рэжысэр Алег Жугжда стварае вельмі дзіўную рэч «Сон на кургане» паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы з падзагалоўкам «Паэма бяз словаў». Канешне, зноўку вельмі наватарскае сцэнічнае ўвасабленьне клясычнага твору. І, як вы напэўна ўжо здагадаліся, са сцэны аніводнага слова па-беларуску. Купала ў свае 120-я нарадзіны анямеў…  

— Юры Гумянюк[2]


  «Паэма бяз словаў»… уражвае новым, адметным прачытаньнем спадчыны народнага паэта, успрымаецца надзвычай актуальна, бо праблема барацьбы дабра са злом — вечная, бо занядбаньне народнага духу — гэта вялікая трагэдыя, што вядзе да нябыту.  

— Ала Петрушкевіч[3]


  Рознымі сцэнічнымі сродкамі ўдалося стваральнікам спэктаклю адлюстраваць трагічнае ўспрыняцьцё чалавекам, які застаецца Асобай, людзей, што перасталі быць носьбітамі духоўнага, што адкінулі прагу да высокага, што ператварыліся ў бяздумных марыянэтак д’ябальскай улады… Няпростую задачу паставілі перад сабой майстры сцэны — перадаць усё гэта бяз словаў. І вырашылі яе выдатна, знайшоўшы мноства цікавых сродкаў. Мастацтва пантамімы, колеравая палітра, ценявыя карціны, музычнае аздабленьне — усё гэта, па-майстэрску спалучанае, працуе на выразнае выяўленьне аўтарскае задумы. Злавесны вобраз Чорнага, які яскрава супрацьпастаўлены вобразу Сама, стварыла жанчына, акторка Ларыса Мікуліч, што нечакана выяўляецца ў выхадзе на паклон, калі здымаецца чорная маска. І гэты ўжо па-за сцэнічны жэст таксама ўражвае. Надзвычай выразная сцэна ўкрыжаваньня Сама бачыцца алюзіяй на ўкрыжаваньне Хрыста. Колеравая палітра, вытрыманая ў чырвона-чорна-белых тонах, спрыяе агульнае экспрэсіі.  

— Ала Петрушкевіч[4]

Узнагароды

рэдагаваць
  • 2002 — дыплём «За лепшы тэатральны экспэрымэнт», міжнародны фэстываль «Белая Вежа-2» (Берасьце)
  • 2003 — прэмія імя Ўшакова «За лепшую сцэнаграфію»
  • 2007 — дыплём «За лепшую рэжысуру» (Варшава, Польшча)[5].
  1. ^ Сяргей Кавалёў Рэцэпцыя творчасьці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сучасным беларускім тэатры / Сакрат Яновіч // Год беларускі 2011 : Штогоднік. — Крынкі: Villa Socrates, 2011. — Т. 12. — С. 157-167. — ISSN 1640-3320.
  2. ^ Юры Гумянюк. Закулісьсе правінцыйнага тэатра. 2. Саманадзейныя «таленавітыя» рэжысэры і «бяздарныя» беларускія пісьменьнікі // Czasopis : Часопіс. — 2003. — № 1. — ISSN 1230-1876.
  3. ^ Ала Петрушкевіч Пад Купалавай зоркай // Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагодзьдзя / Ігар Жук. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, 2010. — С. 30-31. — 155 с. — 90 ас. — ISBN 978-985-515-291-1
  4. ^ Ала Петрушкевіч Янка Купала і Гародня // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні / Уладзімер Каяла. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, 2010. — С. 124-132. — 415 с. — 100 ас. — ISBN 978-985-515-362-8
  5. ^ Піцерцы ў захапленьні ад пастаноўкі А. Жугжды. Газэта «Пэрспэктыва» (16 красавіка 2012). Праверана 1 лістапада 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць