Бітва пад Палонкай
Бітва пад Палонкай, Палонкаўская бітва (28 чэрвеня 1660) — адна зь пераломных бітваў Трынаццацігадовай вайны (1654—1667). Адбылася каля мястэчка Палонка на Наваградчыне. Скончылася перамогай аб’яднаных сілаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над войскам Маскоўскай дзяржавы. З гэтае бітвы пачалося вызваленьне Беларусі ад маскоўскіх захопнікаў.
Бітва пад Палонкай | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Рэч Паспалітая | Маскоўская дзяржава | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Павал Ян Сапега Стэфан Чарнецкі Самуэль Кміціч Аляксандар Палубінскі | Іван Хаванскі | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
8 тыс. літоўскіх і 4 тыс. польскіх ваяроў[1] | болей 20 тыс.[2] | ||||||||
Страты | |||||||||
300 забітымі | 2[1]—3,5[3] тыс. забітымі, 700 палонных | ||||||||
Палонкаўская бітва — першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызваленьня земляў Вялікага Княства Літоўскага па Дняпро на ўсходзе і Дзьвіну на поўначы.
Перадумовы
рэдагавацьПа паразе абаронцаў Вялікага Княства Літоўскага ў бітве пад Шапялевічамі (1654) войска Маскоўскай дзяржавы, не сустракаючы супраціву, на працягу 1654—1655 заняло амаль усе землі дзяржавы. Захопнікі ўзялі нават сталіцу Вільню. Далейшы наступ спыніла ў 1655 годзе войска Швэцыі, якая склала Кейданскую унію з часткай шляхты ВКЛ (пераважна Радзівіламі, а таксама ўраднікамі паўночнага захаду краіны) і распачала вайну з Польшчай. 3 лістапада 1656 у Нямежы пад Вільняю Рэчы Паспалітая склала замірэньне з Маскоўскай дзяржавай. За царом прызнаваўся тытул вялікага князя літоўскага, а польская шляхта пагаджалася зь ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі ды забавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Маскоўскае войска распачала вайну са швэдамі.
У 1658 годзе, аднак, казакі перайшлі на бок Рэчы Паспалітай. Вайна паміж РП і Масквою аднавілася, аднак польска-літоўскае войска атрымала шэраг паразаў. Да таго ж цар напрыканцы 1658 году падпісаў замірэньне са Швэцыяй і накіраваў войскі на землі Рэчы Паспалітай, якая працягвала зь ёй ваяваць.
Напрыканцы 1659 РП распачала новыя перамовы з царом. Кароль спрабаваў адцягнуць час, каб таксама пасьпець замірыцца са швэдамі. Гэта разумелі і расейцы, якія ў часе перамоваў распачалі з Полацку новы наступ на ВКЛ. На чале маскоўскага войска быў князь Іван Хаванскі.
Празь Вільню, узяўшы Горадню, захапіўшы Падляшша і выразаўшы абаронцаў Берасьця, Хаванскі зьбіраўся рушыць на Варшаву. Але аб’яднаньне харугваў ВКЛ на чале з гетманам вялікім Паўлам Янам Сапегам і войскаў Кароны на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім прымусілі захопнікаў у лютым 1660 адыйсьці да Наваградку. Маскоўскае войска распачало амаль паўгадавую аблогу Ляхавіцкага замку.
3ь Берасьця праз Слонім сілы Рэчы Паспалітай рушылі на дапамогу абаронцам Ляхавічаў. Па атрыманьні адпаведных зьвестак Хаванскі з большай часткай свайго войска (8 тыс. чал.) выступіў ім насустрач.
Пачатак
рэдагавацьВойскі сустрэліся пад Палонкай. Хаванскі з коньніцай стаў на правым флянгу, на левым — князь В. Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога шыхту войска Рэчы Паспалітай разьмясьцілася дывізія С. Чарнецкага (4 тыс. чал.), а на флянгах — харугвы П. Я. Сапегі, А. Г. Палубінскага і С. Кміціча (6 тыс. чал.).
Ход бітвы
рэдагавацьГусары Рэчы Паспалітай распачалі імклівую атаку, у выніку якой зьмялі, пасеклі і патапілі маскоўскую пяхоту. Непрыяцель, што стаяў перад пераправай, змог зрабіць толькі адзіны залп.
Пасьпяховай была атака гусараў і панцырных, якія прымусілі маскоўскую коньніцу ўцякаць. Па гэтым абаронцы Рэчы Паспалітай нанесьлі супольны ўдар па астатняй пяхоце захопнікаў.
Вынікі
рэдагавацьБітва скончылася поўным разгромам войскаў Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коньнікаў. Мноства ратнікаў, у тым ліку Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да Ляхавічаў, зьняў аблогу замку і пачаў імклівы адыход на Полацак. Абаронцы Рэчы Паспалітай здабылі вялізныя трафэі, мноства гарматаў, харчу.
Бітва засьведчыла пераход да Рэчы Паспалітай стратэгічнай ініцыятывы ў вайне[1].
Памяць
рэдагаваць2 лістапада 1994 на месцы бітвы каля ўскрайку дарогі ля вёскі Палонка быў урачыста ўсталяваны памятны камень. Праваслаўны і каталіцкі сьвятары асьвяцілі гэты памятны знак. Празь нейкі час памятны знак зруйнавалі невядомыя[4].
У 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады ТБМ аднавілі драўляную шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Аднак яна прастаяла нядоўга і таксама была зьнішчаная невядомымі.
На 350-я ўгодкі 28 чэрвеня 2010 на месцы бітвы быў зладжаны невялікі фэст з удзелам прадстаўнікоў рыцарскага клюбаў[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Бітва пад Палонкай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 392.
- ^ Арлоў У., Герасімовіч З. КРАІНА БЕЛАРУСЬ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ. ІЛЮСТРАВАНАЯ ГІСТОРЫЯ. — Martin, Slovakia, 2012.— 320 с, іл.
- ^ Kurbatow O. A. Połonka 1660 — spojrzrnie z Moskwy // Mowią wieki. Magazyn historiczny. № 10/00 (490). 2000. S. 27—36.
- ^ Віктар Сырыца. Сталінград XVII стагоддзя // «Наша Ніва», 26 чэрвеня 2010.
- ^ Віктар Сырыца. Адсвяткавалі ўгодкі Палонкаўскай бітвы // Intex-Press, 30 чэрвеня 2010.
Літаратура
рэдагаваць- Кшыштаф Касажэцкі. Бітва пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 г. // «Беларускі гістарычны агляд». Т. 11. Сш. 1—2. 2004.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск: Навука і тэхніка, 1995. — 144 с. ISBN 5-343-01637-5.
- Чарняўскі М. Дзесяць бітваў. — Вільня: «Наша Будучыня», 2004. — 64 с.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0