Палац Гюнтэраў
Славутасьць | |
Палац Гюнтэраў
| |
Краіна | |
Месцазнаходжаньне | Дабраўляны |
Заснавальнік | Адам Гюнтэр[d] і Аляксандра з Тызенгаўзаў[d] |
Палац Гюнтэраў на Вікісховішчы |
Пала́ц у Дабраўля́нах быў пабудаваны ў XVIII ст. пры Сангушках. У 1823—1830 гадах быў значна пашыраны Адамам Гюнтэрам. Захавалася літаграфія Казімера Бахматовіча 1835 году з выявай палацу, а таксама нямецкая паштоўка 1917 году, на якой відаць палац напярэдадні пажару. У палацы пры Гюнтэрах была вялікая бібліятэка.
Гісторыя
рэдагавацьУ 1824 г. граф Адам Гюнтэр і яго жонка Аляксандра Канстанцыя Гюнтэр з Тызэнгаўзаў (пам. у 1843) заклалі нарожны камень пад новы палац у Дабраўлянах. Дзякуючы іхнім намаганьням сядзіба Гюнтэраў ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтар для мясцовага дваранства. Правінцыйнае жыцьцё ў Дабраўлянах першай паловы ХІХ стагодзьдзя добра апісанае ў мэмуарах іх малодшай дачкі — Альбіны Габрыелы Пузыны (1815, Вільня — 16.08.1869, Гарадзілава). Падчас паўстаньня 1831 году граф Адам Гюнтэр увайшоў у склад паўстанцкага Часовага ўраду Сьвянцянскага павету, за што пазьней паўстаў перад судом[1].
У 1851 годзе Адам Гюнтэр падзяліў сваю маёмасьць паміж трыма дочкамі: Матыльдай Бучынскай, Ідай Мастоўскай і Габрыэляй Пузынай. У грашовым эквіваленце на долю кожнай зь сясьцёр прыпадала па 116 992 рублі срэбрам і 33 1/3 капеек. Тады Матыльда ўзяла сабе Дабраўляны і фальварак Надбрэзьзе з даплатай сёстрам па 21 326 рублёў срэбрам.
З сакавіка 1862 і да 22 лютага 1864 году ў Дабраўлянах хаваўся ад перасьледу царскай адміністрацыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У сакавіку 1862 году часовы ваенны губэрнатар Менскай губэрні генэрал-маёр Кушаль разаслаў цыркуляр, у якім было напісана: «Па атрыманых мною праўдзівых зьвестках высьвятляецца, што памешчыкам Марцінкевічам напісаны на народнай беларускай мове абуральны верш пад назвай „Гутарка старога дзеда“, што мае на мэце ўзбудзіць сялянаў заходніх губэрняў супраць урада, … і што г. Марцінкевіч стараецца распаўсюджваць свой твор… сярод простага народу». Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч знайшоў прытулак у Дабраўлянах у Матыльды Бучынскай. Пасьля таго, як маёнтак Дабраўляны быў сэквэстраваны, з 22 лютага 1864 году вымушаны быў пераехаць у найбліжэйшае мястэчка Сьвір, дзе пражываў паўгоду да самага свайго арышту[2].
У гады Першай сусьветнай вайны палац быў цалкам разбураны і згарэў неўзабаве пасьля вайны (1920) ў выніку падпалу супрацоўнікамі. Пазьней ён быў разбураны, парк таксама зьнік. На сёньняшні час засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы і рэштка парку.
Палац ў Дабраўлянах знайшоў сваё адлюстраваньне ў творы Ігната Ходзькі[3] «Пракляты», напісанага на падставе мясцовай легенды.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Драўніцкі Я. Антыцарскае паўстанне 1831 года на Віленшчыне // Нашы карані. Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. Паставы: Сумежжа. — №5, студзень-сакавік 2003 г. — С.14.
- ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. — Мн.,1998. — С. 110. — ISBN 985-11-0107-9
- ^ Один из рода Ходзько