Палацава-паркавы комплекс Чапскіх (Станькаў)

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. у Станькаве
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх
Альтанка сядзібы Чапскіх
Альтанка сядзібы Чапскіх
Краіна Беларусь
Вёска Станькаў
Каардынаты 53°38′06.35″ пн. ш. 27°13′11.44″ у. д. / 53.6350972° пн. ш. 27.2198444° у. д. / 53.6350972; 27.2198444Каардынаты: 53°38′06.35″ пн. ш. 27°13′11.44″ у. д. / 53.6350972° пн. ш. 27.2198444° у. д. / 53.6350972; 27.2198444
Архітэктурны стыль рамантызм
Дата заснаваньня XIX ст.
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх на Вікісховішчы

Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Ча́пскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. у Станькаве. Знаходзіцца на раўнінным рэльефе з схілам у бок ставу, які абмяжоўвае яго з поўдня. З захаду мяжа праходзіць галоўнай вуліцай колішняга мястэчка. Твор рамантычнай архітэктуры.

Комплекс складаўся з палаца, флігеля, павільёну (скарбчыка), двух жылых дамоў, гаспадарчых пабудоваў, альтанкі, брамы і парку.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Палац. Н. Орда, 1864—1876 гг.

Сядзіба ў Станькаве знаходзілася ў валоданьні Чапскіх і сфармавалася ў XIX ст. У 1870-я гады Эмэрык Чапскі заклаў парк пры сядзібе, у 1880 годзе збудаваў мураваны палац з флігелем і скарбчыкам — адмысловым павільёнам, прызначаным да захоўваньня калекцыяў уладальніка сядзібы. Музэйныя калекцыі ўлучалі: нумізматычныя зборы, гістарычныя малюнкі, збор малярства і графікі, гравюры, старажытныя абразы, старую зброю, рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, археалягічныя і геалягічныя рэдкасьці ды іншае. У бібліятэцы было больш за 20 тысячаў тамоў, збор рукапісаў. Выдаваліся адмысловыя каталёгі з асобных калекцыяў. У 1894 годзе частку музэю вывезьлі ў Кракаў (цяпер знаходзіцца ў аддзеле імя Эмэрыка Гутэн-Чапскага Нацыянальнага музэю Польшчы). У 1880—1890-я гады пры ўезьдзе з усходу збудавалі браму з вартоўняй. Каля 1900 году пры сядзібе збудавалі жылы дом для абслугі.

Па 1918 годзе ў палацы сьпярша разьмясьцілі школу, потым дзіцячую калёнію. За часамі Другой сусьветнай вайны палац зруйнавалі, на яго месцы збудавалі школу-інтэрнат.

Архітэктура

рэдагаваць
 
Скарбчык. Н. Орда, 1864—1876 гг.

Палац — помнік рамантычнага стылю з выкарыстаньнем формаў сярэднявечнай архітэктуры. Гэта быў 1-павярховы П-падобны ў пляне будынак з 2-яруснай вежай. Другі ярус вежы меў чатыры бальконы, адкуль адкрывалася кругавая паркавая панарама. Падземнымі пераходамі-калідорамі палац злучаўся з флігелем (кухня), з паўночнага боку — з скарбчыкам.

Флігель — 1-павярховы прастакутны ў пляне будынак з 2-схільным дахам. Вуглы і цокаль руставаныя. Фасады рытмічна падзяляюцца лучковымі вокнамі, дэкаруюцца замковым каменем. Сьцены апярэзваюцца спрошчаным антаблемэнтам з сухарыкамі.

Скарбчык — 2-павярховы квадратны ў пляне павільён з чатырма кутнімі вежамі, які напамінае мініятурны сярэднявечны замак. Вежы маюць шатровыя завяршэньні і аздабляюцца аркатурнымі пасамі. Сьцены бакавых і тыльнага фасадаў маюць завяршэньні ў выглядзе шчытоў. Вокны прастакутныя на першым паверсе і стральчатыя на другім, аформленыя прафілявымі сандрыкамі.

 
Парк, да 1918 г.

Жылы дом — помнік архітэктуры нэаготыкі. Гэта 2-павярховы Г-падобны ў пляне, з кароткім 2-павярховым і падоўжаным 1-павярховым крыламі. Тарцовыя часткі 2-павярховага аб’ёму завяршаюцца ступеньчатымі шчытамі. Паверхі аддзяляюцца карнізным пасам, вуглы руставаныя, вокны першага паверху стральчатыя, другога — прастакутныя. Вылучаецца паўднёвы фасад 1-павярховага аб’ёму, у дэкоры якога выкарыстоўваюцца пілястры, прафіляваныя ліштвы, прастакутныя аконныя праёмы, сандрыкі. Плян калідорны.

Брама — 3-пралётная стральчатая арка з павышанай цэнтральнай часткай, завершанай ступеньчатым шчытом. Сьцены апрацоўваюцца роўнымі аркавымі нішамі.

Парк пэйзажнага тыпу з элемэнтамі рамантызму. Плошча каля 15 га. З трох бакоў атачаецца мурам, на поўдні — вялікі стаў. Кампазыцыя будуецца на трох шырокіх пэрспэктывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок ставу. У заходняй частцы парку стаяў палац. На паўднёвым усходзе ад палаца пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай зь дзьвюма выспамі. Праз масіў дрэваў праходзіць шырокая алея, якая па схіле вядзе да выспаў. На заходняй высьпе стаіць альтанка — 8-калённая ратонда. Замыкае пэрспэктыву Мікалаеўская царква.

На партэры перад палацам быў невялікі круглы фантан (захавалася яго чаша)[1].

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Алісейчык У., Анціпаў В. Станькаўскі сядзібна-паркавы ансамбль // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 458.

Літаратура

рэдагаваць
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  613Г000144