Падляскія мучанікі
Падляскія мучанікі, Пратулінскія мучанікі, 13 падляскіх мучанікаў — сяляне-ўніяты з некалькіх вёсак парафіі ў м. Пратулін Сядлецкае губэрні (цяпер Люблінскае ваяводзтва, Польшча), якія загінулі 14 (26) студзеня 1874 пры абароне сваёй уніяцкай царквы ад ператварэньня яе ў праваслаўную падчас ліквідацыі Берасьцейскай уніі на Падляшшы (у Царстве Польскім). Памяць у Каталіцкай Царкве — 23 студзеня.
Гісторыя
рэдагавацьПарах Пратулінскай уніяцкай парафіі Сьвятой Тройцы а. Ёсіф Курмановіч, які не прызнаваў незаконна прызначанага расейскім ўрадам бяз згоды Рымскага Архірэя адміністартара Холмскай япархіі і не жадаў разам з сваімі парафіянамі пераходзіць ў расейскае праваслаўе, у студзені 1874 году, напярэдадні трагічных падзеяў у Пратуліне, быў зьмешчаны з пасады за адмову служыць у сынадальным абрадзе паводле маскоўскага службоўніка і ўвязьнены ў турме. Больш за паўгады гэты мужны і адданы Каталіцкай Царкве ўніяцкі сьвятар, які меў на той час сем дзяцей, прасядзеў у вязьніцы ў Берасьці. Жонка сьвятара разам з дзецьмі выехала тады на Галічыну, туды ж пазьней змог выехаць і сам сьвятар.
11 (23) студзеня 1874 году каля 500 уніятаў з Пратулінскай парафіі, зачынілі сваю царкву на ключ і занялі абарону вакол царквы, каб не дапусьціць туды праваслаўнага сьвятара. 14 (26) студзеня 1874 да царквы былі накіраваныя 2 роты жаўнераў, якіх сяляне сустрэлі з крыжом, малітвамі і сьпевамі. Калі ж казакі прыкладамі і багнетамі праз людзкую сьцяну паспрабавалі ўвайсьці ў царкву, яны пачалі бараніцца каламі й камянямі. Тады праз нейкі час быў атрыманы загад ўжыць зброю супраць упартых уніятаў. Пачуўшы пра гэты загад і ўбачыўшы, што вайскоўцы за царкоўным мурам рыхтуюцца страляць па іх, вернікі не адмовіліся ад намеру аж да сьмерці бараніць сваю сьвятыню і сваю веру — яны ўкленчылі, узьнялі крыж, пачалі сьпяваць і маліцца. У выніку расстрэлу і штурму царквы 9 сялянаў былі забітыя ля сваёй сьвятыні, чатыры былі цяжка параненыя і пазьней памерлі, яшчэ 184 вернікі былі параненыя, мноства былі пакараныя і высланыя ў Сібір.
Праўладнага сьвятара-масквафіла, прызначанага замест а. Ёсіфа Курмановіча, якога парафіяне не пусьцілі ў свой храм, за што і пацярпелі, нават пасьля ліквідацыі Уніі вернікі так і не прызналі. Яны катэгарычна адмовіліся хадзіць у царкву, дзе адбыўся расстрэл і пралілася кроў іх братоў. У 1886 годзе праваслаўныя ўлады вырашылі зусім разабраць царкву Сьвятой Тройцы ў Пратуліне.
Аналягічныя сутыкненьні ўніятаў з войскамі адбыліся ў вёсках Дралёва (загінула 5 чалавек) і Палубічы. У 1875 у Парыжы ў іх гонар быў выбіты мэдаль з надпісам «Братом-русінам, замардаваным маскальскім царызмам, за вернасьць Царкве й Польшчы. 1874» з імёнамі 18 уніятаў, забітых у Пратуліне й Дралёве.
У 1938 распачаўся працэс бэатыфікацыі. 18 траўня 1990 была зробленая эксгумацыя, рэшткі забітых уніятаў перанесьлі ў парафіяльны рыма-каталіцкі касьцёл у Пратуліне. 6 кастрычніка 1996 году, у 400-ыя ўгодкі Берасьцейскай уніі, 13 падляскіх мучанікаў былі ўрачыста бэатыфікаваныя ў Рыме. Ад 1998 у Кастамлотах дзейнічае санктуарый Падляскіх мучанікаў.
Дата трагічных падзеяў у Пратуліне
рэдагавацьІснуе пэўная розьніца, якая датычыць даты трагічных падзеяў у Пратуліне. Паводле зьвестак, якія некалі падаў кс. Юзаф Прушкоўскі ў «Martyrologium czyli Męczeństwo Unii Ś-tej na Podlasiu», паўсюль пачалі лічыць 24 студзеня 1874 г. як дату сьмерці ўніятаў у Пратуліне і трагічных падзеяў, якія там адбываліся. Аднак, як высьвятліла польская дасьледчыца Ганна Дылянгова, якая рыхтавала гістарычную даведку для бэатыфікацыйнага працэсу 13 мучанікаў з Пратуліна, у пасьведчаньнях аб сьмерці ўсіх 13 уніяцкіх вернікаў гэтай парафіі адназначна прысутнічае дата 14 студзеня старога стылю, запісаная словамі, што робіць немагчымым памылку. Розьніца паміж календарамі тады складала 12 дзён, таму паводле новага стылю гэтыя трагічныя падзеі мелі месца 26 студзеня.[1] У сувязі з шматгадовай традыцыяй шанаваньня ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна ў Седлецкай рымска-каталіцкай дыяцэзіі 24 студзеня, ардынарый дыяцэзіі біскуп Ян Мазур прыняў рашэньне і надалей пакінуць гэтую дату днём іх літургічнага ўспаміну.
Мучанікі
рэдагаваць- Вікенці Леванюк, 25 гадоў, з Варобліна. Лічыўся пабожным і прывязаным да Царквы чалавекам. Першым загінуў падчас абароны сьвятыні.
- Даніла Кармаш (у пасьведчаньнi аб нараджэньні ён i ягоныя бацькi запiсаныя пад прозьвiшчам Кармашук), 48 гадоў, жанаты. Як кіраўнік брацтва падчас абароны царквы ўстаў на чале з крыжам, які да сёньня захоўваецца ў Пратуліне.
- Лукаш Бойка, 22 гады. Быў шляхетным чалавекам, карыстаўся павагай людзей. Падчас абароны біў у звон.
- Канстанцін Бойка (на палях акту аб нараджэньнi — Байчук), 49 гадоў, з Зачопкаў. Быў бедным селянінам і справядлівым чалавекам.
- Канстанцін Лукашук, 45 гадоў. Разам з жонкай выхоўваў 7 дзяцей. Шанавалі за пачцівасьць.
- Барталамей Асіпюк, 30 гадоў. Быў узорным бацькам і мужам, глыбока веруючым чалавекам. Найбольш часу ахоўваў храм. Быў сьмяротна паранены.
- Аніцэт Грыцюк (Мiкiта Грыцюк), 19 гадоў. За сваю нязвыклую пабожнасьць і ласкі параўноўваўся з Станіславам Косткам.
- Піліп Герылюк (у акце аб нараджэньнi — Кiрылюк), 44 гады, з Зачопкаў. Быў пабожным чалавекам. Заахвочваў іншых да абароны царквы.
- Ігнат Франчук, 50 гадоў, з Дэрлі. Найбольш вызначаўся верай. Пасьля сьмерці Данілы Кармаша ўзяў крыж.
- Анупрэй Васілюк (вядомы таксама як Тамашук), 21 год. Быў солтысам у Зачопках. Карыстаўся людзкой павагай.
- Максім Гаўрылюк, 34 гады, з Дэрлі. Памёр ад раны ў жывот.
- Ян Андраюк, 26 гадоў. Кантар у парафіі. Быў сьмяротна паранены.
- Міхал Ваўрышук, 21 год, з Дэрлі. Быў сьмяротна паранены. [2]
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Dylągowa Hanna. Męczennicy Podlascy. Positio historica. — Siedlce, 1994.
- Dylągowa Hanna. Dzieje Unii Brzeskiej (1596-1918). — Warszawa—Olsztyn, 1996.
- Pruszkowski Józef. Martyrologium czyli Męczeństwo Unii Ś-tej na Podlasiu. Cz. 1, 1864-1882. — Lublin: Konsorcium, 1921.
- Lewandowski Jan. Na pograniczu. Polityka władz państwowych wobiec unitów Podlasia i Chełmszczyzny 1772—1875. — Lublin, 1996.
- Сивіцький Петро. Блаженні Підляські мученики з Пратулина. — Львів, 1999.
- Сьвятлана Марозава // . — Мн.: .