Но́рбэрт Ра́ндаў (па-нямецку: Norbert Randow; 27 лістапада 1929[1], Нойштрэліц — 1 кастрычніка 2013) — нямецкі славіст, беларусазнавец, перакладчык і выдавец. Займаўся выданьнем літаратуры на баўгарскай, беларускай, расейскай і старацаркоўнаславянскай мовах; лічыўся першым экспэртам па баўгарскай і беларускай літаратуры ў Нямеччыне.

Норбэрт Рандаў
Norbert Randow
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 лістапада 1929
Нойштрэліц
Памёр 1 кастрычніка 2013 (83 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, славіст, беларусазнавец
Мова нямецкая
Узнагароды
крыж ордэна «За заслугі перад Фэдэратыўнай рэспублікай Нямеччыны»

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Да 1953 року вывучаў славістыку ў Ростаку і Бэрліне. У 1954 паступіў у асьпірантуру ў Сафіі, аднак не пасьпеў яе скончыць, паколькі праз год быў адкліканы амбасадай НДР з-за публікацыі сатырычнай рэцэнзіі на толькі што выдадзены нямецка-баўгарскі слоўнік. Працаваў асыстэнтам па баўгарскай літаратуры ў Бэрлінскім унівэрсытэце імя Гумбальта.

У 1962 падчас ператрусу ў ягонай хаце Штазі знайшла асобнік «Доктара Жывага» Барыса Пастарнака, што стала падставай для абвінавачаньня ў дзяржаўным паклёпе. Норбэрт Рандаў быў асуджаны да 3 гадоў зьняволеньня, і на гэтым акадэмічная кар’ера Рандаў скончылася. Да 1989 року ён заставаўся пад праслухоўваньнем Штазі і быў пазбаўлены сталай працы[2].

Па вызваленьні Рандаў займаўся ў асноўным перакладамі з баўгарскай, з 1978 року для дасьледаваньняў і перакладаў амаль штогод езьдзіў у Баўгарыю, гэтая дзейнасьць фінансавалася стыпэндыяй Баўгарскай Акадэміі навук. У 1967 пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая жыла ў Заходнім Бэрліне. Бачыліся яны рэдка, паколькі маглі сустракацца адзін з адным хіба ў Баўгарыі, аднак у сям’і нарадзіўся сын Клімэнт[2].

Пазнаёміўшыся са сваім шваграм Уладзімерам Чапегам (ягоная сястра Гундула выйшла замуж, пакуль Норбэрт сядзеў у турме), зацікавіўся беларускай літаратурай. Быў знаёмы між іншага з Васілём Быкавым, Уладзімерам Караткевічам, Янкам Брылём, Алесем Разанавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Арловым[3].

З 1993 року — запрошаны прафэсар Бэрлінскага ўнівэрсытэту. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, ганаровы сябра нямецка-баўгарскага таварыства за разьвіцьцё стасункаў між Баўгарыяй і Нямеччынай.

Дзейнасьць

рэдагаваць

У 2003 року ў фондах Верхнелужыцкай навуковай бібліятэцы ў Гёрліцы знайшоў раней невядомы асобнік праскага выданьня «Бібліі» Францыска Скарыны.

Пераклаў на нямецкую мову творы шэрагу беларускіх аўтараў, у тым ліку М. Багдановіча, В. Быкава, А. Гаруна, М. Гарэцкага, Я. Коласа, Я. Купалы і інш. Пераклад аповесьці М. Гарэцкага «Дзьве душы», над якім Рандаў працаваў шмат гадоў і называў «ключавым творам беларускай літаратуры»[3], выйшоў у 2014 року, па яго сьмерці[4].

Узнагароды

рэдагаваць
  1. ^ Мальдзіс А. Норберт Рандаў… С. 34.
  2. ^ а б Почина Норберт Рандов — «българинът от Северна Германия» (баўг.) Свят. Лира (1 кастрычніка 2013). Праверана 7 кастрычніка 2013 г.
  3. ^ а б Памёр вялікі перакладчык…
  4. ^ Buchveröffentlichung: "Zwei Seelen" von Maxim Harezki erscheint in deutscher Übersetzung (ням.) Праверана 23 мая 2016 г.
  5. ^ Агенция КРОСС. (12 чэрвеня 2010) Проф. Норберт Рандов стана доктор хонорис кауза на СУ (баўг.) Classa.bg Праверана 7 кастрычніка 2013 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Мальдзіс А. Норберт Рандаў // Кантакты і дыялогі. № 11-12, 1999. — С. 34.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць