Но́вая Бе́ліца — даўняе места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), былое прадмесьце Гомля, цяпер частка места — Навабеліцкі раён.

Панарама Новай Беліцы з боку Сажа, каля 1840 г.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Праект склада (XVIII ст.) для пабудовы ў Новай Беліцы і Рагачове

Заснаваньне паселішча адбылося згодна з указамі маскоўскай гаспадыні Кацярыны II ад 28 сакавіка і 7 ліпеня 1785 году ў зьвязку зь пераносам павятовага цэнтру зь Беліцы (цяпер вёска Старая Беліца) бліжэй да Гомля[1]. На супрацьлеглым беразе ракі Сажа Расейская імпэрыя выкупіла ў зямянаў Кільчэўскіх і Ўсьціновічаў мясцовасьць пад назвай Шчокат зь вёскай Сеўругай (140 рэвіскіх душаў, 4594 дзесяціны зямлі). 10 сакавіка 1791 году Сэнат даручыў магілёўскаму намесьніку П. Пасеку перасяліць 302 сяляніны зь вёсак Прыбыткаў і Дуянаўкі на пасад Новай Беліцы.

У 1786—1852 гадох Новая Беліца была цэнтрам Беліцкага павету. У 1828 годзе тут збудавалі Васільеўскую (пазьней згарэла), у 1842 годзе — Мікольскую (не захавалася) цэрквы. У сярэдзіне XIX ст. месьцічам перадалі царкву скасаванага ў 1850 годзе стараверскага Пахом’ева манастыра ўва ўрочышчы Чонцы, перабудаваную ў царкву Аляксандра Неўскага (не захавалася).

У 1854 годзе Новую Беліцу далучылі да Гомля як прадмесьце. На 1880 год тут было 1646 жыхароў, 305 будынкаў. Зьвязак з Гомлем ажыцьцяўлялася драўляным мостам праз Сож. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Новай Беліцы 2957 жыхароў, 405 двароў, дзеялі 2 царквы, 2 малітоўныя стараверскія дамы і 3 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі прыходзкая вучэльня (з жаночай зьменай), 2 чыгуначныя станцыі на лініі Лібава-Роменскай і Палескай чыгунак, крупадзёрка, вятрак, запалкавая фабрыка, канатны завод, пенькатрапальня, пякарня, 26 крамаў, 6 корчмаў. У пачатку XX ст. існавалі лесапільная фабрыка і лесапільна-бандарны завод. За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Новую Беліцу занялі войскі Нямецкай імпэрыі[2].

У 1940 годзе ўтварыўся Навабеліцкі раён места Гомля (у 1948 годзе скасаваны, у 1951 годзе адноўлены)[3].

  1. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 328.
  2. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  3. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 329.

Літаратура

рэдагаваць