Біялягічная клясыфікацыя

Біялягічная клясыфікацыя — навуковая дысцыпліна, у задачы якой уваходзіць распрацоўка прынцыпаў клясыфікацыі жывых арганізмаў і практычнае прыкладаньне гэтых прынцыпаў да пабудовы сыстэмы. Пад клясыфікацыяй тут разумеецца апісаньне й разьмяшчэньне ў сыстэме ўсіх існых і вымерлых арганізмаў.

Заснавальнік сучаснай сыстэмы біялягічнай клясыфікацыі й намэнклятуры жывых істотаў Карл Лінэй.

Асноўныя мэты клясыфікацыі:

  • найменьне (у тым ліку й апісаньне) таксонаў;
  • дыягностыка (вызначэньне, знаходжаньне месца ў сыстэме);
  • экстрапаляцыя, гэта азначае прадказаньне прыкметаў аб’екта, якое засноўваецца на тым, што ён адносіцца да таго ці іншага таксона.

Найстаражытная сыстэма біялягічнай клясыфікацыі была распрацаваная старажытнагрэцкім філёзафам Арыстотэлем, які клясыфікаваў жывёлаў, грунтуючыся на спосабе іхнага перамяшчэньня, як то зямлёй, вадой або паветрам, а расьліны паводле памераў, разьдзяліўшы іх на малыя, сярэднія й вялікія[1].

Сучасныя клясыфікацыі жывых арганізмаў пабудаваны па герархічным прынцыпе. Розныя ўзроўні герархіі (рангі) маюць уласныя назвы (ад вышэйшых да ніжэйшых): царства, тып, кляса, атрад, сямейства, род і, уласна, від[1]. Прынята, што любы пэўны арганізм павінен пасьлядоўна належыць да ўсіх сямі катэгорыяў. У складаных сыстэмах часта вылучаюць дадатковыя катэгорыі, напрыклад, выкарыстоўваючы для гэтага прыстаўкі над- і пад- (надклас, падтып і іншыя). Кожны таксон павінен мець вызначаны ранг, гэта значыць адносіцца да якой-небудзь таксанамічнай катэгорыі. Такі прынцып пабудовы сыстэмы атрымаў назву Лінэеўскай герархіі, у гонар шведзкага натураліста Карла Лінэя, працы якога былі пакладзены ў аснову традыцыі сучаснай навуковай клясыфікацыі[2].

У апошні час атрымала шырокае распаўсюджваньне гэтак званая малекулярная сыстэматыка, пабудаваная на аналізе генэтычнага матэрыялу (ДНК або РНК). Гэтая сыстэма клясыфікацыі выявіла шматлікія эвалюцыйныя сувязі паміж арганізмамі, якія да таго не былі вядомыя. Такім чынам, дзякуючы ўкараненьню малекулярнай сыстэматыкі, існуючая клясыфікацыя жывых істотаў ужо шмат у чым скарэктаваная й будзе карэктавацца ў будучыні. Адным з прыкладаў згуртаваньняў, якія выкарыстоўваюць такі падыход, зьяўляецца група APG — міжнародны калектыў батанікаў-сыстэматыкаў.

Вобласьць біялёгіі, якая займаецца клясыфікацыяй арганізмаў ёсьць сыстэматыка, а правілы клясыфікацыі й абазначэньні вызначае асобная дысцыпліна сыстэматыкі — таксаномія.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Біялягічная клясыфікацыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў