Міхась Ракевіч

удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля

Міха́сь Міха́йлавіч Раке́віч (19 лістапада 1927, Ваўчкі8 сакавіка 1992, Слонім) — удзельнік беларускага патрыятычнага падпольля ў 1946—1947 гг. у Заходняй Беларусі, заснавальнік арганізацыі «Чайка», кіраўнік берасьцейскай групы арганізацыі.[1]

Міхась Ракевіч
Дата нараджэньня 19 лістапада 1927(1927-11-19)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 8 сакавіка 1992(1992-03-08) (64 гады)
Месца сьмерці
Занятак грамадзкі дзяяч

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў в. Ваўчкі (Воўчкі) Азярніцкай гміны Наваградзкага ваяводзтва ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці). У дзяцінстве вялікі ўплыў на яго мелі аповеды бацькі пра Амэрыку, дзе той быў у заробках. Дзядзька Мікола быў студэнтам Варшаўскага ўнівэрсытэту. Міхась вучыўся ў Азярніцы і Слоніме. Да 1944 году скончыў тры курсы Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі. У 1945 годзе паступіў у Берасьцейскі чыгуначны тэхнікум.

На пачатку 1946 году далучыўся да стварэньня патрыятычнай сацыял-дэмакратычнай падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая плянавала змаганьне за нацыянальныя правы, годнасьць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасьць Беларусі. У тым жа годзе Міхась Ракевіч стварыў групу «Чайкі» пры Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме. Прымаў актыўны ўдзел у кіраўніцтве падпольным рухам і заснаваньні Цэнтру Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР), у якім быў намесьнікам кіраўніка Цэнтру па вайсковых пытаньнях.

У сярэдзіне 1947 году «Чайку» выкрылі савецкія спэцслужбы пасьля арыштаў сябраў Саюзу вызваленьня Беларусі, якія былі выдадзены ўладам Алесем Бажко. Пасьля гэтага пачаліся арышты ўдзельнікаў «Чайкі», бо некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь з СВБ у выніку кансьпірацыйнай памылкі. Перад самым арыштам Ракевіч быў студэнтам 4 курсу чыгуначнага тэхнікуму. Яго арыштавалі органы МДБ 7 ліпеня 1947 году і асудзілі 18 кастрычніка 1947 году вайсковым трыбуналам як сябра антысавецкай арганізацыі да 10 гадоў канцлягераў і 5 гадоў пазбаўленьня правоў з канфіскацыяй маёмасьці. Пакараньне адбываў ў турмах Баранавічаў і Воршы, канцлягерах №2 і №3 у Інце (Комі АССР), дзе працаваў на шахтах.

3 кастрычніка 1956 году справу пераглядаў Вярхоўны Суд БССР, пасьля чаго Міхась Ракевіч быў вызвалены са зьняцьцем судзімасьці паводле пастановы камісіі Суду. Пасьля вызваленьня застаўся працаваць на шахтах «Інтавугаль» на пасадзе памочніка начальніка вэнтыляцыі шахты. Там жа скончыў горны тэхнікум і ажаніўся. Рэабілітаваны ў 1975 годзе. Амаль 20 гадоў даглядаў прыкутую хваробай да ложка жонку. У 1988 годзе вярнуўся на радзіму ў Слонім. Паводле Ўладзімера Арлова, Міхась Ракевіч ніколі не наракаў на лёс, а сябрам казаў, што нават удзячны лёсу, бо адукаваных, разумных і сумленных людзей пабачыў у лягерах значна больш, чым на волі.

Памёр 8 сакавіка 1992 году ў Слоніме. Пахаваны на могілках в. Клепачы, Слонімскі раён. На ягонай магіле побач са сьціплым помнікам гарыць агеньчык шахцёрскай лямпы.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.