Міхась Дубянецкі
Міха́сь Дубяне́цкі (4 сакавіка 1927, в. Востраў, Пінскі павет, Палескае ваяводзтва — 3 верасьня 1990, Менск) — беларускі кнігавыдавец, перакладчык і публіцыст, адзін са стваральнікаў і дзейных сяброў «Мартыралёгу Беларусі» і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».
Міхась Дубянецкі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 красавіка 1927 |
Памёр | 3 верасьня 1990 (63 гады) |
Пахаваны | |
Дзеці | Галіна Дубянецкая і Ірына Дубянецкая |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, пісьменьнік |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дубянецкі.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. У свае няпоўныя сем гадоў Міхась стаў вучнем сямігадовай польскай школы ў роднай вёсцы, а ў 1938 быў накіраваны на вучобу ў адну з гімназіяў у Познані. У сувязі з пачаткам II сусьветнай вайны і далучэньнем Заходняй Беларусі да БССР Міхась быў вымушаны спыніць навучаньне і вярнуцца дамоў. У лістападзе 1940 органы НКУС арыштавалі ягонага бацьку, абвінаваціўшы ў агітацыі сярод аднавяскоўцаў супраць савецкай улады і выбараў у Саветы, ва ўдзеле ў польскім «контрарэвалюцыйным Саюзе рэзэрвістаў».
У 1944 Міхась скончыў кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Пінску і працаваў настаўнікам пачатковых клясаў у Лемяшэвіцкай няпоўнай сярэдняй школе. У 1945—1951 служыў у арміі. Пасьля дэмабілізацыі ў сьнежні 1951 уступіў у КПСС, а потым скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1956) і працаваў загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі Ганцавіцкага райкама КПБ. У 1958—1961 — намесьнік рэдактара ганцавіцкай раённай газэты «Сялянская праўда». Адначасова з працай у газэце завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС па спэцыяльнасьці журналістыка (1960).
З 1961 працаваў у Менску рэдактарам выдавецтва «Беларусь», загадчыкам рэдакцыі эканамічнай літаратуры і галоўным рэдактарам выдавецтва «Ўраджай». У 1968—1975 у якасьці інструктара сэктара друку ЦК КПБ актыўна садзейнічаў удасканаленьню і разьвіцьцю кнігавыдавецкай і энцыкляпэдычнай справы ў рэспубліцы, быў ініцыятарам стварэньня і выпуску шматтомных выданьняў беларускай нацыянальнай літаратуры і фальклёру. З 1975 працаваў адказным сакратаром — намесьнікам галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі, у 1979—1986 — дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Добра ведаючы чыноўніцкую кухню партыйных органаў, Галоўліта і Дзяржкамвыда БССР і «слабыя» месцы ў сыстэме цэнзуры, прыклаў шмат намаганьняў дзеля абароны твораў беларускіх пісьменьнікаў. Пасьля доўгага змаганьня з партыйна-чыноўніцкім самавольствам у 1982 яму ўдалося дабіцца завяршэньня выданьня чатырохтомнага збору твораў Васіля Быкава і ўключэньня ў яго забароненай ЦК КПСС аповесьці «Мёртвым не баліць».
З 1964 выступаў як перакладчык з расейскай, польскай і ўкраінскай моваў. У ягоным перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі В.Распуціна, С.Жаромскага, Г.Цюцюньніка, зборнік украінскіх апавяданьняў, «Блякадная кніга» Алеся Адамовіча і Данііла Граніна і інш.
Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1984 году. У 1986 па стане здароўя выйшаў на пэнсію, але браў самы актыўны ўдзел у грамадзкай дзейнасьці. Улетку 1988 па ініцыятыве гісторыка-мэмарыяльнай камісіі Беларускага Фонду Культуры, якую ён узначальваў, была створаная арганізацыйная група «Камітэт-58». Гэтая група падрыхтавала Ўстаноўчы сход «Мартыралёгу Беларусі», які выступіў з ідэяй стварэньня БНФ. 19.10.1988 старшынстваваў на Ўсебеларускім устаноўчым сходзе прадстаўнікоў грамадзкасьці, які прыняў рашэньне аб стварэньні «Мартыралёгу Беларусі», быў абраны ў склад яго грамадзкай рады. Увайшоў у склад выбранага на гэтым сходзе Аргкамітэту па стварэньні БНФ.
22 кастрычніка 1988 году па сваёй ініцыятыве «пранік» скрозь кардоны міліцыі ў Дом палітасьветы Менскага абкаму КПБ, дзе партыйная намэнклятура наладзіла своеасаблівы мітынг супраць арганізацыі БНФ, і спрабаваў растлумачыць мэты і дэмакратычны характар Фронту. Пасьля гэтага ў афіцыйнай беларускай прэсе яго шмат крытыкавалі як «самазванца», «нефармала» і г. д. Улады выказвалі незадавальненьне ягоным удзелам у падрыхтоўцы лістоў у ЦК КПСС супраць дзяржаўна-асымілятарскай палітыкі і практыкі, за неабходнасьць адраджэньня нацыянальных традыцыяў і духоўных дэмакратычных каштоўнасьцяў беларускага народа. Па партыйнай лініі Дубянецкаму вынесьлі вымову за «ідэйнае перараджэньне»; у гэтым жа годзе ён добраахвотна выйшаў з шэрагаў партыі.
На Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ, які адбыўся ў Вільні 24-25.06.1989, Міхась Дубянецкі быў абраны сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Прымаў удзел у падзеях, зьвязаных з адзначэньнем «Дзядоў» 30.11.1988, у арганізацыі мітынгаў і іншых палітычных акцыяў апазыцыі, у распрацоўцы праграмных і бягучых дакумэнтаў БНФ, выступаў на сэмінарах і канфэрэнцыях яго актыву, у пэрыядычным друку.
Творы
рэдагаваць- Злое вогнішча: Да гісторыі выдання аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» // Полымя. — 1999. — № 2. — С.161—191.
- «Трэба рызыкаваць…» // Полымя. — 2001. — № 10—12; 2002. — № 1—4 (дзённікі 1979—1984 гадоў).
- «Трэба рызыкаваць…»: Дзённікавыя запісы 1985—1988 гадоў. — Дзеяслоў. — 2008. — № 6 (37); 2009. — № 1—6 (38—43); 2010. — №.1—5 (44—48).
Пераклады
рэдагаваць- Сцежка без канца: апавяданні / Пер. з укр. — Мн.: Маст. літ., 1980. — 352 с.
- Распуцін В. Жыві і помні: аповесць / Пер. з рус. — Мн.: Маст. літ., 1982. — 235 с.
- Цюцюннік. Клімко: аповесць / Пер. з укр. — Мн.: Маст. літ., 1982.
- Гранін Д. Гэта дзіўнае жыццё: аповесці і апавяданні / Пер. з рус. — Мн.: Маст. літ., 1983. — 301 с.
- Адамовіч А., Гранін Д. Блакадная кніга / Пер. з рус. — Мн.: Маст. літ., 1985. — 524 с.
- Жаромскі С. Верная рака: аповесць, апавяданні, абразкі / Пер. з польск. — Мн.: Маст. літ., 1985. — 302 с.
Літаратура
рэдагаваць- Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Даведнік, slounik.org
- Быкаў В. З высакароднага саслоўя // Літаратура і Мастацтва. 07.03.1997;
- Дранько-Майсюк Л. Дубянецкі // Літаратура і Мастацтва 07.03.1997;
- Законнікаў С. Прадмова да нататак М.Дубянецкага "Злое вогнішча // Полымя. 1999, № 2. С. 160—161;
- Марціновіч А. «Мастацкая літаратура»: Набыткі, планы // Літаратура і Мастацтва. 20.02.1981;
- Праневіч Г. Дубянецкі Міхаіл // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. — Менск, 1993. С. 391—392;
- Саламевіч І. Дубянецкі Міхаіл Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 6. — Менск, 1998. С. 250;
- Хомчанка В. Гісторыя адной тэлеграмы // Літаратура і Мастацтва. 11.05.1990;
- Putrament М. U białoruskich pisarży // Przyjaźc. 1980. Nr. 34;
- Zinowiec М. «А to echo grało»: Korespondencja wiasna z Mińska // Przyjaźc. 1984. Nr. 16.