Міхал Цюндзяві́цкі (па-польску: Michał Ciundziewicki; 16 чэрвеня 1836 або 1839, Вільянова, Барысаўскі павет — 2 чэрвеня [ст. ст. 1863] 21 траўня, Менск) — жаўнер, які служыў ў расейскай арміі і падчас паўстаньня 1863—1864 гадоў быў пакараны сьмерцю за агітацыю.

Міхал Цюндзявіцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 чэрвеня 1836(1836-06-16)
Памёр 21 траўня (2 чэрвеня) 1863 (26 гадоў)
Род Цюндзявіцкія[d]
Бацькі Мэльхіёр Цюндзявіцкі[d]
Каміла з Багдановічаў[d]
Дзейнасьць афіцэр
Міхал Цюндзявіцкі

Біяграфія

рэдагаваць

З шляхецкай сям’і, сын Камілы Багдановіч і Мэльхіёра Цюндзявіцкага, палкоўніка расейскай арміі, маршалка Барысаўскага павету і ўладальніка маёнтку Вільянова ў Барысаўскім павеце. Падчас паўстаньня служыў у 3-й артылерыйскай батарэі 8-й лёгкай брыгады.

У чэрвені 1863 году царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра Міхала Цюндзявіцкага. Галоўнай віною 27-гадовага «асабліва небясьпечнага злачынцы» сталася пашырэньне першай нелегальнай беларускай газэты «Мужыцкая праўда», выдаванай Кастусём Каліноўскім. Сьледзтва высьветліла, што ў карчме барысаўскай вёскі Камень Цюндзявіцкі прачытаў адозву паўстанцкага правадыра тамтэйшым сялянам.

Гэта быў першы сьмяротны вырак, выкананы ў тым годзе ў Менску. Усе тры месяцы, пакуль разглядалася справа, менчукі спадзяваліся на вызваленьне арыштанта, дарэчы выхаванца Пецярбурскага кадэцкага корпусу. Аднак начальнік «Северо-Западного края» Міхаіл Мураўёў, неўзабаве празваны «вешальнікам», рабіў стаўку на максымальную жорсткасьць. Расстрэл, які адбыўся ў раёне вуліцы Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), меў паказальны характар і павінен быў запалохаць гарадзкое жыхарства.

Аднак спадзевы ня спраўдзіліся. Каля сьвежай магілы адразу ж пачаліся штовечаровыя маніфэстацыі. Людзі атулялі месца пахаваньня з трох бакоў, і толькі з чацьвертага нэрвова пераступалі з нагі на нагу расейскія вартавыя. Надыходзіў момант, калі людзі ўкленчвалі. Малітвы зьмяняліся песьнямі, а затым чыё-небудзь дзіця зьбірала букеты прынесеных кветак і аздабляла імі магілу.

Жандарскія агенты ўсіх прысутных перапісвалі. Удзел у мірных пратэстах служыў падставай для арышту, але маніфэстацыі не спыняліся, і ўлады мусілі перазахаваць цела расстралянага інсургента.

Вацлаў Студніцкі, які перакладаў дакумэнты судовай канцылярыі, пісаў:

Rozstrzelany (…) za nie w swoim czasie stawienie się na służbę z przedtem udzielonego mu urlopu, rozjeżdżanie po gub. Mińskiej i Wileńskiej z celem niewiadomym, namowę włościan do powstania i sfotografowanie się, siedzącym na krześle z wyobrażeniem korony a pod nią herbu połączenia Litwy i Polski.

У 1906 годзе іншы прадстаўнік роду Цюндзявіцкіх — Віктар — выдаў па-беларуску кніжку «Аб чым сёньня гамоняць у нас на Беларусі», увесь наклад якой быў сканфіскаваны.

Яшчэ праз сто гадоў прафэсар Адам Мальдзіс прапаноўваў усталяваць на месцы пакараньня сьмерцю Міхала Цюндзявіцкага мэмарыяльную дошку. Рэакцыя ўладаў была адмоўнай.

Літаратура

рэдагаваць
  • Rok 1863. Wyroki śmierci. Wydane pod redakcją Wacława Studnickiego nakładem i drukiem Ludwika Chomińskiego w Wilnie. Księgarnia Stow. Nauczycielstwa Polskiego. Tow. Wyd. "Ignis", Warszawa, сс. 55 і 107.
  • Marek J. Minakowski, Ci wielcy Polacy to nasza rodzina, wyd. 3, Dr Minakowski Publikacje Elektroniczne, Kraków 2008, ISBN 83-918058-5-9.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць