Мікола Прашковіч

беларускі літаратуразнаўца, крытык

Міко́ла (Мікала́й Іва́навіч) Прашко́віч (4 траўня 1932, вёска в. Гарадзішча, Бярэзінскі раён Менскай вобласьці — 2 лютага 1983, тамсама) — беларускі літаратуразнавец, крытык, перакладчык, удзельнік «„Акадэмічнага асяродку“».

Мікола Прашковіч
Дата нараджэньня 4 траўня 1932(1932-05-04)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 2 лютага 1983(1983-02-02) (50 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца, перакладнік, літаратурны крытык
Навуковая ступень кандыдат філялягічных навук[d]

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Скончыў Сялібскую СШ Бярэзінскага раёну (1952), беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту БДУ (1957).

Тры гады працаваў настаўнікам. У 1960 року паступіў у асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Спэцыялізаваўся па старажытнай беларускай літаратуры, затым працягваў вучобу ў Ленінградзе. Па сканчэньні ў 1963 року асьпірантуры працаваў малодшым, а з 1969 року старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры. У 1965 року абараніў кандыдацкую дысэртацыю па творчасьці Сімяона Полацкага.

З 1964 року публікаваў навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы па гісторыі, літаратуры, кнігадрукаваньні, асьвеце, культурных сувязях Беларусі, рэцэнзаваў творы пісьменьнікаў і навукоўцаў. Некаторыя ягоныя выступленьні ў друку вылучаліся асаблівай палемічнай завостранасьцю і атрымалі шырокі грамадзкі рэзананс у Беларусі. Так, рэцэнзія Міколы Прашковіча на кнігу Аляксандра Коршунава пра Апанаса Філіповіча (Полымя, 1965, № 12) выклікала рэзка адмоўную рэакцыю галоўнага афіцыёзнага гісторыка Лаўрэнція Абэцэдарскага, ягоных аднадумцаў і паслужыла ў 1966 року падставай для спэцыяльнай навуковай дыскусіі ў Акадэміі навук па пытаньнях беларускай дзяржаўнасьці, ацэнцы ролі царкоўна-рэлігійнай уніі і інш.

Мікола Прашковіч сябраваў з многімі патрыятычна настроенымі беларускімі пісьменьнікамі і навукоўцамі, асабліва з Ларысай Геніюш, зь якой ліставаўся і якую наведваў у Зэльве. Наладзіў сувязі з украінскімі патрыётамі. Калі ў пачатку 1970-х рокаў некаторыя зь іх (Міхайліна Кацюбінская, Зіновія Франко) былі абвінавачаныя ў нацыяналізьме і пазбаўленыя работы, Мікола Прашковіч збіраў сродкі на дапамогу ўкраінскім сябрам. Арганізаваў перадачу і распаўсюд у Беларусі працы ўкраінскага дысыдэнта Івана Дзюбы «Інтэрнацыяналізм або русіфікацыя?(en)».

Даверлівы, адкрыты і залішне эмацыйны Мікола Прашковіч быў выкарыстаны савецкай дзяржбясьпекай, пад пільным наглядам якой знаходзіўся, для дыскрэдытацыі некаторых патрыётаў, фабрыкацыі справы і выкрыцьця ў 1973—1974 роках «гнязда беларускіх нацыяналістаў» у АН БССР, у выніку чаго пацярпела цэлая група беларускіх навукоўцаў[1]. Па абвінавачаньні ў беларускім нацыяналізьме ў 1974 року Мікола Прашковіч быў звольнены з работы ў Інстытуце літаратуры. Пэўны час заставаўся беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у часопісе «Родная прырода» і газэце «Вечерний Минск». У 1982 року па стане здароўя пакінуў работу. Захварэў на паралюш ног і трагічна загінуў у час пажару ў роднай вёсцы.

Выбраная бібліяграфія рэдагаваць

  • Беларуская паэзія канца XVI — пачатку XVII ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 2.
  • Францішак Скарына — беларускі першадрукар. Мн., 1970.
  • «Лямент…» на смерць Лявона Карповіча // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1974. № 1.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Пазьняк, Зянон (21 верасьня 2015) Пра фантазіі зь мінулага Праверана 9 студзеня 2022 г.

Літаратура рэдагаваць