Мікола Нікан
Міко́ла Ні́кан (3 студзеня 1908, Варшава — 16 чэрвеня 1999) — грамадзкі дзяяч беларускай эміграцыі, пэдагог.
Біяграфія
рэдагавацьСкончыў Сьвіслацкую гімназію (1928) і вышэйшыя курсы ў Варшаве (пасьля 1931). Настаўнічаў. У пачатку II сусьветнай вайны мабілізаваны ў польскую армію, трапіў у Вільню. У 1939 быў арыштаваны савецкімі ўладамі і высланы ў Варкуту. У 1942 г. далучыўся да арміі Андэрса. У шэрагах 2-га Польскага корпусу прайшоў праз Сырыю, Эгіпет, удзельнічаў у ваенных дзеяньнях у Італіі. У 1947 годзе ў Ангельшчыне дэмабілізаваўся ў рангу капітана. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі, ініцыятар куплі ў Лёндане будынка для Беларускага дому.
3 канца 1951 году ў Аўстраліі, да 1968 працаваў на нафтаперапрацоўчым камбінаце. Быў сакратаром Згуртаваньня беларусаў у Вікторыі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага цэнтральнага камітэту (БЦК) у Вікторыі. Доўгі час быў прадстаўніком БЦК у Камітэце паняволеных народаў. Ініцыятар стварэньня і шматгадовы кіраўнік беларускай вячэрняй школы і беларускай бібліятэкі ў Мэльбурне, выкладаў беларускую мову і геаграфію. Быў адным з ініцыятараў набыцьця Беларускага дому, падтрымаў ідэю арганізацыі Сустрэч беларусаў Аўстраліі. Доўгія гады распаўсюджваў беларускую прэсу ў штаце Вікторыя і быў сталым карэспандэнтам з Мэльбурну для розных эміграцыйных выданьняў. Карэспандэнт газэты «Беларус» (Нью-Ёрк) па Аўстраліі. Ініцыятар скліканьня Першага сусьветнага зьезду беларускай эміграцыі (1948) і Першай сустрэчы беларусаў Аўстраліі (1976). Намесьнік старшыні Рады БНР па Аўстраліі. Сябра кіраўніцтва Сусьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі (рэфэрэнт архіву і дакумэнтацыі). Пахаваны на беларускіх могілках Fowcner cemetery.
Літаратура
рэдагаваць- Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары / Наталля Гардзіенка; Прадмова І. Сурвіллы. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 468 с, [4] арк. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны, Кніга 3).
- Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка; пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 620 с — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн.18). ISBN 978-985-6887-63-8