Мікалай Янчур
Мікала́й Міха́йлавіч Янчу́р (22 траўня [ст. ст. 9 траўня] 1902, ст. Пагодзіна Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя — 1980) — беларускі савецкі навуковец у галіне хірургіі, доктар мэдычных навук, прафэсар. заслужаны дзяяч навукі Беларусі (1972).
Мікалай Янчур | |||||||
Дата нараджэньня | 9 (22) траўня 1902 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | ст. Пагодзіна Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні | ||||||
Дата сьмерці | 1980 | ||||||
Месца сьмерці | |||||||
Месца вучобы | Вайскова-мэдычная акадэмія РСЧА | ||||||
Занятак | навуковец | ||||||
Навуковая сфэра | мэдыцына | ||||||
Месца працы | Віцебскі дзяржаўны мэдычны інстытут | ||||||
Навуковая ступень | доктар мэдычных навук[d] | ||||||
Узнагароды | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся 22 траўня [ст. ст. 9 траўня] 1902 ў сям’і чыгуначніка на станцыі Пагодзіна Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер Бяроза-Картуская ў Бярозаўскім раёне).
У 1915 сям’я пераехала на будаўніцтва Мурманскае чыгункі. Скончыўшы сярэднюю школу, у 1919 Мікалай Янчур трапляе дабраахвотнікам на службу ў Чырвоную Армію, дзе ўдзельнічае ў баёх супраць генэрала Юдзеніча. У наступным року атрымаў накіраваньне ў Вайскова-мэдычную акадэмію РСЧА, якую скончыў у 1926 з адзнакай. Ягонае імя залатымі літарамі ўпісанае ў ліку іншых на сьценах канфэрэнц-залі Акадэміі[1].
Служыў у Сярэднай Азіі, працаваў лекарам у розных вайсковых установах, удзельнічаў у барацьбе з маджахедамі. Ад 1930 — малодшы выкладчык, выкладчык, старэйшы выкладчык Вайскова-мэдычнай акадэміі, у 1936 року абараніў кандыдацкую дысяртацыю па тэме «Мімалётнае ўзьдзеяньне снарадаў на жывы арганізм».
У 1938 камандзіраваны на тэатар вайсковых дзеяньняў на Далёкім Усходзе і прызначаны начальнікам хірургічнага аддзяленьня вайсковага шпіталю ў Нікольску-Усурыйскім. Пасьля ўдзельнічаў у вайне зь фінамі 1939-40 рокаў, вайсковы хірург 8-й і 15-й арміяў.
Падчас нямецка-савецкай вайны Мікалай Янчур — галоўны хірург 11-й, 57-й, 23-й арміяў. Падчас агляду палявых шпіталёў акадэмік Мікалай Бурдэнка асабіста адзначыў дзейнасьць Янчура па правядзеньні хірургічных апэрацыяў у франтавых умовах. У 1943 атрымаў званьне палкоўніка мэдычнае службы, а ў 1944 року Мікалаю Янчуру давераная апэрацыя над хворым камандуючым 3-га Ўкраінскага фронту маршалам Таўбухіным[2].
Пры фарсіраваньні Дняпру Мікалай Міхайлавіч атрымаў цяжкае раненьне ў вока. Быў нават пэрыяд, калі яго вучылі чытаць кнігі для сьляпых, аднак ён здолеў вылечыцца. Па вайне займаў пасаду галоўнага хірурга Таўрыцкае вайсковае акругі, а з 1951 ізноў выкладаў у Вайскова-мэдычнай акадэміі імя Кірава ў Ленінградзе. У 1956 абараніў доктарскую дысяртацыю «Рэакцыя арганізму на ўзьдзеяньне ўдарных хваляў», доктар мэдычных навук.
У 1958 року дэмабілізаваны і абраны загаднікам катэдры факультэцкае хірургіі Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту. У 1960 атрымаў званьне прафэсара.
Быў сябрам рады Ўсесаюзнага таварыства хірургаў, сябрам прэзыдыюму і рады Беларускага таварыства хірургаў, старшынём абласнога таварыства, мескага таварыства «Веды».
Памёр у 1980 року.
Навуковая дзейнасьць
рэдагавацьУ сваёй кандыдацкай дысяртацыі «Мімалётнае ўзьдзеяньне снарадаў на жывы арганізм» (1936) Мікалай Янчур паказаў, што зьніжэньне палёту артылярыйскага набою над галовамі наступоўцаў ня чыніць на іх паражальнага ўзьдзеяньня, але забясьпечвае раптоўнасьць і хуткасьць наступальнае апэрацыі. Гэтыя вышукі былі пасьпяхова выкарыстаныя ў нямецка-савецкай вайне[2].
У гады вайсковае службы асноўныя навуковыя дасьледаваньні Мікалая Міхайлавіча былі скіраваныя на распрацоўку пытаньняў вайсковае тэматыкі. На падставе праведзеных ім дасьледаваньняў па вывучэньні ўзьдзеяньня збытнага ціску на жывы арганізм былі прапанаваныя прафіляктычныя сродкі калектыўнае й індывідуальнае абароны ад узьдзеяньня ўдарных хваляў[3].
Пасьля звальненьня з вайсковае службы Мікалай Янчур 17 рокаў займаў пасаду загадніка катэдры факультэцкае хірургіі Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту, дзе за гэты час пад ягоным кіраўніцтвам былі выкананыя 12 кандыдацкіх і 2 доктарскія дысяртацыі, апублікаваныя блізу 300 навуковых працаў, распрацаваныя пытаньні тыроіднае паталёгіі і захворваньняў мочапалавое сыстэмы, лекаваньня язвавае хваробы, пэрытаніту, параненьняў чэрапу і судзінных захворваньняў.
Добрае веданьне вайсковае тактыкі дазволіла Мікалаю Янчуру ў вайне зь фінамі пасьпяхова вывесьці з акружэньня групу да 300 жаўнераў, калі камандзіры палічылі іхняе палажэньне безнадзейным. Пасьля гэтага брыгадны лекар Янчур вярнуўся ў акружэньне дзеля дапамогі параненым[2].
Узнагароды
рэдагаваць- Ордэн Леніна
- 2 ордэны Баявога Чырвонага Сьцягу
- ордэны Айчыннай вайны I і II ступеняў
- Ордэн Чырвонай Зоркі
- Ганаровая грамата Вярхоўнага Савету БССР
- Заслужаны дзяяч навукі БССР (1972)
- каля 20 мэдалёў
- значык «Выдатнік аховы здароўя»
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ В. Н. Шиленок, Э. Я. Зельдин. Николай Михайлович Янчур. Врач, учёный, защитник Отечества (рас.) // Новости хирургии. — УО «Витебский государственный медицинский университет», 2009. — Т. 17. — № 3. — С. 3.
- ^ а б в В. Н. Шиленок, Э. Я. Зельдин. Николай Михайлович Янчур. Врач, учёный, защитник Отечества (рас.) // Новости хирургии. — УО «Витебский государственный медицинский университет», 2009. — Т. 17. — № 3. — С. 4.
- ^ В. Н. Шиленок, Э. Я. Зельдин. Николай Михайлович Янчур. Врач, учёный, защитник Отечества (рас.) // Новости хирургии. — УО «Витебский государственный медицинский университет», 2009. — Т. 17. — № 3. — С. 5.
Літаратура
рэдагаваць- В. Н. Шиленок, Э. Я. Зельдин. Николай Михайлович Янчур. Врач, учёный, защитник Отечества (рас.) // Новости хирургии. — УО «Витебский государственный медицинский университет», 2009. — Т. 17. — № 3.
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |