Мяцеж ПВК Вагнэр

узброены мяцеж 2023 году ў Расеі

Мяцеж ПВК «Вагнэр» — 2-дзённы ўзброены мяцеж прыватнага вайсковага прадпрыемства Яўгена Прыгожына супраць міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу, што пачаўся 23 чэрвеня 2023 году ў Растоўскай вобласьці.

Мяцеж ПВК «Вагнэр»

     Тэрыторыя Расейскае Фэдэрацыі

     Тэрыторыі, захопленыя ПВК падчас мяцяжу

Дата: 23—24 чэрвеня 2023 году
Месца: 4 вобласьці Расеі: Растоўская, Варонеская, Ліпецкая і Тульская
Прычына: абстрэл Узброенымі сіламі Расеі лягераў ПВК «Вагнэр»
Вынік: пераезд Прыгожына ў Беларусь і перавод баевікоў «Вагнэра» на кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі
Супернікі
ПВК «Вагнэр»Міністэрства абароны Расеі
Камандуючыя
Яўген ПрыгожынСяргей Шайгу
Колькасьць
25 тыс. чал. (Па заявах Прыгожына)[1]1 млн чал.
Страты
цяжкавік і пікап15 забітых, 6 верталётаў, самалёт, бронеаўтамабіль і цяжкавік

23 чэрвеня 2023 году кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын заявіў, што Міністэрства абароны Расеі правяло ракетна-бомбавыя ўдары па тылавых лягерах «Вагнэра», і заклікаў да ўзброенага мяцяжу супраць міністра Сяргея Шайгу. Фэдэральная служба бясьпекі Расеі ўзбудзіла крымінальную справу супраць Прыгожына за гэты заклік паводле артыкула 279 Крымінальнага кодэксу Расеі[1]. Зранку 24 чэрвеня вайсковая тэхніка «Вагнэра» ўвайшла ў Растоў-на-Доне, дзе заняла штаб Паўднёвай вайсковай акругі, і рушыла далей на поўнач у Варонескую вобласьць у кірунку Масквы. Нацыянальны антытэрарыстычны цэнтар Расеі абвясьціў контартэрарыстычную апэрацыю ў Варонескай і Маскоўскай абласьцях[2].

Увечары 24 чэрвеня Прыгожын спыніў рух вайсковай калёны «Вагнэра» ў бок Масквы на прапанову Аляксандра Лукашэнкі, зь якім вёў перамовы цягам дня[3]. Пры пасярэдніцтве Лукашэнкі дамовіліся пра спыненьне крымінальнай справы супраць Прыгожына, які меў пераехаць у Беларусь. Наймітаў «Вагнэра» таксама вызвалілі ад перасьледу за ўдзел у мяцяжы. Ім прапанавалі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі[4]. У выніку за 200 км ад Масквы, пасьля перамяшчэньня далей на поўнач зь Ліпецкай вобласьці ў Тульскую, калёна «Вагнэра» разьвярнулася і рушыла назад у палявыя лягеры[5].