Муха (сузор’е)
Му́ха (па-лацінску: Musca, Mus) — невялікае сузор’е ў паўднёвай частцы зорнага неба, ня бачнае з тэрыторыі Беларусі[1]. Сузор’е зьяўляецца адным з дванаццаці, створаных Пэтэрам Плянцыем паводле назіраньняў Кейсэра і дэ Гаўтмана, на 35-см нябесным глёбусе Плянцыюс з Хондыем упершыню выявілі яго ў 1597 (або 1598) годзе ў Амстэрдаме. У нябесным атлясе сузор’е ўпершыню зьявілася ў Ёгана Баера ва «Ўранамэтрыі» 1603 году.
Муха | |
Лацінская назва | Musca |
---|---|
· у родным склоне | Muscae |
· скарот | Mus |
Простае ўзьняцьцё | 12,456г |
Схіленьне | −70,341° |
Квадрант | SQ3 |
Плошча | 138 кв. гр. (77-е) |
Зорак паводле Баера/Флэмстыда | 13 |
Зорак з плянэтамі | 1 |
Зорак ярчэй за 3.00m | 1 |
Зорак у 10 пк (32,62 сьв. г.) | 1 |
Найярчэйшая зорка | α Мухі (2,69m) |
Найбліжэйшая зорка | Глізэ 440 (15,07 сьв. г., 4,62 пк) |
Аб’екты Мэсье | 0 |
Памежныя сузор’і | |
Назіраецца ў шыротах паміж +10° і −90°. Найлепш назіраецца ў 21:00 на працягу траўня. |
Адметнасьці
рэдагавацьНайболей яскравыя зоркі, α Мухі і β Мухі, маюць бляск 2,7m і 3,0m адпаведна[1]. У сузор’і Мухі знаходзіцца рэнтгенаўская новая GRS 1124-683, якая зьяўляецца падвойным аб’ектам з зоркай і чорнай дзіркай. У 1991 годзе, калі быў знойдзены выкід выпраменьваньня, апошняе сталася вынікам анігіляцыі пазытронаў. У Мусе таксама знаходзіцца незвычайнага кшталту плянэтарная туманнасьць NGC 5189, што ляжыць за 3000 сьв. гадоў ад Зямлі. Сваім выглядам яна нагадвае мініятурную крабападобную туманнасьць. У сузор’і можна сустрэць Туманнасьць Пясочны Гадзіньнік (MyCn 18), якая месьціцца ў 8000 сьв. гадоў. Каля δ Мухі ляжыць параўнальна старая шаравая скупнасьць NGC 4833 на адлегласьці 21 200 сьв. гадоў — яе часткова зацьмяваюць пылавыя аблокі ў галяктычнай плоскасьці. Шаравая скупнасьць NGC 4372, што знаходзіцца каля γ Мухі, цямнейшая і гэтак жа зацемненая пылавымі аблокамі, але яна распасьціраецца на больш кутавых хвілін.
Гісторыя
рэдагавацьМуха пад першапачатковай назвай Apis (па-беларуску: Пчала) была ўведзеная ў канцы XVI стагодзьдзя Ісакам Баўтыстай (лац. Isaac Bautista), каб запоўніць яшчэ не занятую частку зорнага неба каля паўднёвага полюсу, а таксама каб стварыць «ежу» для Хамэлеона (на нябесных мапах XVII ст. выразна бачна, як хамэлеон языком намагаецца злавіць насякомае). У 1752 годзе Нікаля Люі дэ Лякайль перайменаваў сузор’е ў Musca Australis — Паўднёвую Муху — каб адрозьніць ад цяпер скасаванага сузор’я Паўночная Муха, якое складалася з колькіх зорак Барана, і каб пазьбегнуць блытаніцы з Райскай Птушкай (у лацінскіх назвах, параўн.: Apus — Apis). Цяпер сузор’е мае назву Муха (лац. Musca).[2]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Муха // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 41
- ^ Horvatin, Shane Obsolete Constellations: Apis (анг.)
Літаратура
рэдагаваць- Ridpath, Ian; Tirion, Wil Stars and Planets Guide. — Princeton University Press, 2007. — ISBN 978-0-691-13556-4
- Hamilton, Thomas W. Useful Star Names. — Viewlex, 1968.