Марыё Лем’ё
Марыё Лем’ё (па-француску: Mario Lemieux; нарадзіўся 5 кастрычніка 1965 году, Манрэаль, Канада) — былы канадзкі хакеіст, цэнтральны нападнік, шматгадовы капітан, лідэр, а цяпер уладальнік клюбу НХЛ «Пітсбург Пінгвінз». Быў абраны пад першым нумарам у драфце 1984 году камандай «Пітсбург Пінгвінз». З 1984 па 2005 гады правёў 18 сэзонаў у Нацыянальнай хакейнай лізе ў складзе «Пітсбургу» і атрымліваў перамогу разам з камандай у двух Кубках Стэнлі (1991 і 1992). Зьяўляецца ўладальнікам Кубка Канады (1987), Кубка сьвету па хакеі (2004), алімпійскім чэмпіёнам (2002) у складзе зборнай Канады.
Марыё Лем’ё | ||
---|---|---|
Рост | 193 см | |
Вага | 107 кг | |
Пазыцыя | нападнік | |
Кідок/Ловы | правы[d] | |
Грамадзянства | Канада | |
Дата нараджэньня | 5 кастрычніка 1965 (59 гадоў) | |
Месца нараджэньня | Манрэаль, Канада | |
Клюб | Пітсбург Пінгвінз | |
Нацыянальная зборная | Канада | |
Драфт НХЛ | 1 абраны (1984) Пітсбург Пінгвінз | |
Гульнявая кар’ера | 1984—1997 2000—2006 |
Марыё атрымаў шэраг прэстыжных індывідуальных трафэяў: 3 разы атрымліваў Памятны трафэй Гарта як самы каштоўны гулец лігі, 6 разоў Трафэй Арта Роса як лепшы бамбардзір; 2 разы атрымліваў Трафэй Кона Смайта як найлепшы гулец плэй-оф; 4 разы ганараваўся на Ўзнагароду Тэда Ліндсэя і аднойчы на Трафэй Біла Мастэртона[5]. Таксама быў прызнаны лепшым пачаткоўцам лігі ў 1984 годзе й атрымаў Трафэй Колдэра. У рэгулярных сэзонах НХЛ правёў 915 матчаў і набраў 1723 пункты (690 галоў, 1033 перадачы)[6], што на сёньня зьяўляецца сёмым вынікам за ўсю гісторыю НХЛ[7]. У розыгрышах плэй-оф Кубка Стэнлі адгуляў у 107 гульнях і набраў 172 пункты (76 галоў, 96 перадач). Браў удзел у 10 матчах усіх зорак НХЛ. Тройчы атрымліваў званьне самага каштоўнага гульца гэтых матчаў (1985, 1988, 1990).
Марыё двойчы сканчваў кар’еру. Першы раз ў 1997 годзе з-за траўмы сьпіны, але ў 2000 годзе вярнуўся ў хакей. Другі раз і ужо канчаткова Лем’ё скончыў кар’еру ў 2005 годзе, пасьля таго, як у яго выявіліся праблемы з сэрцам. Марыё адзін зь нешматлікіх гульцоў НХЛ, чыё імя было зьмешчана ў Залу хакейнай славы адразу ж пасьля завяршэньня кар’еры. У 2000 годзе стаў трэцім пасьля Гордзі Гоў і Гі Лефлера чальцом Залы хакейнай славы, хто вярнуўся ў вялікі спорт. У 2004 годзе быў уключаны ў канадзкую Алею Славы. 17 чэрвеня 2009 году стаў рыцарам Нацыянальнага Ордэна Квэбэка. З 1999 году зьяўляецца ўладальнікам, генэральным мэнэджарам і прэзыдэнтам клюбу «Пітсбург Пінгвінз».
За відовішчную гульню й выдатныя спартовыя дасягненьні атрымаў ад заўзятараў мянушкі «Цудоўны» (франц. Le Magnifique, анг. The Magnificent) і «Супэрмарыё» паводле аналёгіі са знакамітым пэрсанажам відэагульні. Гульнявы нумар — «66».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Augustyn A. Mario Lemieux // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Mario Lemieux // L'Encyclopédie canadienne, The Canadian Encyclopedia (анг.)
- ^ Mario Lemieux // Roglo — 1997.
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #1022028782 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Mario Lemieux. Pittsburgh Penguins Legends
- ^ Mario Lemieux. NHL.com
- ^ Skater career leaders. NHL.com
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМарыё Лем’ё — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Біяграфія на Legends of Hockey
- Профіль на афіцыйным сайце ХК Пітсбург Пінгвінз
- Фундацыя Марыё Лем’ё
- Профіль на сайце NHL.com
- Статыстыка на сайце The Internet Hockey Database