Марыя Брускіна
Мары́я Бары́саўна Бру́скіна (1924 — 26 кастрычніка 1941) — удзельніца менскага падпольля падчас Другой сусьветнай вайны, стрыечная пляменьніца скульптара, Народнага мастака СССР Заіра Азгура[1][2]. 14 кастрычніка 1941 году арыштаваная салдатамі 707-й пяхотнай дывізіі вэрмахту й добраахвотнікамі 2-га батальёну паліцэйскай дапаможнай службы (Летува, маёр Антанас Імпулявічус)[3] і павешаная ў Менску разам з двума іншымі падпольшчыкамі.
Марыя Брускіна | |
Марыя Брускіна перад пакараньнем сьмерцю (на фота — у цэнтры, з фанэрным шчытом на грудзі. На шчыце надпіс на нямецкай і расейскай мовах: «Мы партызаны, якія стралялі па нямецкіх войсках»), 26 кастрычніка 1941 году. | |
Род дзейнасьці | удзельніца менскага падпольля |
---|---|
Дата нараджэньня | 1924 |
Месца нараджэньня | Менск, БССР |
Дата сьмерці | 26 кастрычніка 1941 |
Месца сьмерці | Менск |
Прычына сьмерці | павешаньне[d] |
Занятак | партызанка |
Бацька | Барыс Давыдавіч Брускін |
Маці | Лія Маісееўна Бугакава |
Узнагароды | |
Біяграфія
рэдагавацьУ чэрвені 1941 году М. Б. Брускіна скончыла менскую СШ № 28. Калі ў канцы чэрвеня ў горад увайшлі падразьдзяленьні вэрмахту, у будынку Менскага політэхнічнага інстытуту яны арганізавалі лязарэт для савецкіх ваеннапалонных, Брускіна па заданьні падпольля ўладкавалася ў гэты лязарэт, каб дапамагаць ваеннапалонным бегчы. Яна знайшла фотаапарат, за захоўваньне якога акупанты расстрэльвалі. З дапамогай фотаапарату вырабляліся дакумэнты для салдатаў і афіцэраў. Акрамя таго, Брускіна праз падпольшчыка Кірыла Труса распаўсюджвала зводкі Інфармбюро пра становішча на франтах.
У кастрычніку 1941 году былі арганізаваныя ўцёкі групы ваеннапалонных. Аднак ім не атрымалася бегчы; пры выхадзе зь Менску яны былі схопленыя паліцыянтамі. Частка групы была расстраляная, а адзін з уцекачоў выдаў на допыце М. Брускіну й яе таварышаў. Здрадніка звалі Барыс Рудзянко. Ён быў завэрбаваны супрацоўнікам «АНСТ-Менск» (орган абвэру) белаэмігрантам фон Якобі[4]. 16 траўня 1951 году Барыс Міхайлавіч Рудзянко (1913 году нараджэньня, нарадзіўся ў пас. Товен Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, беларус) быў асуджаны за здраду Радзіме паводле артыкула 63-2 УК БССР да найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу[5].
26 кастрычніка 1941 году Марыя Брускіна й ейныя таварышы па падпольлі Кірыла Трус і Ўладлен Шчарбацэвіч былі павешаныя на арцы брамы дражджавога заводу ў Менску. Пакараньне сьмерцю зьдзейсьнілі добраахвотнікі 2-го батальёна паліцэйскай дапаможнай службы зь Летувы (маёр Антанас Імпулявічус). Усё пакараньне сьмерцю было зьнятае фатографам.
У гады акупацыі ў Менску існавала фотамайстэрня фольксдойчу Барыса Вэрнэра, у якой немцы выяўлялі й друкавалі свае здымкі. У гэтай майстэрні з чэрвеня 1941 году па 1944 год працаваў Аляксей Сяргеевіч Казлоўскі. Прыблізна ў лістападзе 1941 году ў ягоныя рукі трапіла для апрацоўкі плёнка, на якой было зьнятае пакараньне сьмерцю, зробленае 26 кастрычніка. Ён зрабіў здымкі для гаспадара й, акрамя таго, дублікаты здымкаў, якія схаваў у склепе ў бляшаным слоіку з-пад авіяцыйнай рулённай плёнкі. За гады акупацыі Менску яму атрымалася сабраць 287 фатаграфіяў. Усе гэтыя здымкі былі перададзеныя А. С. Казлоўскім органам савецкай улады пасьля вызваленьня Менску.
Пасьля вайны
рэдагавацьФатаздымкі дзяўчыны і двух ейных таварышаў увайшлі ў шматлікія кнігі пра нямецка-савецкую вайну. Яны фігуравалі на Нюрнбэрскім працэсе ў якасьці дакумэнтаў абвінавачваньня нацысцкіх злачынцаў. Яны таксама экспануюцца ў Менскім музэі гісторыі нямецка-савецкай вайны.
Мужчыну з фатаздымку атрымалася апазнаць хутка: ім апынуўся Кірыла Іванавіч Трус (Трусаў) — працоўны аднаго зь Менскіх заводаў. Уладлена (Валодзю) Шчарбацэвіч — 16-гадовага сына культпрацаўніка 3-й гарадзкой лякарні Менску Вольгі Фёдараўны Шчарбацэвіч, апазналі ў сярэдзіне 1960-х гадоў дзякуючы высілкам дасьледчыкаў 30-й Менскай сярэдняй школы. Імя дзяўчыны ўпершыню было названае ў 1968 годзе.
Першымі публікацыямі пра Машу Брускіну стала сэрыя артыкулаў Уладзімера Фрэйдзіна ў газэце «Вечерний Минск» 19, 23 і 24 красавіка 1968 году пад назвай «Они не стали на колени» («Яны ня ўсталі на калені») і артыкул Леў Аркадзьеў «Бессмертие» («Бесьсьмяротнасьць») у газэце «Труд» 24 красавіка 1968 году[6]. Аднак рэакцыя афіцыйных інстанцыяў на ідэнтыфікацыю дзяўчыны была адмоўнай. Як піша гісторык Якаў Басін, пасьля разрыву дыпляматычных адносінаў паміж СССР і Ізраілем з-за Шасьцідзённай вайны ў краіне пачалося ўзмацненьне антысэміцкіх настрояў, і ідэнтыфікацыя гераіні падпольля як жыдоўкі апынулася супярэчнай ідэалягічнай пазыцыі ўлады. Журналісты Ўладзімер Фрэйдзін і Ада Дзіхцяр, якія займаліся зборам матэрыялаў для выяўленьня асобы М. Брускінай, былі змушаныя зьмяніць працу[7].
Афіцыйнага прызнаньня не было, але дыскусія працягвалася. У яе былі зацягнутыя навукоўцы, крыміналісты, журналісты й грамадзкія дзеячы. Публічнае абмеркаваньне пытаньня аднавілася ў 1985 годзе з выхадам дакумэнтальнае аповесьці Ільва Аркадзьева і Ады Дзіхцяр «Невядомая»[6][8].
Шэраг гісторыкаў (напрыклад, загадчык аддзелу ваеннай гісторыі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук доктар гістарычных навук Аляксей Літвін) настойвалі, што дакумэнты й сьведчаньні не дазваляюць зрабіць адназначную выснову, што дзяўчына на фатаздымках менавіта Марыя Брускіна[9]. Іншыя (напрыклад, доктар гістарычных навук, прафэсар Эмануіл Ёфэ) настойвалі на тым, што ідэнтыфікацыя зробленая карэктна[10].
У 1997 годзе Мэмарыяльны музэй Галакосту ЗША прысудзіў выпускніцы 28-й Менскай школы Марыі Барысаўне Брускінай Мэдаль Супраціву з наступнай фармулёўкай:
Машы Брускінай. Прысуджаны пасьмяротна ў памяць пра яе мужную барацьбу са злом нацызму й устойлівасьць у момант апошняга выпрабаваньня. Мы заўсёды будзем памятаць і паважаць яе. | ||
21 кастрычніка 1997 году на ўрачыстай цырымоніі ў Мэмарыяльным музэі Галакосту два такія мэдалі былі ўручаныя Льву Аркадзьеву й Адзе Дзіхцяр[11].
Кенатаф М. Б. Брускінай быў усталяваны ў Маскве на Данскіх могілках побач зь нішай, дзе месьціцца урна з прахам ейнага бацькі Б. Д. Брускіна.
Афіцыйнае прызнаньне ў Беларусі адбылося ў лютым 2008 году, калі мэмарыяльная дошка на месцы пакараньня сьмерцю была замененая, і на ёй зьявілася імя Марыі Брускінай.
Памяць
рэдагаваць- У СССР і ў Беларусі памяць Марыі Брускінай не была ўшанаваная да лютага 2008 году. На ўсе звароты з прыкладаньнем дакумэнтальных сьведчаньняў ішлі стандартныя адпіскі з усіх ведамстваў, што асоба дзяўчыны не пацьверджаная[10].
- 7 траўня 2006 усталяваны помнік у Ізраілі ў Кфар ха-Ярок.
- 29 кастрычніка 2007 у Ерусаліме адбылася афіцыйная цырымонія прысваеньня адной з вуліцаў імя Машы Брускінай.
- Новы памятны знак быў адкрыты 1 ліпеня 2009 на прахадной Менскага дражджавога заводу на месцы пакараньня сьмерцю Брускінай і ейных таварышаў.
- Рэжысэр-дакумэнталіст Анатоль Алай зьняў на кінастудыі «Беларусьфільм» першы фільм «Бумэранг» з задуманай дылёгіі пра пакараньне сьмерцю 26 кастрычніка 1941 году менскіх барацьбітоў з нацызмам. Такую назву фільм атрымаў таму, што ў 1977 годзе на выстаўцы «Злачынства вэрмахту. 1941—1944 гг.» у Мюнхэне адна з наведвальніцаў Анэгрыт Айгёрн на фота, дзе нямецкі афіцэр накідвае пятлю на шыю Машы Брускінай, пазнала сярод забойцаў свайго бацьку Карла Шайдэмана, не змагла жыць з гэтым грузам і скончыла жыцьцё самагубствам[12][13].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Она не могла согласиться на рабство
- ^ Азгур Заир Исаакович / Популярная художественная энциклопедия. Под ред. Полевого В. М.; М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1986.
- ^ Nechama Tec, Daniel Weiss. «A Historical Injustice: The Case of Masha Bruskina». Holocaust and Genocide Studies 11:3 (1997), p. 366—377. Online abstract
- ^ Минск: арена тайной войны
- ^ Справка КГБ по материалам архивного уголовного дела на Б. М. Рудзянко
- ^ а б Краткая библиография по проблеме идентификации личности «Неизвестной», казненной в Минске 26 октября 1941 г.
- ^ Сборник «Известная Неизвестная». От составителя
- ^ Л. Аркадьев, А. Дихтярь. Неизвестная. Документальная повесть
- ^ На мемориальной доске на проходной Минского дрожжевого завода увековечено имя подпольщицы Маши Брускиной
- ^ а б Подвиг с петлей на шее
- ^ Лев Аркадьев. Верните имя «Неизвестной». «Труд», 20 июня 1998
- ^ Н. Кривец. Мой отец — военный преступник
- ^ Алексей Зимин Казнь Маши Брускиной 09.04.2012
Літаратура
рэдагаваць- Известная «Неизвестная». Сборник материалов. Сост. и ред. Басин, Яков Зиновьевич. Мн., 2007. — 138 с.
- Уроки Холокоста: история и современность. «Дело Маши Брускиной» / Сост. и ред. — Я. З. Басин. — Мн.: Ковчег, 2009. — Т. 2. — 216 с — ISBN 978-985-6756-99-6
- Nechama Tec, Daniel Weiss. «A Historical Injustice: The Case of Masha Bruskina». Holocaust and Genocide Studies 11:3 (1997), p. 366—377. Online abstract (анг.)
- Cholawski, Shalom. «Minsk», in Encyclopaedia of the Holocaust vol. 3, p. 975. Captioned photograph of Masza Bruskina’s hanging. (анг.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМарыя Брускіна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў