Пасланьне да Філімона
Кніга Новага Запавету |
Гістарычныя кнігі |
Дыдактычныя кнігі |
Прароцкія кнігі |
Пасланьне да Філімона — адзін зь лістоў апостала Паўла, які ўвайшоў у сьпіс кніг Новага Запавета, пасьля Пасланьня да Тытуса.
Адрасат
рэдагавацьФілімон быў аднім з кіраўнікоў царквы ў Калёсах. Ён быў вельмі заможным чалавекам, у ягонай хаце зьбіралася маладая хрысьціянская суполка гораду. Ён меў шмат маёмасьці, а таксама рабоў. Апостал добра ведаў як Філімона, гэтак і ўсю ягоную сям’ю, таму ў лісьце Павал зьвяртаецца ня толькі да Філімона, але й да ягонай жонкі Апфіі, а таксама да ягонага сына Архіпа, якія таксама былі хрысьціянамі. Апостал называе Філімона й Архіпа сваімі супрацоўнікамі. Імя «Філімон» з грэцкай мовы перакладаецца як «той хто любе міласэрнасьць».
Зьмест
рэдагавацьПавал, знаходзячыся ў турэмным зьняволяньні ў Рыме, сутыкнуўся зь беглым рабом Анэсімам. Анэсім зрабіў свайму гаспадару Філімону нейкі злачынны ўчынак, хутчэй за ўсё абкраў яго, а потым зьбег. На той час беглыя рабы знаходзілі прытулак у вялікіх гарадох, дзе было лягчэй схавацца ад пагоні. Такім чынам Анэсім апынуўся ў Рыме, дзе зноўку зрабіў правіну й апынуўся ў турме. Там ён сустрэўся з Паўлам, дзякуючы якому стаў вернікам. Калі Анэсім атрымаў свабоду, Павал адправіў яго дадому з суправаджальным лістом да ягонага былога пана. У лісьце, які дайшоў да нас як пасланьне да Філімона, Павал замаўляў за Анэсіма абгульваючы ягонае імя. З грэцкай мовы «Анэсім» перакладаецца «каштоўны». Анэсім як для Паўла, гэтак і для Філімона, не безмоўная рэч, але каштоўны й любімы брат. Апостал вельмі б жадаў, каб Філімон дараваў волю Анэсіму, таму што Анэсім стаў для Паўла вельмі добрым памочнікам.
Пасланьне да Філімона самы кароткі зь лістоў Паўла, ён завяршае збор пасланьняў апостала. Ліст складаецца ўсяго з аднаго разьдзела. Акрама таго гэта адзіны асабісты ліст у Новым Запавеце. Павал паўстае ў ім горача любячым, дэлікатным чалавекам і глыбокім псыхолягам. Згодна паданьням, Анэсім апасьля стаў біскупам царквы ў Калёсах і, мабыць, дзякуючы яму ліст захаваўся, таму што ён быў вельмі каштоўны для яго.
Кароткі плян
рэдагаваць- Прывітаньне (1—3)
- Хвала Філімону (4—7)
- Замова за Анэсіма (8—22)
- Завяршэньне (23—25)
Літаратура
рэдагаваць- Библейские комментарии отцов Церкви и других авторов. Новый Завет. Т. IX.: Послания Колоссянам, Фессалоникийцам 1-е и 2-е, Тимофею 1-е и 2-е, Титу, Филимону, 2006, ISBN 5-901494-10-5, 480 с.
- Послание к Колоссянам и Филимону, Лукас, Р., Мирт, 2007, 207 с.
- Толкование книг Нового Завета: Колоссянам и Филимону, Джон МакАртур, Библия для всех, 2003 г., 437 с.
- Толковая Библия или комментарий на все книги Св. Писания Ветхого и Нового Завета. Издание преемников А. П. Лопухина. Том одиннадцатый. С-Петербург. 1913.
- У. Баркли, Послание к Филимону, ВСЕХБ, 1985.