Лясная быль (фільм)
Лясна́я быль — першы беларускі мастацкі фільм. Зьняты па аповесьці Міхася Чарота «Сьвінапас» рэжысэрам Юрыем Тарычам.
Лясная быль | |
Лесная быль | |
Жанр | нямое кіно і драматычны фільм |
---|---|
Рэжысэр | Юры Тарыч |
Сцэнарыст | |
У ролях |
|
Апэратар | Давід Шлюглейт |
Вытворчасьць | Белдзяржкіно |
Дата выхаду | 1926 |
Працягласьць | 8 частак |
Краіна | БССР |
Мова | няма, тытры па-расейску |
Старонка на IMDb |
Сюжэт
рэдагавацьЗьвярніце ўвагу: ніжэй раскрываюцца сюжэтныя павароты і / альбо канчатак твору. |
1920 год. Падчас савецка-польскай вайны землі Беларусі акупаваныя польскімі войскамі. У свой маёнтак вяртаецца пан Драбскі з дачкой Вандай, ахмістрыняю й ксяндзом Жабіньскім. Польскі атрад пад камандаваньнем палкоўніка Ястржэмскага разьмяшчаецца ў яго маёнтку.
У лесе ўзьнікаюць бальшавіцкія партызанскія атрады. Патрулям загадана хапаць усіх падазроных. Пастух Лявон даручае свайму сыну Грышке праводзіць бальшавіка-падпольшчыка Сьцяпана да каваля Андрэя. Панскі аб’ездчык Казюк паведамляе пра гэта палякам і Сьцяпана хапаюць. Грышка сьпяшаецца папярэдзіць партызанаў. Карны атрад акружае лес. На зваротным шляху Грышка трапляе ў аблаву. Ён хаваецца ў сядзібе лясьніка, бацькі сваёй сяброўкі Гэлькі. Яго знаходзяць і арыштоўваюць ўсіх траіх, а потым і бацьку Грышкі. Андрэя папярэджвае служка з маёнтку й ён сыходзіць у лес. Партызаны адбіваюць Сьцяпана. Прыгожую Гэльку пакідаюць прыслугоўваць у маёнтку Драбскага. Астатніх вызваляюць. Грышка сыходзіць у лес.
Польскаму камандуючаму дакладваюць, што партызанская барацьба ўзмацняецца. Ён загадвае расстрэльваць на месцы ўсіх, каго зловяць. Партызанскі штаб вырашае распаўсюджваць праклямацыі для «моцнай сувязі з сялянствам». На вясковай вечарыне Грышка ліха скача, не забываючы пра заданьне. Па даносе Казюкі палякі атачаюць вёску й хапаюць усіх, у каго ёсьць праклямацыі. Грышка ўцякае, а арыштаваных расстрэльваюць. У Гэлькі атрымоўваецца здабыць мапу разьмяшчэньня польскіх частак. Андрэй адпраўляе яе да чырвоных войскаў, якія знаходзяцца ўжо непадалёк.
За нежаданьне зьбіраць панскі хлеб арыштоўваюць мужыкоў з кожнай пятай хаты. Партызаны вызваляюць іх і, пераапрануўшыся ў польскую форму, нечакана нападаюць на нешматлікіх польскіх вайскоўцаў са сваёй вёскі. Ястржэмскі ўзяты ў палон. Драбскі й яго дачка Ванда ў паніцы ўцякаюць зь сядзібы разам з ксяндзом і ахмістрыняй.
На дапамогу палякам ідзе атрад пяхоты. Партызаны абараняюцца ў вёсцы. Грышка пасылае астатніх дазорцаў з данясеньнем, а сам кідае гранату. Параненага, конь выносіць яго з бою. Грышка трапляе ў рукі Казюкі, які вязе яго ў Менск, у дэфэнзыву. У Грышкі атрымоўваецца разьвязаць рукі й бегчы. У партызанаў канчаюцца патроны.
Зьяўляюцца чырвоныя кавалерысты, а зь імі Гэлька. Палякі адступаюць па ўсёй Беларусі. У Менску яны ладзяць пагром. Але 11 ліпеня ў горад ужо ўваходзяць разьведчыкі чырвоных. Сярод іх Грышка. У вызваленым Менску, у губэрнскім ваенна-рэвалюцыйным камітэце, дзе засядаюць яго кіраўнікі Аляксандар Чарвякоў, Язэп Адамовіч і Вільгельм Кнорын, на варце стаіць Грышка. Тут і сустракаюцца яны з Гэлькай.
Акторы
рэдагаваць- Л. Данілаў — Грышка
- Т. Кацельнікава — Гэлька
- Аляксандар Жукаў — Казюк, панскі аб’ездчык
- Іван Клюквін — Андрэй, каваль
- Мсьціслаў Кацельнікаў — Сьцяпан, бальшавік-падпольшчык
- Уладзімер Корш-Саблін — ад’ютант
- П. Ражыцкі — Жабіньскі, ксёндз
- Н. Арменяў — пан Драбскі
- Галіна Краўчанка — Ванда
- С. Барысаў — вахмістр
- А. Закатаў — паручнік
- А. Атрадзін — пастух Лявон, бацька Грышкі
- К. Чабышава — ахмістрыня
- Аляксандар Чарвякоў — кіраўнік рэўкома
- Язэп Адамовіч — кіраўнік рэўкома
- Вільгельм Кнорын — кіраўнік рэўкома
- Васіль Макараў — лясьнік
- Іван Кедраў — эпізод
- Валянцін Сьвідэрскі — эпізод
Здымкі фільму
рэдагавацьЗдымкі фільму праходзілі ў маёнтку Чапскіх у Прылуках.
У фільме Лясная быль здымаліся вышэйшыя службовыя асобы беларускай дзяржавы Аляксандар Чарвякоў, старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР (афіцыйна, першая асоба ў краіне), Язэп Адамовіч, старшыня Савету народных камісараў БССР (ураду), Вільгельм Кнорын, былы кіраўнік Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Першапачаткова беларускіх партыйных кіраўнікоў запрасілі ў якасьці гістарычных кансультантаў, аднак ім так спадабалася праца над фільмам, што яны ў якасьці актораў згулялі ролі начальнікаў Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту, прычым саміх сябе. Згодна сюжэту, А. Чарвякоў размаўляў зь беларускім партызанам, Я. Адамовіч дыктаваў загад машыністцы, а В. Кнорын аддаваў распараджэньне па тэлефоне.
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- Фільм упершыню паказалі ў кінатэатры «Культура» ў Менску 26 сьнежня 1926 году.
- Да 50-годзьдзя выхаду на экран фільму «Лясная быль» было прымеркаванае адкрыцьцё Музэю гісторыі беларускага кіно.
Літаратура
рэдагаваць- А. Зігмунд. «Лясная быль». Водгук намесьніка фільмавага тав-ва Нямеччыны. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1927, 11 чэрвеня. — № 130 (2022). — С. 6.
- С. Б. і К. Першая беларуская кіно-карціна «Лясная Быль» (бел.) // Чырвоны сейбіт : двухтыднёвы літаратурна-мастацкі дадатак да газэты «Беларуская вёска». — 1927. — № 6—7. — С. 23—25.