Лудагор’е ці Дэліёрман (па-баўгарску: Лудогорие; па-турэцку: Deliorman) — рэгіён на паўночным усходзе Баўгарыі, які цягнецца над аднайменным плято. Асноўнымі гарадамі рэгіёну ёсьць Разград, Нові-Пазар, Пліска і Іспэрых. Зьяўляючыся часткай Дунайскай раўніны, рэгіён ёсьць узгорыстым на ўсходзе, дасягаючы 485,7 мэтраў у вышыню каля вёскі Самуіл, але на поўначы зьліваецца з раўнінай Дабруджа і выходзіць да Дунаю, дзе маецца самы нізкі пункт 39,14 мэтраў. На захадзе рэгіён мяжуе з рэкамі Правадыя і Русэнскі Лом, а на ўсходзе пераходзіць на плято Дабруджа.

Заход сонца над поўднем Лудагор’я.

Плято была сфармаванае з карставага вапняку з раньняй крэйды, пакрытага лёсавым матэрыялам. Сярод геалягічных рэсурсаў рэгіёну маецца каалініт, шамот і лушчак. Клімат умерана кантынэнтальны, з ападкамі ў год да 650 мілімэтраў. Не зважаючы на тое, што Лудагор’е ёсьць бедным на надземныя водныя рэсурсы, бо па ягонай тэрыторыі працякаюць ўсяго толькі некалькі рэкаў, ён багаты на падземныя воды.

У старажытнасьці Лудагор’е было заселенае тракійскімі плямёнамі гетаў, якія пакінулі пасьля сябе архітэктурныя славутасьці, як то Тракійская грабніца ў Сьвештарах, багата ўпрыгожаная магіла III стагодзьдзя да н. э., якая ўваходзіць у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Да канца XVIII стагодзьдзя ў Лудагор’і ў асноўным пераважалі лясы, якія зьліваліся з Балканскімі гарамі на поўдні, даючы назву рэгіёну як на баўгарскай, так і на турэцкай мовах, што літаральна перакладаецца як «рэгіён дзікіх лясоў». У апошні час лясы былі амаль цалкам зьнішчаны, а новыя тэрыторыі сталіся ворнай зямлёй, і толькі лясы ў запаведніку Водэн нагадваюць ранейшы лясны гушчар. Глеба з высечаных лясоў багатая перагноем, вельмі прыдатная для сельскай гаспадаркі.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць