Летапіс Археалягічнага таварыства
Летапіс Археалягічнага таварыства — сьпіс другога зводу беларуска-літоўскіх летапісаў пашыранай рэдакцыі[1]. Сьпіс блізкі Альшэўскаму летапісу, аналягічны Румянцаўскім летапісе і «Хронічцы» з Патрыяршага зборніка[1].
Летапіс складае апошнюю частку рукапіснага зборніка канца XVI ст. — пачатку XVII ст. У XIX стагодзьдзі зборнік захоўваўся ў кніжні Рускага археалягічнага таварыства, адкуль і атрымаў сваю назву. Цяпер захоўваецца ў фондзе Археалягічнага таварыства ў рукапісным аддзеле Расейскай нацыянальнай кніжні ў Санкт-Пецярбургу[2]. Рукапіс ўпершыню быў апісаны Дзьмітрыем Празароўскім[3].
Акрамя летапісу, зборнік зьмяшчае й іншыя творы: «Список с печатных цесарских и галанских писем, каковы переведены в нынешнем во 178 году октября в 13 день» (лісты 1-9), 10-ы ліст пусты, «Список турского салтана к цесарю римскому з грамоты 1663» (лісты 11-13), «Список з грамоты цесаря римского к турскому салтану» (лісты 13-14), 15-ы ліст пусты, «Послание турского царя Салтана к царю и великому князю Ивану Васильевичю» (лісты 16 -18), «Послание царю и великому князю Ивану Васильевичу бывшаго его боярина князь Андрея Михайловича Курпъского» (лісты 18-20), 21-ы ліст пусты, пераклад зь нямецкага ліста турэцкага султана польскаму каралю (лісты 22-25), «Список» зь ліста турэцкага султана Магамэта «неметцким владетелям» (лісты 25-27), «Казаньне» пра ўезд ў Кракаў Яна Сабескага й пра пахаваньні каралёў Яна Казімера і Міхала Вішнявецкага (лісты 27-29), у лістах з 30 па 42 ўтрымліваюцца розныя весткі. Гэтыя першыя 42 лісты напісаныя некалькімі почыркамі хуткапісам XVII стагодзьдзя на белай мяккай паперы[2].
Уласна летапіс зьмяшчаецца ў другой частцы зборніка, на лістах з 43-га па 73-й абаротны. Ён напісаны адным почыркам паўуставам XVI стагодзьдзя цёмнымі чарніламі на больш шчыльнай і цёмнай, чым першая частка рукапісу, паперы[2]. Пачынаецца летапіс са словаў «тилася, которую называють святая Прикседы, а по руски Поросковея, которой же у Риме и костел збудован» і сканчваецца расповедам пра паход Альгерда на Падольле: «Опят отселе почнем. Коли князь Олкгирд пошол у поле з литовским войском и побил татаров, татарских князей, Качея…». Такім чынам, пачатак і канец летапісу ў рукапісе адсутнічаюць, а пачынаецца ён з паўслова[2].
Упершыню Летапіс Археалягічнага таварыства быў апублікаваны ў XVII томе Поўнага збору рускіх летапісаў (слупкі 246-278). Пры выданьні Станіслаў Пташыцкі аднавіў у летапісе адсутныя месцы паводле Румянцаўскай і Патрыяршага летапісаў, зь першай узяў і загаловак «Кроиники Великаго княжства Литовского и Жомоитскаго»[2]. Перавыдадзены Мікалаем Улашчыкам ў XXXV томе Поўнага збору рускіх летапісаў, дзе займае старонкі зь 91 па 102[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Чамярыцкі В. Летапіс Археалагічнага таварыства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 — С. 190.
- ^ а б в г д е Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 8—9.
- ^ Прозоровский Д. Опись древних рукописей, хранящихся в Музее имп. Русского археологического общества. — СПб., 1879. — С. 66-69.
Літаратура
рэдагаваць- Чамярыцкі В. Летапіс Археалагічнага таварыства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 — С. 190;
- Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 8—9.