Леанід Барадулька

беларускі балетмайстар

Леані́д Сьцяпа́навіч Бараду́лька (1937, Ворша, цяпер Беларусь — 2000) — беларускі балетмайстар.

Леанід Барадулька
Род дзейнасьці балетмайстар
Дата нараджэньня 1 лютага 1937
Месца нараджэньня Ворша, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Дата сьмерці 2 красавіка 2000
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы Віцебская культурна-асьветніцкая вучэльня (1979)
Прафэсія харэограф
Месца працы ансамбль танцу «Лявоніха»
Гады дзейнасьці 1954—2000
Пасада мастацкі кіраўнік ансамблю «Лявоніха»
Тэрмін 1964—2000
Жанры танец
Бацька Сьцяпан Барадулька
Узнагароды Заслужаны працаўнік культуры Беларусі (1982)

Заслужаны працаўнік культуры Беларусі (1982). Мастацкі кіраўнік народнага ансамбля танцу «Лявоніха» (1964—2000) пры Віцебскім гарадзкім цэнтры культуры. Паставіў звыш 80 сюжэтна-тэматычных харэаграфічных кампазыцыяў і народна-сцэнічных танцаў[1].

ЖыцьцяпісРэдагаваць

У 1954 годзе ў 17-гадовым узросьце працаўладкаваўся на «Віцебскі станкабудаўнічы завод» і пачаў займацца ў толькі створаным самадзейным танцавальным гуртку Дома культуры Віцебска. Кіраўніком гуртка быў С.Х. Партны. Празь некалькі гадоў трапіў у Дзяржаўны ансамбль танцу БССР пасьля адбору ў конкурсе. Пазьней атрымаў запрашэньне ў Чырвонасьцяжны ансамбль імя Аляксандрава, але ў 1964 годзе вярнуўся ў Дом культуры Віцебска, дзе ўзначаліў свой танцавальны гурт, які атрымаў назву «Лявоніха». Для вывучэньня беларускіх народных танцаў езьдзіў па раёнах Віцебскай вобласьці. У выніку паставіў танец «Беларуская кругавая кадрыля», які бытаваў у Бешанковіцкім раёне. У 1971 годзе ансамбль «Лявоніха» атрымаў годнасьць народнага. У 1974 годзе да 1000-годзьдзя Віцебска стварыў харэаграфічную кампазыцыю «Віцязі». У 1979 годзе скончыў Віцебскую культурна-асьветніцкую вучэльню[1].

У 1980-м народны ансамбль «Лявоніха» з харэаграфічнай кампазыцыяй «Алімпійскі факел» выступіў на 22-х Алімпійскіх гульнях у Маскве (Расейская СФСР). У 1982 годзе атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага працаўніка культуры Беларусі. За 36-гадовую працу ў «Лявонісе» паставіў такія сюжэтна-тэматычныя харэаграфічныя кампазыцыі і народна-сцэнічныя танцы, як «Беларускія хлопцы», «Кросны», «Крыжачок», «Лявоніха», «Старасьвецкая кадрыля» і «Таўкуша». Адначасна быў дарадцам Віцебскага абласнога навукова-мэтадычнага цэнтру народнай творчасьці і культурна-асьветніцкай працы. Выкладаў беларускі народны танец на віцебскіх абласных сэмінарах харэограваў і курсах павышэньня кваліфікацыі культурна-асьветніцкіх працаўнікоў. У пастаноўках найбольшую ўвагу надаваў прастораваму малюнку і плястыцы пляскі Беларускага Паазер’я[1].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в Віцебская абласная бібліятэка. Барадулька Леанід Сьцяпанавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2012 г. Праверана 18 студзеня 2022 г.