Крыжачок

беларускі народны танец

Крыжачок, Паўлючок, Крыжык, Крыж Антошка[1][2] — арнамэнтальны парна-масавы беларускі народны танец. Крыжачок вядомы таксама і ў Польшчы[3], што тлумачыцца тэрытарыяльнай блізкасьцю.

«Крыжачок» на паштовай марцы Беларусі

Харэаграфія

рэдагаваць

Выконваецца любой колькасьцю параў у хуткім танцы. Малюнак танца мудрагелісты і складаны, нагадвае геамэтрычны арнамэнт[4][5]. Мае мноства варыянтаў, дзе крыж уяўляецца ў малюнках, на плоскасьці, у пабудове выканаўцаў, у паставе рук партнэраў. Так, у Віцебскай вобласьці танцоры станавіліся парамі ў малюнку крыжа і шлі па крузе, зьлёгку падскокваючы. У Брэсцкай — чатыры пары, разьмясьціўшыся накрыж адна супраць другой, па чарзе ныраюць у вароты, якія стварыла пара насупраць. У Гарадзенскай вобласьці чатыры хлопцы, злучыўшы ў цэнтры рукі крыж-накрыж, ідуць па крузе, а дзяўчаты пэрыядычна перабягаюць да партнэраў, якія стаяць наперадзе. У Магілёўскай вобласьці танцуюць парамі, склаўшы накрыж рукі, з высокім спружыністым падскокам[2].

У адных раёнах яго называюць Крыжачок, ад слова крыж. Для яго характэрна разьмяшчэньне танцуючых крыжам і іх пераходы крыж-накрыж. У іншых раёнах ён завецца Кружачок і будуецца пераважна на рухах па крузе[6].

Музыка танца народная, музычны памер 2/4. Тэмп жвавы[7].

У разьвіцьці гэтага танца бачную ролю адыграў К. А. Алексютовіч[4]. Ён узбагаціў яго новымі элемэнтамі руху, унёс разнастайнасьць у малюнак, увёў сольнае выкананьне, зьмяніў тэмп, пасьля эмацыйнай завязкі ідзе павольная лірычная сольная частка, якую выконваюць адна або дзьве пары. Астатнія танцуючыя служаць фонам, яны як бы акампануюць салістам. Заключная частка носіць вясёлы, задзірысты характар ​​і адрозьніваецца на рэдкасьць маляўнічым малюнкам, які хутка зьмяняецца[4].

У культуры

рэдагаваць

Па адной з вэрсіяў, назва зьвязаная з народным назвай дзікага качара — «Крыжак», сам жа танец адносяць да групы танцаў, якія пераймаюць рухі птушак[8]. Паводле іншай вэрсіі, назва паходзіць ад слова «крыж», бо ў танцы выкарыстоўваюцца пабудовы крыжам і пераходы крыж-накрыж[4].

Сцэнічныя варыянты «Крыжачка», створаныя ў 1920-я гады К. Алексютовічам, выкарыстаны ў балеце В. Залатарова «Князь-возера» і ў балеце М. Крошнера «Салавей»[4][7].

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Праграма-інструкцыя для зьбіральнікаў беларускай Музычны-этнаграфічнай творчасьці, с. 46
  2. ^ а б Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў.- Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с ISBN 5-33801097-8
  3. ^ Энциклопедический музыкальный словарь. — М.: 1959. — С. 120..
  4. ^ а б в г д Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с с ил.
  5. ^ Моменты игры  (рас.)
  6. ^ Белорусские народные танцы  (рас.)
  7. ^ а б Этнаграфія Беларусі: Энцыкляпэдыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9.  (бел.)
  8. ^ Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя, т. 6, Мінск, 1972, с. 135

Літаратура

рэдагаваць
  • Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышэйш. школа», 1978. 528 с с ил.