Кірыла (Патрыярх Маскоўскі)

(Перанакіравана з «Кірыла (Гундзяеў)»)

Патрыя́рх Кіры́ла (Кірыл; сапраўднае імя — Уладзі́мер Міха́йлавіч Гундзя́еў; нарадзіўся 20 лістапада 1946 году, Ленінград) — япіскап Расейскай праваслаўнай царквы, 16-ы патрыярх маскоўскі і ўсяе Расеі (з 1 лютага 2009 году). Мітрапаліт смаленскі і калінінградзкі (на Смаленскай катэдры з 26 сьнежня 1984 году), старшыня сынадальнага Аддзелу замежных царкоўных дачыненьняў (14 лістапада 1989 — 1 лютага 2009 году) і сталы сябар Сьвятога Сыноду РПЦ.

Кірыла (Патрыярх Маскоўскі)
па-расейску: Кирилл
Адукацыя
Дзейнасьцьправаслаўны сьвятар, спэцыяльны агент, праваслаўны япіскап
Сапраўднае імяпа-расейску: Владимир Михайлович Гундяев
Нарадзіўся20 лістапада 1946(1946-11-20)[1][2][3][…] (78 гадоў)

Узнагароды
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 20 лістапада 1946 году ў Ленінградзе ў сям’і сьвятара. Скончыў Ленінградзкую духоўную сэмінарыю, потым — Ленінградзкую духоўную акадэмію (1970). У 1969 годзе пастрыгся ў манахі.

У 1971—1988 гадох служыў на пасадах прадстаўніка маскоўскага патрыярха пры Ўсясьветнай радзе цэркваў, намесьнікам патрыяршага экзарха Заходняй Эўропы, намесьнікам кіраўніка аддзелу замежных царкоўных дачыненьняў, кіраваў патрыяршымі прыходамі ў Фінляндыі.

Япіскап Расейскай праваслаўнай царквы, мітрапаліт смаленскі і калініградзкі (на Смаленскай катэдры ад 1984 году); ад 1989 году — старшыня сынадальнага аддзелу замежных царкоўных дачыненьняў і сталы сябар Сьвятога Сыноду.

6 сьнежня 2008 году, па сьмерці патрыярха Аляксія II, стаў месцатрымальнікам патрыяршага пасаду. Неўзабаве на Архірэйскім саборы абралі трох кандыдатаў на патрыяршы пасад (амаль 200 архірэяў бралі ўдзел у галасаваньні: 97 прагаласавалі за мітрапаліта Кірыла, 32 — за мітрапаліта калускага і бораўскага Клімэнта, і 16 — за кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта менскага і слуцкага Філарэта (Вахрамеева)). У дзень галасаваньня на Памесным саборы мітрапаліт Філярэт узяў самаадвод і заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за кандыдатуру мітрапаліта Кірыла. 27 студзеня 2009 году на Памесным саборы Расейскай праваслаўнай царквы ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве абраны 16-м патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі. Больш за 700 дэлегатаў бралі ўдзел у таемным галасаваньні: за мітрапаліта Кірыла аддалі свае галасы 508 дэлегатаў, за Клімэнта — 169. Інтэрнізацыя адбылася 1 лютага 2009 году.

8 сьнежня 2009 году атрымаў ад А. Лукашэнкі беларускі ордэн Дружбы народаў[4].

Адстойвае геапалітычны канцэпт «расейскі сьвет» (па-расейску: «русский мир»[5]), які вызначаецца як агульная «цывілізацыйная прастора», збудаваная на трох слупах:

1) праваслаўе
2) расейская мова і культура як фактары, якія маюць аб’ядноўваць народы «расейскага сьвету»
3) «агульная гістарычная памяць і агульныя погляды на грамадзкае разьвіцьцё»[6]

Супраца з спэцслужбамі, гандаль тытунем і побытавая раскоша

рэдагаваць

У сакавіку 2018 годзе ў час свайго візыту ў Баўгарыю Кірыл (Гундзяеў) выказаў у прысутнасьці прэзыдэнта краіны прэтэнзіі да баўгараў. Ён некалькі хвілін гаварыў пра сваё расчараваньне тым, як у Баўгарыі інтэрпрэтуецца вызваленне ад туркаў. Паводле кіраўніка Маскоўскага патрыярхату, пералічэньня ў сьпісе нацыяў, якім падзякавалі за вызваленьне, нароўні з расейцамі народаў былой Расейскай імпэрыі — беларусаў, палякаў, фінаў, летувісаў — зьяўляецца прымяншэньнем ролі Расеі ў гэтых падзеях. Гэта выклікала рэакцыю баўгарскіх уладаў. Віцэ-прэм’ер Валеры Сімяонаў упершыню на высокім узроўні агучыў інфармацыю пра тое, што Кірыла (Гундзяева) называюць тытунёвым мітрапалітам Расеі, бо з 1996 году ён завёз на 14 мільярдаў даляраў безакцызных цыгарэт. Таксама віцэ-прэм’ер зазначыў раней паказаную ў мас-мэдыя раскошу, якая атачае кіраўніка Маскоўскага патрыярхату (асабісты самалёт, гадзіньнік за 30 тысячаў даляраў). Апроч таго, ён зьвярнуў увагу на тое, што Кірыл (Гундзяеў) — даведзены агент КДБ СССР з пазыўным «Міхайлаў»[7].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Кірыла (Патрыярх Маскоўскі)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў