Кацярына Жаркова
Кацярына Мікалаеўна Жаркова (нарадзілася 30 кастрычніка 1981 году, Менск, Беларуская ССР, СССР) — тэлепрадусарка і фотамадэль родам зь Беларусі.
Кацярына Жаркова | |
Дата нараджэньня | 30 кастрычніка 1981 (43 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск (Беларусь) |
Рост | 178 см |
Грудзі | 105 см |
Стан | 84 см |
Сьцёгны | 115 см |
Колер валасоў | бялявыя |
Вочы | карыя |
zharkova.com |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзілася ў сям’і вайсковага афіцэра Мікалая Жаркова і прафэсійнага фатографа Надзеі Жарковай. У верасьні 1982 г., ва ўзросьце 7 месяцаў пераехала з бацькамі ў Чукоцкую аўтаномную акругу (Расейская СФСР). Пазьней сям’я пераяжджала ў Маскву і Смаленск. Зь верасьня 1991-га па травень 1994 году навучалася ў школе на ўсходзе Нямеччыны, дзе скончыла 4—7 клясы. Затым вярнулася з бацькамі ў Смаленск (Расея), дзе з 14 гадоў пачала займацца ў мадэльным агенцтве «Подыюм» у якасьці поўнай манэкеньніцы[1]. У верасьні 1999 году паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў (Хімкі, Маскоўская вобласьць), які скончыла ў чэрвені 2003 году.
У лістападзе 2006 г. стала першай поўнай фотамадэльлю, якая трапіла на старонкі расейскага выданьня амэрыканскага часопіса «Касмаполітан». Затым сыграла шэраг эпізадычных роляў у расейскіх сэрыялах, пасьля чаго ўладкавалася асыстэнткай прадусара на маскоўскім тэлеканале «Муз-ТБ». Пазьней атрымала павышэньне да тэлепрадусаркі. Сярод супрацоўнікаў тэлебачаньня сустрэла свайго мужа. 15 сьнежня 2009 г. выйграла расейскі конкурс поўных мадэляў «Салодкая жанчына». На пачатку 2010 г. стала вядоўцай 2-гадзіннай ранішняй перадачы на расейскім тэлеканале «ТНТ». У 2-й палове 2010 г. выехала па «Зялёнай карце» ў ЗША, дзе зьнялася ў рэкляме жаночага адзеньня для гандлёвых сетак «Мода для фігуры» (Нью-Ёрк), «Назаўжды 21» (Лос-Анджэлес, штат Каліфорнія) і «Срэбраныя джынсы» (Вініпэг, правінцыя Манітоба, Канада). У 2011 г. ажыцьцявіла ў Нью-Ёрку фотасэсію з фатографам Вікторыяй Джанашвілі. У студзені 2012 г. нью-ёрскі часопіс «Поўная мадэль» суправадзіў рэдактарскі артыкул «Поўныя целы, што ж зь імі ня так» здымкамі той фотасэсіі, якая праходзіла сумесна з хударлявай фотамадэльлю. На здымках Кацярына Жаркова выглядала здаравейшай за сваю хударлявую калегу. Кожны здымак суправаджаўся надпісамі датычна анарэксіі, у тым ліку: «Большасьць мадэляў-пачаткоўцаў маюць індэкс масы цела, характэрны для анарэксіі»[1]. Пазьней стала фотамадэльлю нью-ёрскага агенцтва «Вільгельміна».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Ніна Шчарбачэвіч. Жанчыны-«пышкі» сталі апэтытнымі // Чырвоная зьмена. — 26 красавіка 2012. — № 8 (15694). — С. 8.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Каця Жаркова (анг.) // Часопіс «Поўная мадэль» (Нью-Ёрк), 16 сьнежня 2014 г. Праверана 11 чэрвеня 2017 г.