Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Рось)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Краіна Беларусь
Вёска Рось
Каардынаты 53°17′03.3″ пн. ш. 24°27′00″ у. д. / 53.28425° пн. ш. 24.45° у. д. / 53.28425; 24.45Каардынаты: 53°17′03.3″ пн. ш. 24°27′00″ у. д. / 53.28425° пн. ш. 24.45° у. д. / 53.28425; 24.45
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль клясыцызм
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на мапе Беларусі
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы — помнік архітэктуры канца XVIII — пачатку XIX ст. у Росі. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Дзейнічае. Твор архітэктуры клясыцызму.

Гісторыя рэдагаваць

 
Касьцёл, да 1939 г.

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Першы драўляны касьцёл ў Росі збудавалі ў канцы XVI ст. У 1682 годзе з фундацыі ўладальніка маёнтку Марцыяна Аляксандра Агінскага збудавалі новы драўляны касьцёл. У 1740 годзе ў Росі зьявілася місія Шчучынскага піярскага калегіюму. Пры парафіі дзейнічалі школа і шпіталь.

У 1770 годзе з фундацыі новага ўладальніка мястэчка графа Яўхіма Патоцкага пачалося будаваньне мураванага касьцёла, якое, аднак, зацягнулася (на 1796 год будынак вымуравалі толькі да вокнаў).

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Рось апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1802 годзе аднавілася будаваньне касьцёла. 12 ліпеня 1808 году новы касьцёл асьвяціў ксёндз Францішак Цыбульскі. Таго ж году збудавалі мураваную плябанію. У 1838 годзе побач з касьцёлам паставілі драўляную званіцу.

У 1872 годзе касьцельны пляц абнесьлі новай драўлянай агароджай. У 1901—1903 гадох праводзіўся грунтоўны рамонт касьцёла. У 1914 годзе збудавалі мураваную касьцельную званіцу, дзе зьмясьцілі 3 званы.

Найноўшы час рэдагаваць

У 1924 годзе дах касьцёла пакрылі новай гонтай. У 1928 годзе сабралі сродкі на мураваную агароджу. У міжваенны час пры касьцёле дзейнічаў манаскі дом Сясьцёр Місіянэрак Сьвятой Сям’і. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся. У 1958 годзе праводзіўся рамонт даху з заменай крокваў, у 1985 годзе дах пакрылі бляхай.

У 1990-я гады парафіі цалкам вярнулі плябанію, у 1999—2002 гадох праводзілася рэканструкцыя касьцёла.

Архітэктура рэдагаваць

Помнік архітэктуры клясыцызму. Гэта выцягнуты бязьвежавы прастакутны ў пляне аб’ём з трансэптам і паўцыркульнай апсыдай. Над галоўным фасадам 2-прыступкавы парамэт з фігурным усечаным шчытом. Фасады аздабляюцца гарызантальным рустам, апярэзваюцца спрошчаным карнізам і трыгліфным фрызам.

Унутраная прастора перакрываецца драўляных цыліндрычным скляпеньнем. Уздоўж 6акавых сьценаў праходзіць галерэя з драўлянай агароджай. Сьцены завяршаюцца масіўным карнізам з сухарыкамі. Над уваходам месьцяцца хоры на чатырох цыліндрычных калёнках. На сьценах, скляпеньнях асноўнага аб’ёму і алтарнай часткі разьмяшчаюцца маляўнічыя кампазыцыі на біблійныя тэмы і дэкаратыўная размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленьне прасторы. Пэрымэнтрам сьценаў у аркавых нішах разьмяшчаюцца выявы 12 апосталаў, пад хорамі — 4 сымбалі эвангелістаў у мэдальёнах, над хорамі — выявы музычны інструмэнтаў. Тры драўляныя алтары маюць выгляд карынцкай калянады з скульптурамі сьвятых і анёлаў і дэкаруюцца накладной пазалочанай разьбой. У інтэр’еры захоўваецца абраз «Маці Божая зь дзіцем», перанесены ў 1945 годзе з капліцы ў Мачульне. У левым крыле трансэпта знаходзіцца мармуровы надмагільны помнік Соф’і з Пацаў (1849—1909). Падлога з керамічных плітак, выкладзеная ў 1901 годзе (пра што сьведчыць дата «A.D. 1901» на падлозе пад нартэксам, а арыгінальны рысунак раскладкі пліткі захоўваецца ў парафіяльным архіве).

У межах агароджы касьцёла асобна стаіць 2-ярусная мураваная званіца[1].

Галерэя рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Карла Маркса, 1

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 317.

Літаратура рэдагаваць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць