Звычайны канюк
Звычайны канюк (па-лацінску: Buteo buteo) — птушка з атраду сокалападобных (Falconiformes) сямейства ястрабіных (Accipitridae). Звычайны канюк зьяўляецца самай распаўсюджанай птушкай з атраду сокалападобных у Цэнтральнай Эўропе.
Звычайны канюк | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Сокалападобныя |
Сямейства | Ястрабіныя |
Род | Buteo |
Від | B. Buteo |
Бінамінальная намэнклятура | |
Buteo buteo | |
Звычайны канюк вельмі лёгка прыстасоўваецца да асяродзьдзя: бязь цяжкасьцей адаптуецца да новых жыцьцёвых арэалаў і хутка зьмяняе свае харчавальныя звычкі. Сустракаецца на працягу круглага году практычна ва ўсіх геаграфічных ляндшафтах: ад раўнін да гарыстай мясцовасьці і ад урэдзь заселеных мясьцін да ўскраін буйных гарадоў.
Распазнаць звычайнага канюка ў небе няцяжка па характэрным лунальным палёце, шырокіх закругленых крылах і адносна кароткім круглаватым хвасьце. Афарбоўка пер’я птушкі дастаткова пераменная: ад амаль што цалкам у белы колер афарбаваных асобін да цёмна-бурых экзэмпляраў. Пры гэтым не назіраецца ніякая залежнасьць паміж геаграфічнымі варыяцыямі і афарбоўкай птушкі. Гэтая адметная рыса асабліва яскрава адлюстраваная ў францускім варыянце назвы птушкі — «Buse variable» (канюк пераменны). Варыятыўны характар афарбоўкі пер’я звычайнага канюка выклікае падчас цяжкасьці ў адназначнай клясыфікацыі птушкі, асабліва для назіральніка бяз вопыту. Распазнаць птушку можна таксама па характэрным далёка ў асяродзьдзі чутным крыку канюка, які чымсьці нагадвае гук «хьее» альбо «кііі».
Гнёзды звычайныя канюкі віюць амаль што заўсёды ў лесе і палююць на адкрытых навакольных тэрыторыях, напрыклад, палях. У спэктрум здабычы звычайнага канюка ўваходзяць дробныя млекакормчыя: пераважна палявыя мышы; харчуецца таксама маладымі птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, казюлькамі ды чарвякамі і нават здыхлінай. На ахвяру кідаецца зь сядзячага становішча і дастаткова рэдка зь нізкага шукальнага палёту.
У сакавіку альбо сярэдзіне красавіка самка кладзе 2—4 яйкі, наседжвае патомства без выключэньняў толькі самка, працягласьць наседжваньня складае 33—35 сутак, птушаняты пачынаюць пакідаць гнёзды праз 40—50 дзён з моманту кладкі яек.
Колькасьць папуляцыі звычайнага канюка, як правіла, залежыць ад колькасных паказчыкаў папуляцыі палявых мышэй адпаведнага жыцьцёвага арэалу. Пры невялікай колькасьці палявых мышэй значна павялічваецца квота птушак, якія не адкладваюць яйкі і не наседжваюць патомства.
Узрост птушкі можа дасягаць дваццаці гадоў, у няволі звычайны канюк дасягае нават значна большага ўзросту. Звычайная даўжыня цела дарослай птушкі — 51—57 сантымэтраў, размах крылаў — ад 110 да 130 сантымэтраў. Вялікімі групамі птушкі зьбіраюцца толькі ў час пералёту на зімнія кватэры. Па зьнешнім выглядзе звычайнага канюка дастаткова лёгка пераблытаць з касматаногім канюком (Buteo lagopus).
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЗвычайны канюк — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў