Кантрафорс

архітэктурны элемэнт

Кантрафорс (ад францускага contreforce — «процідзейная сіла») — вэртыкальная канструкцыя ў форме выступа, рабра, папярочнай сьценкі са зьнешняга ці ўнутранага (унутраны кантрафорс) боку сьцяны. Рэдка сустракаюцца кантрафорсы ў выглядзе асобна стаячага слупа-апоры, адасобленага ад збудаваньня. Прызначаны для ўзмацненьня сьцяны ў найбольш напружаным месцы і перайманьня ціску распору скляпеньняў.

Апсыда касьцёлу ў Ішкальдзі, ўзмоцненая масіўнымі кантрафорсамі
Капітуляр катэдры ў Лінкальне мае кантрафорсы ў выглядзе асобна стаячых слупоў, злучаных са сьцяною аркбутанамі.

Шырокае распаўсюджаньне кантрафорс, як элемэнт канструкцыі, атрымаў у гатычнай архітэктуры, што было зьвязана з фарміраваньнем т.зв. каркаснай структуры будынка. Сэнс палягаў у пераразьмеркаваньні цяжару скляпеньняў на пяты скляпеньняў (у раманскай архітэктуры цяжар мураваных скляпеньняў пераходзіў на ўсю сьцяну), якія абапіраліся на сьцены звонку ўзмоцненыя кантрафорсамі. у базылікальных храмах, дзе галоўны нэф быў вышэй за бакавыя дзеля перадачы цяжару на вонкавыя кантрафорсы выкарыстоўвалі дадатковыя канструкцыі — т. зв. аркбутаны, якія ўялялі сабою палову аркі стральчатай формы. У далейшым каркасныя канструкцыі з выкарыстаньнем кантрафорсаў і аркбутанаў шырока выкарыстоўваліся ў архітэктуры нэаготыкі.

Каркасная канструкцыя гатычнага храма, зьлева — сыстэма кантрафорсаў і аркбутаўнаў, якія пераймаюць цяжар крыжовых гатычных скляпеньняў

У ВКЛ (у праватнасьці, на тэрыторыі сучаснай Беларусі) былі распаўсюджаны чатырохслуповыя зальныя храмы, у якіх шырока выкарыстоўваліся магутныя зьнешнія кантрафорсы, аднак не было патрэбы ва ўжываньні аркбутанаў (зальны храм мае роўнавысокія нэфы). Рэдкае выключэньне ўяўляе сабою перабудаваны Вітаўтам ў пачатку XV ст. касьцёл Сьвятога Станіслава ў Вільні ў стылі нямецкай катэдральнай готыкі. Ён меў высокі цэнтральны нэф, цяжар скляпеньняў якога пераймалі і перадавалі на бакавыя кантрафорсы шэрагі аркбутанаў.

Вылучаюць шэраг асобных тыпаў кантрфорсаў, у тым ліку дыяганальны, які ўзводзіца на вуглу будынку, утвараючы са сьценамі вугал у 135°. У прыватнасьці, дыяганальнымі кантрафорсамі ўзмоцненыя фасады касьцёлаў ва Ўселюбе і ў Ішкальдзі.