Зальны храм — храм, унутраны аб’ём якога вызначаюць два ці больш роўнавысокіх нэфы. У гэтым ён супрацьстаіць базылікальнаму храму, які мае розныя па вышыні нэфы. Зальным таксама могуць называць аднанэфавы храм без трансэпту.

Тры роўнавысокія нэфы зальнага касьцёлу Сьв. Якуба ў Брно

Амаль заўжды ўсе нэфы зальнага храма накрытыя адзіным цэльным двухсхільным дахам. Трэба адрозьніваць два віды псэўдабазылікальных храмаў:

  • зальны храм з роўнавысокімі нэфамі мае ў цэнтры штучнае падвышэньне, што разьбівае суцэльны двухсхільны дах на цэнтральную і дзьве бакавыя часткі і стварае, такім чынам, вонкавую бачнасьць базылікальнага храма
  • зальны храм мае моцна падвышаныя, або выцягнутыя скляпеньні цэнтральнага нэфу ў параўнаньні з двумя бакавымі. Такое ўнутранае вырашэньне робіць уражаньне базылікальнага храма, што аднак не адпавядае рэчаіснасьці, бо ў базылікальным храме цэнтральны нэф мусіць мець дадатковую зону з ваконнымі праёмамі вышэй бакавых нэфаў.

Зальныя храмы характэрныя для нямецкай зондэрготыкі, пашыраныя і ў готыцы ВКЛ.