Канстантын Валасовіч
Канстанты́н Ада́мавіч Валасо́віч (Валасе́віч, Валласовіч; 1869—1919) — прыродазнавец, геоляг, дасьледчык Арктыкі беларускага паходжаньня.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 21 траўня (2 чэрвеня) 1869 г. у в. Ёдчыцы (в. Старчыцы[1]) Старобінскай воласьці Слуцкага павету Менскай губэрні (паводле іншых зьвестак у 1866 г. у Санкт-Пецярбургу[2]) Расейскай імпэрыі ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага сьвятара (былога уніяцкага сьвятара [3]), дзе было шасьцёра дзяцей (тры сыны і тры дачкі). Маці паходзіла са шляхціцаў Лісоўскіх. Іхнія нашчадкі таксама памяталі, што іх прозьвішча мела раней напісаньне — Валасевіч[4]. У 1888 г. праваслаўны сьвятар Адам Валасовіч меў у Аножках 40 дзяцінаў зямлі.
Вучыўся ў Менскай духоўнай сэмінарыі, але курсу навучаньня не скончыў (паводле іншых зьвестак скончыў духоўную сэмінарыю і пасьпеў папрацаваць псаломшчыкам у Бабруйскім і Наваградзкіх паветах Менскай губэрні[5]), дзе далучыўся да гуртка «Народнай волі».
Здаў іспыты на атэстат сталасьці ды паступіў на факультэт прыродазнаўчых навук Варшаўскага ўнівэрсытэта, там жа ўвайшоў сацыял-дэмакратычную групу Іваніцкага-Пескіна. У 1892 г. Валасовіч са ступеньню кандыдата прыродазнаўчых навук за працу па арганічнай хіміі «Аб акісьленьні карычневага сьпірту і атрыманьне фэнол-гліцэрыну» скончыў унівэрсытэт. Яму прапанавалі працу ў Санкт-Пецярбурзе і ён пачаў працаваць у хімічнай лябараторыі Акадэміі навук, а потым ў Лясным інстытуце. Таксама зрабіўся хатнім настаўнікам ў доме А. В. Стэнбак-Фэрмара, якому належала амаль палова Уралу.
Аднак ў 1894 г. паліцыя правяла масавыя арышты чальцоў варшаўскіх рэвалюцыйных арганізацый. Усплыло і імя Валасовіча. Ён быў арыштаваны ды зьняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасьці, а потым перавезены ў Варшаўскую цытадэль.
У 1895 г. яго саслалі ў Архангельскую губэрню на 5 гадоў.
У студзені — сакавіку 1897 гаду, падчас сваёй шэнкурскай ссылкі, ён выяжджаў у Вялікамікалаеўскую, Ліпоўскую і Вусцьпадзеньгскую воласьці, вывучаў там смалакурную справу. У лютым 1898 г. ён працягваў гэтае дасьледаваньне ва Вусьцьваскай воласьці. Валасовіч вёў навуковыя дасьледаваньні на Муд’южскім маяку, удзельнічаў у геалягічных дасьледаваньнях на Паўночнай Дзьвіне і ў Кемскім вуезьдзе. У кастрычніку 1898 г. праектаваў каніфольна-тарпатынавы завод у Варавінскай абшчыне Архангельскага вуезда.
На час ссылкі Валасовіча якраз у Архангельскай губэрні апынулася экспэдыцыя, якую ўзначальваў прафэсар В. Амаліцкі. Пад ягоным кіраўніцтвам Валасовіч вывучаў геалягічную структуру берагоў Паўночнай Дзьвіны, ды ад Заалягічнага музэю дасьледаваў жывёльны сьвет Белага мора.
Па ў лістападзе 1899 г. выехаў у Санкт-Пецярбург. дзеля ўдзелу ў падрыхтоўцы палярнай экспэдыцыі Э. В. Толя.
Вядомы палярны дасьледнік таго часу Эдуард Васільевіч Толль [Eduard Gustav von Toll], чытаючы навуковыя публікацыі Валасовіча, прыняў нечаканае рашэньне запрасіць маладога навукоўца ў Паўночную Палярную Экспэдыцыю.
8 чэрвеня 1900 г. ад Санкт-Пецярбургу на шхуне «Заря» вырушылі удзельнікі Расейскай палярнай экспэдыцыі (1900—1902) пад кіраўніцтвам Эдуарда Толя, якая была заарганізаваная Імпэратарскай Акадэміяй навук і мела за мэту дасьледаваньне часткі Паўночнага Ледавітага акіяна на поўнач ад Новасыбірскіх выспаў ды пошук легендарнай Зямлі Саньнікава. Узначальваць дапаможную санкавую партыю, якая павінна была стварыць харчовыя базы па мяркуемаму шляху экспэдыцыі, быў запрошаны Валасовіч, які выехаў з Пецярбургу восеньню 1900 г., ужо пасьля адыходу шхуны «Заря» у плаваньне. Да партыі ў якасьці тапографа і астранома быў прыкамандзіраваны М. Арлоў, які павінен быў весьці магнітныя дасьледаваньні паміж Якуцкам ды Вусьць-Янскам. Валасовіч у Іркуцку зьвярнуўся да іркуцкага ваеннага генэрал-губэрнатара дазволіць ссыльным А. Фейту (лекару і заолягу), У. Вазьнясенскаму (былому горнаму інжынэру) ды Ёсіпу Цёнглінскаму (былому варшаўскаму студэнту-прыродазнаўцу) прыняць удзел у экспэдыцыі. Але Фейт і Вазьнясенскі па нейкіх прычынах не прынялі удзелу ў экспэдыцыі. У Якуцку Валасовіч зьвярнуўся да якуцкага губэрнатара аб дазволе ўдзельнічаць у экспэдыцыі ссыльным В. Каціну-Ярцаву (былому студэнту ваенна-мэдычнай акадэміі), П. Аленіну (кансэрватару якуцкага музэю) ды М. Брусьнёву (былому інжынэру-тэхнолягу). У Верхаянск Валасовіч прасьледаваў ў сяло Казачае Верхаянскай акругі Якуцкай вобласьці. Канчаткова партыя склалася ў лютым-сакавіку 1901 г. У яе ўвайшлі: Я. Чыкачоў (мешчанін з Рускага Вусьця); якуты В. Гарохаў ды М. Гулітаў; тунгусы С. Сяргееў, М. Пратадзяканаў, П. Сьляпцоў, юкагіры К. Томскі ды С. Барабанскі. З іх пяць чалавекаў былі занятыя пры сабачых запрэжках, два пры аленях ды адзін на мэтэастанцыі.
З групай з 10 чалавек на пяці сабачых і дзьвюх аленевых запрэжках у сакавіку 1901 г. Валасовіч перабраўся на Новасібірскія выспы. Са сваёй складанай задачай ён зладзіўся вельмі пасьпяхова, уладкаваўшы сем харчовых дэпо на выспах Кацельнай, Фадзьдзееўскай, Новай Сыбіры і Ляхаўскіх.
3 верасьня 1901 г. шхуна «Заря» ўвайшла ў бухту Нерпавую (Нерпалах) выспы Кацельная (Новасыбірскі архіпэляг), дзе на беразе экіпаж разгледзеў маленькую хацінку з плаўніку ды Валасовіча, які са сваімі паплечнікамі сустракаў іх з харчам. Ад 24 верасьня 1901 г. па 14 ліпеня 1902 г. тут экспэдыцыя правяла другую зімоўку. Зімоўка ў лягуне зрабіла Толя ды Валасовіча сябрамі.
У кастрычніку 1901 г. Валасовіч разам з Э.Толем выяжджалі сабачымі запрэжкамі на вусьце р. Рыбнай (Балыктах). У сьнежні 1901 г. у Валасовіча пачала выяўляцца нэўрастэнія і Толь узяў яго з сабою на мацярык, куды ён выправіўся за поштай.
15 студзеня 1902 г. яны праз выспы Вялікую ды Малую Ляхаўскія, дабраліся да Чай-Паварні на мысе Сьвяты Нос, што на беразе праліва Дзьмітрыя Лапцева.
У пачатку лютага 1902 г. бала атрыманая тэлеграма прэзыдэнта Акадэміі навук з указаньнем экспэдыцыі абмежавацца дасьледаваньнем Новасібірскіх выспаў і скончыць плаваньне ў вусьце Лены. Таму Толь адправіў Валасовіча ў Якуцк, каб ён там дамовіўся з уладальнікамі параплава «Лена», што б тыя дапамаглі давезьці да Якуцка ўдзельнікаў экспэдыцыі.
25 жніўня 1902 г. шхуна «Зара» падышла да берага ў бухце Ціксі. 30 жніўня туды падышоў параплаў «Лена» ды забраў тых, хто застаўся з падарожнікаў. 2 верасьня 1902 г. «Лена» адышла ў рэйс і 30 верасьня параплаў падышоў да Якуцку.
9 сьнежня 1902 г. у Санкт-Пецярбургу прайшло паседжаньне Камісіі па рыштунку Расейскай палярнай экспэдыцыі, куды былі запрошаны Матысен, Калчак ды Валасовіч. Усе былі заклапочаны высьвятленьнем лёсу групы Толя і Бірулі, ды аказаньнем ім дапамогі.
З Пецярбургу Валасовіч, разам з жонкай, доктаркай Аляксандрай Мацьвееўнай Ляўровай, выехаў у Цюрых (Швайцарыя) на лячэньне лёгачнай хваробы, дзе сустракаўся у 1903 г. з У. І. Леніным. Там Валасовіч праслухаў спэцыяльны курс па геалёгіі ў Цюрыхскім палітэхнікуме.
Пра ягоныя кантакты з рэвалюцыйнай эміграцыяй зрабілася вядомым ў Пецярбургу і, па вяртаньні ў 1903 г. ў Расею, Валасовіч быў арыштаваны, але дзякуючы хадайніцтвам жонкі яго напрыканцы 1903 г. вызвалілі. Пасьля гэтага Валасовіч цалкам адыходзіць ад рэвалюцыйнага руху. Іхняя ачка Ніна гэты час правяла ў фальварку Ніўкі пад Нясьвіжам, дзе жыла сястра Канстантына Ніна.
Пасьля вызваленьня апрацоўваў геалягічныя калекцыі, сабраныя Рускай палярнай экспэдыцыяй. Дапамагаў удаве Толя Эме падрыхтоўваць да выданьньнядзёньнікі мужа. У 1906 г. ён склаў геоляга-геаграфічнаю карту Новасыбірскіх выспаў.
31 сьнежня 1907 г. якуцкі губэрнатар накіраваў тэлеграму ў Імпэратарскую Акадэмію навук, што ў Верхаянскай акрузе, на рэчцы Санга-Юрах тунгусам Дзяканавым (Джэргелі). быў знойдзены труп маманта.
У 1908 г. Валасевіч узначаліў экспэдыцыю Пецярбурскай Акадэміі навук на раку Санга-Юрах на поўначы Якуцкай вобласьці, дзеля раскопак парэшткаў маманта, якія знайшоў тунгус Дзяканаў (Джэргелі). 22 сакавіка 1908 г. экспэдыцыя прыбыла ў сяло Казачае ў Верхаянскай акрузе Якуцкай вобласьці. 1 красавіка ён, разам з заолягам Пфіцэнмаерам (кансэрватар Тыфліскага музэю) ды ураднікам Якуцкага казацкага палка І. Растаргуевым, выехалі на месца знаходкі і 6 красавіка пачалі раскопкі. Па заканчэньні раскопак экспэдыцыя разьдзялілася: Пфіцэнмаер павёз парэшткі маманта да Лены, а Валасевіч правёў дадатковыя дасьледаваньні.
6 верасьня 1908 г. ён тэлеграмай паведамляў: «У пачатку жніўня закончыў экспэдыцыю на Булуне; дасьледаваны выспы Ляхаўскія, тундра Сьвятога Носу і прыбярэжная тундра да водападзелу Індзігіркі; адкуль краем лесу прайшоў да Лены; адкрыты новыя факты па геалягічнай будове выспаў ды мацерыку».
У 1908 г. Дзяржаўная Дума, Савет міністраў ды Акадэмія навук прыступілі да рашэньня пытаньня аб адкрыцьці рэгулярнага суднаходзтва паміж Уладзівастокам ды Якуцкам праз Бэрынгаву пратоку. Міністэрства гандлю і прамысловасьці, якое лічыла што пачынаць працу неабходна з дасьледаваньня ўзьбярэжжа зьвярнулася ў акадэмічны цэнтар з просьбаю аб камандыраваньні дзеля гэтай мэты загадчыка Геалягічнага музэю І. Талмачова ды геоляга Валасовіча. Было прынятае рашэньне аб стварэньні дзьвюх партыяў. Кіраўніцтва Ленска-Калымскай экспэдыцыі даручылі Валасовічу.
У 1909 г. Валасовіч выехаў, разам з ваенным тапографам М. Іюдзіным ды астраномам Я. Скварцовым, у Якуцкую вобласьць. У Казачае яны прыбылі 20 красавіка 1909 г. Там да іх далучыліся:юкагіры Я. Варакін, М. Энкачан, якут Х. Гарохаў ды казакі Дзячкоў і Турунтаеў. Атрад Валасовіча дамогся бліскучых вынікаў, бо за паўгода ён зьдзейсьніў на 25 астранамічных пунктах тапаграфічную здымку больш дзьвюх тысяч кілямэтраў арктычнага ўзьбярэжжа. Акрамя таго, былі атрыманы найкаштоўныя мэтэаралягічныя, гідралягічныя і геалягічныя матэрыялы па Хараўлахскіх гарах. Экспэдыцыя паказала, што на усім узьбярэжжы ад Лены да Калымы вялікія водмелі акрамя вусьцяў Лены і Калымы. Дзякуючы гэтым дадзеным ў навігацыю 1911 г. з Уладзівастока да Ніжнекалымска быў выпраўлены камэрцыйным рэйсам параплаў «Калыма».
Пасьля заканчэньня экспэдыцыі Валасовіч вярнуўся ў Пецярбург.
Пасяліўся ў дачным прыгарадзе Пецярбурга Лахта, працаваў нейкі час у Акадэміі навук. Падчас змушанага перапынку ў працы, злучанага з абвастрэньнем сухотаў, ён спрабуе выратаваць унікальныя рэшткі маманта, выяўленага на высьпе Вялікай Ляхаўскай.
Вясной 1910 г. па даручэньні Валасовіча прамыслоўцы адправіліся на выспу Вялікая Ляхаўская, каб адкапаць там парэшткі маманта, якія знайшоў А. Гарохаў яшчэ ў 1906 г. на рэчцы Эртэрыкан. Яны выкапалі шкілет і мяккія часткі трупа гэтай жывёлы і даставілі на Лену і праз Іркуцк адправілі па чыгунцы ў Пецярбург. Затым парэшткі правезьлі ў Лахту, у маёнтак Стэнбак-Фэрмэра, у адмысловую лядоўню. Валасевіч прэпараваў парэшткі, а ягоны фундатар граф Стэнбак-Фэрмар падарыў іх, цэлы шкілет і чатыры ступні ў скуры і мясе, кавалкі скуры, Францыі, і яны пад даглядам Валасовіча былі дастаўленыя ў Парыж ды зьмешчаныя ў палеанталягічным музэю (Les Galeries de Paléontologe et d’Anatomie comparée), які Зьяўляецца часткай Парыскага музэю прыродазнаўства (Muséum national d’histoire naturelle).
Таксама бярэ ўдзел у інжынэрна-геалягічных працах па рэканструкцыі Архангельскага порта. Займаецца геалягічнымі дасьледаваньнямі ў Паволжы ды Кубані, Маскоўскай ды Ніжагародзкай губэрнях.
У 1917 г. хворы на сухоты Валасовіч зьехаў у Есентукі, дзе ягоная жонка працавала лекарам. Вывучаў геалёгію Каўказу, арганізоўваў лязарэты для параненых салдатаў у германскай вайне.
Распачатая грамадзянская вайна сарвала шматлікія пляны навукоўца. Новая ўлада, даручыла яму праводзіць геалягічныя дасьледаваньні на Кубані і Доне.
У верасьні 1918 г. Валасовіч выехаў у службовую камандзіроўку ў Харкаў. 25 верасьня 1919 году недалёка ад Харкава, на станцыі Бяспалаўка, махноўцы пусьцілі пад адхон цягнік. Сярод загінуўшых пасажыраў апынуўся і Канстантын Адамавіч Валасовіч. Пахаваны ён быў недалёка ад месца крушэньня. Удава і сын навукоўца ў 1923 г. прыяжджалі туды, але знайсьці ягоную магілу яны не змаглі.
На допыце 21 студзеня 1920 г. перад Сьледчай камісіяй у Іркуцку Колчак на пытаньне чальца камісіі М. А. Аляксееўскага паказаў, што «з заолягам Біруля я да вайны ўвесь час падтрымліваў сувязь, дзе зараз Біруля, я не ведаю. Затым быў яшчэ адзін вялікі прыяцель, таварыш па экспэдыцыі, Валасовіч».[6]
Ягоныя дзёньнікі і запісы захаваліся толькі дзякуючы П. В. Вітэнбургу, які вывез іх і частку калекцый у 1917 г. з лецішча Валасовіча ў Лахце.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьЯгоным іменем названы:
- Sinuplicorhynchia wollosowitschi — кляс замкавых брахіяпад, трыяс Паўночнага Ўсходу Сыбіры.
- Inoceramus vollosovitschi — кляс двухстворкавых малюскаў, сярэдняя юра Паўночнай Сыбіры.
- Picea Wollosowicyii — выкапнёвая елка на рацэ Амалой.
- Мыс Валасовіча — на паўночна-ўсходнім узьбярэжжы выспы Кастрычніцкая рэвалюцыя Архіпэлягу Паўночная Зямля.
- Выспа Валасовіча ў архіпэлягу Паўночная Зямля
- Рэчка Валасовіча — на поўначы выспы Кацельная архіпэлягу Новасыбірскія выспы.
Сям’я
рэдагавацьЯгоны сын Канстантын Канстанцінавіч Валасовіч (1909—1973) скончыў у 1930 г. геалягічны факультэт ЛДУ. Ад 1928 г. працаваў навукова-тэхнічным супрацоўнікам Геалкаму, у 1930 г. зрабіўся начальнікам пошукавай партыі Ленінградзкага ГУ. Ад 1931 г. працаваў у Паўночным ГУ, ад 1940 г. кіраваў сэктарам глыбіннага сьвідраваньня на нафту ды соль. Арыштаваны 30 сьнежня 1941 г. ды асуджаны па арт. 58, п. 10. на 10 гадоў ППЛ. Тэрмін адбываў у сыстэме Красноярсклягу на лесапавале. У 1952 г. быў вызвалены, рэабілітаваны ў 1956 г. Ад 1954 г. працаваў у Варкуцінскай геолягавыведнай экспэдыцыі старэйшым геолягам, затым галоўным інжынэрам. Ад 1960 г. на дасьледчай працы.
Яго жонка Эрна Артураўна Кальбэрг, заслужаны геоляг РСФСР
Творы
рэдагаваць- Геологические наблюдения в нижнем течении Северной Двины, Усть-Пинега — Архангельск. // Труды варшавского общества естествоиспытателей. Варшава. 1897.
- Заметка о постплиоцене в нижнем течении С. Двины. Геологическая экскурсия в 1899 г. СПб. 1900. /Отдельный оттиск из: Материалы для геологии России. Т. ХІІІ. СПб. 1900. С. 249—262./
- Отчет начальнику Русской Полярной Экспедиции о личном составе вспомогательной санной партии и ее работах по устройству спасательных депо. // Известие Императорской Академии наук. Т. XVI. № 5. 1902. С. 240—247.
- О геологическом строении Ново-Сибирских островов и земли Беннета. // Записки Императорского Санкт-Петербургского минералогического общества. II серия. Т. XLIII. СПб. 1905. С. 34-37.
- Петрозаводский морской постплиоцен. СПб. 1908. /Отдельный оттиск из: Материалы для геологии России. Т. ХХІІІ. СПб. 1908./
- Übersicht der wissenschaftlichen Arbeiten Baron Tolls und allgemeine geolgische Resultate seiner letzten Expedition. // Die russische Polarfahrt der «Sarja» 1900—1902. Aus den hinterlassenen Tagebüchern von Baron Eduard von Toll [Hrsg. v. Emmy von Toll]. Berlin. 1909. S. 601—622.
- Раскопки Санга-юрахского мамонта в 1908 году. // Известия Императорской Академии наук. Серия VI. Т. III. № 6. 1909. C. 437—458.
- Сообщение о поездке между Леной и озером Тастах летом 1908 г. // Известия Императорской Академии наук. VI серия. Т. III. № 7. СПб. 1909. С. 511—514.
- Мамонт острова Большого Ляховского (Новосибирские острова). Геологический очерк. Петроград. 1914. /Отдельный оттиск из: Записки Императорского Санкт-Петербургского инералогического общества. II серия. T. L. 1915. C. 305—338./
- Геологические наблюдения в тундре между нижними течениями р. Лены и Колымы (по материалам Санга-юряхской экспедиции 1908 г. и Ленско-Колымской экспедиции 1909 г.) [Ч. I. Геологические наблюдения во время экспедиции за Санга-юряхским мамонтом в 1908 г. (С. 306—326); Ч. II. Геологические наблюдения во время Ленско-Колымской экспедиции 1909 г. (327—326)] Обработал для печати Р. Ф. Геккер. // Труды Комиссии по изучению Якутской Автономной Советской Социалистической Республики. Т. XV. Ленско-Колымская экспедиция 1909 г. под начальством К. А. Воллосовича. Ленинград. 1930. С. 306—356.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Мельнікаў А. В. Валасовіч Канстанцін Адамавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. ІІ. Мінск. 1970. С. 567
- ^ Воллосович Константин Адамович. // Огрызко В. Североведы России. Материалы к библиографическому словарю. Москва. 2002. С. 110
- ^ Ширина Д. А. Польский след в научном изучении Якутии (конец ХІХ — начало ХХ в.) // Ссыльные поляки в Якутии: Итоги, задачи, исследование пребывания. Сборник научных трудов. Якутск. 1999. С. 92
- ^ По следам мамонтов. // Грицкевич В. П. От Немана к берегам Тихого океана. Минск. 1986. С. 271
- ^ Сазановіч У. Сцежкамі мамантаў. // Голас Радзімы. Мінск. № 45. 1988
- ^ Протоколы допроса адмирала А. В. Колчака чрезвычайной слѣдственной комиссіей въ Иркутскѣ 21 января — 7 февраля 1920 г. // Архивъ русской революціи издаваемый І. В. Гессеномъ. Т. Х. Берлинъ. 1923. C. 187.
Літаратура
рэдагаваць- Ciągliński J. Z krain polarnych. Podróż na Wyspy Nowosyberyjskie. // Wszechświat. Nr 47,48,49. 1903.
- Протоколы допроса адмирала А. В. Колчака чрезвычайной слѣдственной комиссіей въ Иркутскѣ 21 января — 7 февраля 1920 г. // Архивъ русской революціи издаваемый І. В. Гессеномъ. Т. Х. Берлинъ. 1923. C. 187.
- Журналы заседаний Российского минералогического общества // Записки Русского Минералогического Общества. Вторая серия. Часть 56. Вып. 1-2. 1927. С. 225—263.
- Комаров В. От Комиссии по изучению Якутской АССР. // Труды Комиссии по изучению Якутской Автономной Советской Социалистической Республики. Т. XV. Ленско-Колымская экспедиция 1909 г. под начальством К. А. Воллосовича. Ленинград. 1930. С. I.
- Геккер Р. Предисловие. // Труды Комиссии по изучению Якутской Автономной Советской Социалистической Республики. Т. XV. Ленско-Колымская экспедиция 1909 г. под начальством К. А. Воллосовича. Ленинград. 1930. С. V—IX.
Гэты артыкул не адпавядае стандартам вікі-фарматаваньня й якасьці Вікіпэдыі. Вы можаце дапамагчы праекту даданьнем дарэчных ўнутраных спасылак альбо паляпшэньнем разьметкі артыкула. |