Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе
Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе — нацыянальная баскетбольная каманда, якая прадстаўляе Беларусь на міжнародных спаборніцтвах па баскетболе.
Беларусь Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе | |||
Асноўныя зьвесткі | |||
---|---|---|---|
Рэйтынг ФІБА | выключаная (26 лістапада 2024) | ||
Чалец ФІБА з | 1992 | ||
Рэгіён ФІБА | Эўропа | ||
Фэдэрацыя | БФБ | ||
Трэнэр | |||
Алімпійскія гульні | |||
Удзелаў | 0 | ||
Мэдалёў | 0 | ||
Чэмпіянаты сьвету | |||
Удзелаў | 0 | ||
Мэдалёў | 0 | ||
Чэмпіянаты Эўропы | |||
Удзелаў | 0 | ||
Мэдалёў | 0 | ||
Форма | |||
| |||
Спасылкі | |||
Вэб-старонка | |||
(абнаўленьне: 26 сьнежня 2024) |
Гісторыя
рэдагавацьПершыя гады
рэдагавацьСвой першы матч баскетбольная зборная Беларусі згуляла 31 траўня 1993 году ў польскім Уроцлаве ў рамках кваліфікацыйнага турніру Эўрабаскет-1993 супраць зборнай Летувы. Матч скончыўся сэнсацыйнай перамогай беларусаў над прызэрамі Алімпійскіх гульняў зь лікам 88:80. Прайграўшы зборнай Польшчы зь лікам 75:81, беларуская каманда ўсё ж такі трапіла ў фінальны раўнд кваліфікацыі. Аднак у трох матчах запар каманда саступіла зборным Украіны, Харватыі і Латвіі, ня здолеўшы кваліфікавацца на чэмпіянат Эўропы.
У чэрвені 1993 году зборная Беларусі пачала адбор да чэмпіянату Эўропы 1995 году, які меўся прайсьці ў Грэцыі. У першы раўнд кваліфікацыі патрапілі нацыянальныя каманды, якія не бралі ўдзел на кантынэнтальным першынстве 1993 году. Зборная Беларусі трапіла ў адную групу з зборнымі Вугоршчыны, Фінляндыі, Румыніі, Ангельшчыны, Альбаніі і Люксэмбургу. Цягам адбору беларускія спартоўцы здабылі толькі дзьве перамогі ў шасьці матчах і ня трапілі ў наступны раўнд кваліфікацыі. На адборы да чэмпіянату Эўропы 1997 году зборная Беларусі заняла першае месца ў групе Б, выгуляўшы зборныя Ірляндыі, Альбаніі, Нарвэгіі і Македоніі і зазнаўшы паразу толькі ад зборнай Нідэрляндаў. Другі і вырашальны раўнд кваліфікацыі беларусы пачалі з трох перамог у чатырох матчах, у тым ліку над лідэрам групы — зборнай Грэцыі зь лікам 82:77. Аднак у наступных шасьці сустрэчах падапечныя Аляксандра Барысава выйгралі толькі аднойчы і занялі 4-е месца, тады як на чэмпіянат Эўропы траплялі толькі тры найлепшыя каманды групы. Цягам таго турніру беларускі форвард Валеры Дайнека стаў другім найлепшым бамбардзірам кваліфікацыі, зарабляючы ў матчы ў сярэднім 25,2 пунктаў[1].
Свой шлях на чэмпіянат Эўропы 1999 году зборная Беларусі пачала з вырашальнага раўнду кваліфікацыі, апынуўшыся ў адной групе з зборнымі Гішпаніі, Ізраілю, Украіны, Ангельшчыны і Даніі. Падчас адбору Анатоль Якубенка зьмяніў Аляксандра Барысава на пасадзе галоўнага трэнэра, аднак беларусы ня здолелі прабіцца на чэмпіянат Эўропы, стаўшы 5-мі ў групе з 3 перамогамі ў 10 матчах. Цэнтравы зборнай Беларусі Аляксандар Куль увайшоў у дзясятку найлепшых падбіральнікаў турніру з 8,2 падборамі ў сярэднім за матч[2]. Праз тры месяцы пачалася кваліфікацыя да чэмпіянату Эўропы 2001 году. У першым раўндзе адбору зборная апынулася ў групе Б і з 19 па 23 траўня 1999 году згуляла матчы з зборнымі Славаччыны, Ісьляндыі, Румыніі, Кіпру і Ўэйлзу. Старт кампаніі быў скамечаным, бо беларусы саступілі румынам зь лікам 67:81. Аднак затым дружына Якубенкі набрала хаду, выйграўшы астатнія чатыры сустрэчы і прайшоўшы ў наступны этап кваліфікацыі. Але займець месца на Эўрабаскет не атрымалася. Цягам 2001 і 2003 гадоў зборная змагалася за месца на чэмпіянаце Эўропы 2003 году. На першым групавым этапе беларусы сталі другімі, апярэдзіўшы зборную Грузіі паводле дадатковых паказьнікаў. У вырашальным раўндзе адбору зборная фінішавала на 5-м месцы з вынікам 3—7 у 10 матчах.
Дывізіён Б
рэдагавацьУ 2005 годзе ФІБА-Эўропа пастанавіла падзяліць чэмпіянаты Эўропы на дывізіёны А і Б. 15 камандаў, якія трапілі ў дывізіён Б у 2005 годзе, былі падзеленыя на 4 групы. Пераможца кожнай групы выходзіў у наступны раўнд, а дзьве наймацнейшыя каманды турніру траплялі ў кваліфікацыю дывізіёну А да чэмпіянат Эўропы 2007 году. Зборная Беларусі, апынуўшыся ў адной групе з зборнымі Аўстрыі, Кіпру і Альбаніі. Турнір для беларускіх спартоўцаў пачаўся з чатырох перамог запараў, дзякуючы чаму беларусы сталіся галоўным кандыдатам на выхад у наступны раўнд. Аднак нечаканая параза ад зборнай Кіпру зь лікам 77:87 і наступная няўдача ў матчы супраць зборнай Аўстрыі зь лікам 60:69 не дазволілі камандзе Барысава разьлічваць на месца ў кваліфікацыі дывізіёну А і загубілі надзею на павышэньне ў клясе. Умовы ў дывізіёне Б у 2007 годзе зьмяніліся. Гэтым разам 14 камандаў былі разьмеркаваныя на тры групы, і толькі чатыры зборныя меліся праходзіць у плэй-оф, у тым ліку пераможцы групаў і найлепшай каманда з другога месца. У кваліфікацыю дывізіёну А чэмпіянату Эўропы 2009 году траплялі толькі дзьве наймацнейшыя каманды. Зборная Беларусі падзяліла другое месца ў групе Б зь Нідэрляндамі, прапусьціўшы наперад зборную Вялікабрытаніі. Па заканчэньні турніру было паўстаноўлена аб зьмене на пасадзе галоўнага трэнэра, то бок месца Аляксандра Барысава, які ачольваў зборную з 2000 году, заняў Аляксандар Папкоў[3]. Патрапіўшы ў групу Б у наступным розыгрышы дывізіёну Б, зборная Беларусі здабыла 7 перамогаў у 8 матчах. Зборная ачоліла групу і кваліфікавалася ў раунд плэй-оф, дзе ў двухматчавая сэрыя супраць зборнай Грузіі скончылася не на карысьць беларусаў. У лістападзе 2009 году галоўным трэнэрам быў прызначаны Міхаіл Фейман[4].
Ужо перад чэмпіянатам Эўропы 2011 году ФІБА-Эўропа аб’явіла аб тым, што гэты турнір стане апошнім у гісторыі дывізіёну Б. Пасьля яго падзел на дывізіёны скасоўваўся. Зборная Беларусі заняла трэці радок у групе Б, перамогшы толькі ў палове матчаў і прапусьціўшы наперад зборныя Швэцыі і Азэрбайджану. Беларускі гульнёвы Сяргей Чарыкаў увайшоў у тройку найлепшых асыстэнтаў турніру, здьзяйсьняючы 4,8 перадачаў у сярэднім за матч. Па завяршэньня кваліфікацыі Фейман падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнэра, а зборную ачоліў ягоны асыстэнт Андрэй Крыванос[5].
Вяртаньне да кваліфікацыі
рэдагавацьПерад пачаткам чэмпіянату Эўропы 2013 году 31 зборная змагалася за 16 месцаў у кваліфікацыйным турніры. Зборная Беларусі трапіла ў адную адборачную групу з зборнымі Італіі, Турэччыны і Чэхіі, спыніўшыся на апошнім чацьвертым радку. Пасьля гэтага новым трэнэрам быў прызначаны Руслан Байдакоў[6].
Кваліфікацыя чэмпіянату Эўропы 2015 году магла стаць гістарычнай для зборнай Беларусі. Пасьпяхова выступіўшы ў першым раўндзе кваліфікацыі і апярэдзіўшы ў групе зборныя Славаччыны і Вугоршчыны. Тым ня менш, беларусы прайгралі зборнай Эстоніі ў паўфінальнай сэрыі паводле розьніцы пунктаў (76:70, 61:79), у выніку чаго зборная мусіла прабівацца на Эўрабаскет праз наступны этап адбору. Увесну 2014 году за чатыры месяцы да матчаў галоўны трэнэр зборнай Руслан Байдакоў падаў у адстаўку[7]. На ягонае месца прыйшоў малады сэрбскі спэцыяліст Душан Гвоздьзіч[8]. Патрапіўшы ў адную групу з зборнымі Бэльгіі, Македоніі і Даніі, зборная Беларусі заняла 3-е месца і ня выйшла ў фінальны раўнд эўрапейскага першынства. Абаронца Віталь Лютыч быў 11-м у сьпісе найлепшых бамбардзіраў кваліфікацыі, зарабляючы ў сярэднім 15,7 пунктаў за матч[9].
Беларуская фэдэрацыя баскетболу адзначыла працу Гвозьдзіча як нездавальняючую і пастанавіла не працягваць супрацу зь ім. У сьнежні 2015 году галоўным трэнэрам зборнай Беларусі стаў Аляксандар Круцікаў[10]. Зборная была блізкая да выхаду на чэмпіянат Эўропы 2017 году. У адборачным турніры ў групе D беларусы спаборнічалі з зборнымі Польшчы, Эстоніі і Партугаліі. Перад апошнім матчы кваліфікацыі зборная прэтэндавала на другі радок групы, які надаваў шанец на прасоўваньне. Аднак нечаканая гасьцявая параза ад аўтсайдэру зборнай Партугаліі зь лікам 77:62 пахавала ўсе надзеі на дэбют у эўрапейскім чэмпіянаце.
Улетку 2017 году зборная Беларусі згуляла свой першы ў гісторыі матч кваліфікацыі чэмпіянату сьвету. У рамках прэкваліфікацыі беларусы згулялі чатыры матчы супраць зборных Баўгарыі і Партугаліі. Гаспадар квітка да наступнага раўнду адбору вырашаўся ў апошняй сустрэчы групавога этапу паміж камандамі Беларусі і Партугаліі. Дзеля выхаду ў наступны этап падапечным Круцікава была патрэбная перамога або параза з розніцай ня больш за два пункты. Зборная Беларусі саступіла ў авэртайме зь лікам 79:78 і прабілася далей. У наступным этапе адбору зборная трапіла ў моцную групу з зборнымі Гішпаніі, Славеніі і Чарнагорыі. Беларусы далі бой зборнай Гішпаніі, саступіўшы зь лікам 82:84, а таксама нечакана перагулялі зборную Славеніі зь лікам 93:92. Аднак выйсьці з групы не атрымалася. Зборная ня здолела адабрацца на чэмпіянат Эўропы 2021 году. У канцы сьнежня 2019 году Беларуская фэдэрацыя баскетболу аб’явіла аб прызначэньні Расьціслава Вергуна на пасаду галоўнага трэнэра зборнай Беларусі[11].
У выніку лёсаваньня беларускія спартоўцы апынулася ў групе А папярэдняга раўнду кваліфікацыі да чэмпіянату сьвету 2023 году. Зборная двойчы выгуляла зборныя Кіпру (97:41, 89:53) і Альбаніі (90:50, 93:72). Зборную Партугаліі Беларусь перамагла ў хатнім матчы (72:56), аднак у гасьцях перамогу сьвяткавалі пірэнэйцы (75:57), у выніку чаго беларуская каманда заняла другі радок у групе. Аднак, гэта дало зборнай права на ўдзел у другім этапе кваліфікацыі. Знаходзячыся ў трэцім кошыку, у выніку лёсаваньня зборная Беларусі апынулася ў групе D. У сувязі з пандэміяй каранавірусу матчы гэтага этапу ладзіліся ў адной краіне — Партугаліі. У групе зборная двойчы сустракалася з зборнай Латвіі (83:92, 60:83) і зборнай Румыніі (77:72, 94:66).
У наступным этапе зборная ў новай групе перамагла зборную Турэччыны (84:70). Аднак, праз падтрымку беларускага боку ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, дэпартамэнт унутраных справаў Вялікабрытаніі 26 лютага 2022 году ануляваў візы зборнай Беларусі перад матчам супраць зборнай Вялікабрытаніі, які мусіў адбыцца ў Ньюкасьле 28 лютага 2022 году[12].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «1997 European Championship for Men: Belarus». FIBA.
- ^ «1999 European Championship for Men: Belarus». FIBA.
- ^ «Назначение. Александр Попков: надеюсь отказников в сборной не будет». Прессбол.
- ^ «Вакансия. Сборную примет Фейман». Прессбол.
- ^ «Михаил Фейман покидает пост главного тренера мужской сборной Беларуси». Прессбол.
- ^ «Назначение. Антикризисный вариант». Прессбол.
- ^ «Белорусская федерация баскетбола ищет главного тренера мужской сборной». Tut.by.
- ^ «New Start For Belarus Under Gvozdic». FIBA.
- ^ «2015 EuroBasket: Belarus». FIBA.
- ^ «Александр Крутиков станет главным тренером мужской национальной сборной Беларуси». Беларуская фэдэрацыя баскетболу.
- ^ «Ростислав Вергун возглавил мужскую сборную Беларуси». Беларуская фэдэрацыя баскетболу.
- ^ I have cancelled the visas of the Belarusian Men’s Basketball Team who were due to play in Newcastle tomorrow night (анг.) Прыці Патэль у Twitter