Мужчынская зборная Летувы па баскетболе

Мужчынская зборная Летувы па баскетболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Летувы на міжнародных баскетбольных турнірах. Зборная была вельмі пасьпяховая ў міжваенны час, калі зборнай двойчы скарыўся тытул чэмпіёнаў Эўропы ў 1937 і 1939 гадах. Не зважаючы на невялікія памеры краіны з насельніцтвам менш за 3 мільёны чалавек, схільнасьць краіны да баскетболу зрабіла Летуву традыцыйна моцнай зборнай ў Эўропе[1].

Летува
Lietuvos nacionalinė vyrų krepšinio rinktinė

Сьцяг Летувы

Асноўныя зьвесткі
Рэйтынг ФІБА 10 (26 лістапада 2024)
Чалец ФІБА з 1936
Рэгіён ФІБА Эўропа
Фэдэрацыя Летувіская баскетбольная фэдэрацыя
Трэнэр
Алімпійскія гульні
Удзелаў 7
Мэдалёў Бронза: (1992, 1996, 2000)
Чэмпіянаты сьвету
Удзелаў 6
Мэдалёў Бронза: (2010)
Чэмпіянаты Эўропы
Удзелаў 15
Мэдалёў Золата: (1937, 1939, 2003)
Срэбра: (1995, 2013, 2015)
Бронза: (2007)
Форма
Сьветлая швэдра
Камандныя колеры
Сьветлая
Цёмная швэдра
Камандныя колеры
Цёмная
Спасылкі
Вэб-старонка
(абнаўленьне: 22 сьнежня 2024)

Гісторыя

рэдагаваць

Даваенны час

рэдагаваць
 
Першая летувіская каманда 1923 году.
 
Летувіскія баскетбалісты пасьля перамогі над зборнай Італіі 1937 году.

13 сьнежня 1925 году ў сталіцы Латвіі горадзе Рызе летувісы згулялі сваю першую міжнародную гульню супраць сваіх суседзяў. Улічваючы досьвед латышоў, якіх трэнавалі амэрыканскія прадстаўнікі Асацыяцыі маладых хрысьціянаў, паўночныя суседзі Летувы лёгка перамаглі зь лікам 41:20[2]. У гэты час папулярнасьць баскетболу ў Летуве рэзка спадала, а больш папулярным рабіўся футбол. Халодны клімат і адсутнасьць падыходнай крытай арэны дазвалялі гуляць у баскетбол толькі ў летні час, і нават тады перавага часта надавалася іншым відам спорту[2].

Стан пачаў паляпшацца ў 1934 годзе, калі ў Коўне быў адкрыты Палац фізычнай культуры з прасторнай заляй на 200 месцаў і коркавай падлогай. Арэна была пабудаваная дзеля тэнісу, але таксама была прыдатнай да гульні ў баскетбол[3]. У 1935 годзе Летува пастанавіла зладзіць Сусьветны летувіскі кангрэс у часовай сталіцы Коўне, запрасіўшы этнічных летувісаў з многіх краінаў, каб аб’яднаць і ўмацаваць уласную культуру. У наступным годзе дэлегацыя летувіскіх амэрыканскіх спартоўцаў з Чыкага прыбыла ў Коўна як удзельнікі памянёнага кангрэсу. Яны ж вырашылі навучыць летувікіх баскетбалістаў сакрэтам гульні і прафэсіяналізму. У 1936 годзе Летува падала заяўку на далучыньня да ФІБА і на ўдзел у міжнародных баскетбольных спаборніцтвах[4], у тым ліку чэмпіянату Эўропы 1937 году, які ладзіўся ў Рызе, бо латыская зборная была дзейным чэмпіёнам турніру[5].

Фрэнк Любін, які здабываў залаты мэдаль на першым баскетбольным алімпійскім турніры на летніх Алімпійскіх гульнях 1936 году ў Бэрліне ў складзе зборнай ЗША, быў запрошаны наведаць балтыйскую краіну. Пад летувіскім імем Пранас Лубінас правёў у Летуве пяць месяцаў і быў трэнэрам, дапамагаючы распаўсюджваць розныя баскетбольныя мэтады[6][7]. Лубінас разам зь яшчэ аднім амэрыканцам летувіскага паходжаньня Юозасам Зукасам дапамаглі летувісам упершыню перагуляць латышоў зь лікам 35:27[8]. Падрыхтоўка да Эўрабаскету 1937 году пачалася павольна, бо гульцы трэнаваліся ўсяго 4 гадзіны на тыдзень. Спачатку было пастаноўлена, што ў зборнай на турніры ня будзе летувіскіх амэрыканцаў, аднак гэтая пастанова была скасаваная празь месяц, як толькі латвійская газэта надрукавала шырокі артыкул аб другім чэмпіянаце Эўропы, назваўшы зборную Летувы найслабейшай камандай турніру. Каб захаваць таямніцу аб тым, як летувіскі амэрыканцы ўмацоўваюць каманду, усе падрыхтоўчыя гульні былі адмененыя, а працяглыя трэнаваньні перад паездкай у Рыгу прайшлі ў закрытым рэжыме. Зборную рыхтавалі ня толькі тэхнічна, але і фізычна.

 
Баскетбалісты зборнай Летувы на хатнім чэмпіянаце Эўропы 1939 году.

Высілкі далі плён, бо летувісы ўпершыню ў гісторыі сталі чэмпіёнамі Эўропы, перамогшы ўсіх сваіх супернікаў, а Талзунас быў абраны найкаштоўнейшым гульцом турніру. Пасьля фінальнай перамогі над зборнай Італіі знакаміты летувіскі тэнар Кіпрас Пятраўскас нават перапыніў свой выступ у Дзяржаўным тэатры, каб радасна абвесьціць пра трыюмф нацыянальнай зборнай па баскетболе. Затым натоўп узьняўся на ногі і разам засьпяваў летувіскі гімн[9]. Баскетбол адразу ж аднавіў свае пазыцыі, і ягоная папулярнасьць рэзка ўзрасла, асабліва сярод студэнтаў. Летува, такім чынам, атрымала права арганізацыі Эўрабаскету 1939 году. Акрамя таго, была пабудаваная Ковенская спартовая заля, першая ў Эўропе спэцыяльная баскетбольная арэна.

Па вяртаньні незалежнасьці

рэдагаваць
 
Шарунас Марчуліёніс быў першым савецкім баскетбалістам, які гуляў у НБА.

Па аднаўленьні незалежнасьці Летувы краіна пачала шлях да вяртаньні самастойнасьці сярод баскетбольнай супольнасьці. У дадатак шэраг выдатных гульцоў з савецкай каманды 1988 году, як то Арвідас Сабоніс, Шарунас Марчуліёніс, Вальдэмарас Хомічус і Рымас Куртынайціс, выказалі жаданьне прадстаўляць Летуву. Была адноўленая дзейнасьць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Летувы і Летувіскай баскетбольнай фэдэрацыі, якія адклікалі сваіх спартоўцаў з усіх савецкіх нацыянальных спаборніцтваў, а Сабоніс і Марчуліёніс адмовіліся выступаць за СССР падчас Гульняў добрай волі 1990 году[10].

Аднак эканамічны пераход Летувы паставіў краіну ў цяжкую фінансавую сытуацыю, таму мясцовая фэдэрацыя наўрад ці магла разьлічваць на дзяржаўнае фінансаваньне. У выніку каманда мусіла самастойна шукаць фінансавыя сродкі, каб згуляць на міжнародным узроўні. Дапамагалі ў пошук грошаў Шарунас Марчулёніс, які меў сувязі ў ЗША, бо быў першым савецкім баскетбалістам у ЗША, дзе бараніў колеры «Голдэн Стэйт Ўорыярз»[11].

Літаратура

рэдагаваць
  • Stonkus, Stanislovas Krepšinio kelias į Lietuvą. — Kaunas: Šviesa, 2007. — ISBN 978-5430044435

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць