Захараўскі мост
Мост | |
Захараўскі мост
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Каардынаты | 53°54′23.87″ пн. ш. 27°34′15.84″ у. д. / 53.9066306° пн. ш. 27.5710667° у. д.Каардынаты: 53°54′23.87″ пн. ш. 27°34′15.84″ у. д. / 53.9066306° пн. ш. 27.5710667° у. д. |
Аўтар праекту | М. П. Парусьнікаў, Г. П. Багданаў |
Будаваньне | 1951—1952 гады |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Захараўскі мост | |
Захараўскі мост на Вікісховішчы |
Заха́раўскі мост — мост аркавай канструкцыі з зборнага жалезабэтону цераз раку Сьвіслач па праспэкце Незалежнасьці ў Менску. Месьціцца каля плошчы Перамогі. Гэта чацьверты вядомы мост на гэтым месцы, пабудаваны ў 1952 годзе. Гісторыка-культурная каштоўнасьць Рэспублікі Беларусь рэспубліканскага значэньня[1].
Гісторыя
рэдагавацьМост церазь Сьвіслач на Захараўскай вуліцы, ад якой і атрымаў назву, злучаў цэнтар гораду з Залатой Горкай і Камароўкай, прынамсі, з канца XVIII стагодзьдзя. На працягу ўсяго XIX стагодзьдзя мост неаднаразова рамантавалі й перабудоўвалі (1837, 1853, 1878). Апошні раз у 1898 годзе, калі яго перабудавалі ў сувязі з пракладзенай па ім лініі конкі.
Першы жалезабэтонны мост
рэдагавацьУ сьнежні 1913 году Гарадзкая дума пастанавіла замяніць драўляны мост жалезабэтонным. Па кансультацыі горад зьвяртаўся да прафэсара Кіеўскага політэхнічнага інстытуту Яўгена Патона[2]. Будаваць новы мост узялося менскае таварыства «Бетон», аднак, з пачаткам Першай сусьветнай вайны яго будаваньне было прыпыненае[3]. Будаваньне першага ў Менску жалезабэтоннага моста было завершанае толькі ў 1928 годзе.
На праезныя часткі новага моста былі пракладзеныя рэйкі трамвайнай лініі ад чыгуначнага вакзалу да заводу «Дрэваапрацоўнік» (Менскі прыборабудаўнічы завод).
Пасьляваенны пэрыяд
рэдагавацьМост перажыў нямецкую акупацыю, але перад самым вызваленьнем Менску быў падарваны немцамі. Замест зруйнаванага жалезабэтоннага на захаваных берагавых апорах збудавалі новы драўляны бэлечны мост на трох палевых апорах. Рух быў урачыста адкрыты 29 кастрычніка 1944 году. У 1948 годзе трамвайны рух па ім быў закрыты ў сувязі зь пераносам лініі на вуліцу Першамайскую.
У 1951 годзе побач зь ім вышэй плыньню Сьвіслачы пачалі ўзводзіць новы мост. Аўтарамі праекту былі архітэктары Міхаіл Парусьнікаў і Генадзь Багданаў. У 1952 годзе новы мост быў урачыста адкрыты[3].
Архітэктура
рэдагавацьПраектаваньню моста цераз раку Сьвіслач надавалася вялікае значэньне з прычыны яго разьмяшчэньня на цэнтральнай магістралі Менску. У выніку новы мост быў выкананы з жалезабэтонных зборных канструкцыяў, аркавы аднапралётны. Шырыня пралёту складае 40 м. Па баках асноўнага пралёта ў падпорных сьценах моста зробленыя лучковага абрысу праходы шырынёй 7 м, якія злучаюць берагавыя часткі парку. Фасадныя роўніцы моста абліцаваныя мармуровымі плітамі, дэкараваныя замковым каменем. Уздоўж моста праходзіць дэкаратыўная мэталічная агароджа. Лесьвічны спуск у парк аформлены балюстрадай і акцэнтаваны вазамі на п’едэсталах[1].
Крыніцы
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000150 |
- ^ а б Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
- ^ Шибеко З. В., Шибеко С. Ф. Минск. Страницы жизни дореволюционного города. — Минск, 1990.