Ежы Ахманскі

(Перанакіравана з «Ежы Ахманьскі»)

Ежы Ахманскі (польск. Jerzy Ochmański; 4 сьнежня 1933, места Руднікі Тарнабжэскага ваяводзтва — 1996) — польскі гісторык. Доктар гістарычных навук (1960), прафэсар.

Ежы Ахманскі
па-польску: Jerzy Ochmański
Дата нараджэньня 4 сьнежня 1933(1933-12-04)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 15 чэрвеня 1996(1996-06-15) (62 гады)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак гісторык
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук[d]
Узнагароды
Кавалерскі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы

Біяграфія

рэдагаваць

Скончыў Познанскі ўнівэрсытэт (1955 год), дзе з 1959 году працаваў на катэдры гісторыі народаў СССР.

Аўтар працаў з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, крыніцазнаўстве, гістарычнай геаграфіі, культуры Ўсходняй Эўропы, міжнародных культурных зьвязкаў, пра Хроніку Быхаўца, творчасьць і жыцьцёвы шлях Міхалона Літвіна, Міколы Гусоўскага ды іншых, крыніцазнаўчай працы «Вітаўдзіяна. Кодэкс прывілеяў вялікага князя літоўскага Вітаўта. 1386—1430» (1986 год).

Дасьледаваў гісторыю каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім у канцы XV — сярэдзіне XVI стагодзьдзяў. У навукова-папулярным выданьні «Гісторыя Літвы» (1967 год) прывёў шмат новых крыніцаў[1].

Крытыкуецца за падтасоўкі пры аналізе імёнаў жыхароў сяла Літоўскага Канца пры Абольцах. Сьцьвярджаў наяўнасьць у Абольцах «літоўскага элементу» і перавагу «літоўскага насельніцтва» над «рускім» (пад якім разумеў продкаў беларусаў) у тасунку 15 да 11, прытым лічыў «літоўскае насельніцтва» рэшткамі племені балтаў, чый арэал нібы прасьціраўся ад Акі да Балтыйскага мора. Дзеля пацьверджаньня сваіх высноваў падаў адпаведнікі — прозьвішчы з абшараў Летувы. Але такія паралелі не могуць служыць довадам прыналежнасьці да пэўнага этнасу, бо на абшарах Летувы маглі быць паселішчы розных народаў (пра што сьведчаць археалягічныя зьвесткі з тых абшараў). Пры разглядзе іншых нібы жамойцкіх прозьвішчаў залучыў у іх лік відавочна славянскае імя — Цяшыла (упаміналася заходнеславянскае імя Теsila). Тэндэнцыйнасьць Ахманьскага асабліва выразна выявілася ў камэнтары да прозьвішчаў абальчанаў з інвэнтару 1593 году, дзе ён засяродзіў увагу на прозьвішчы Шатэрнік (мае відавочную этымалёгію, бо выразна сьведчыць пра абавязкі першага носьбіта — княжага дружыньніка, які меў за абавязак захоўванне шатра), да якога падаў летувіскія тапанімічныя паралелі і якое выводзіў ад летувіскага satra 'жэрдка', таму Шатэрнік — нібы «жэрднік», хоць верагоднасьць бытаваньня такога нібы прафэсійнага тэрміну сумніўная. Апроч таго, не зьвярнуў увагі на тое, што Літоўскі Канец называецца сялом (сёлы звычайна засноўваліся князем, які сяліў там сваіх паднявольных, пераважна палонных), таму асобныя жыхары Літоўскага Канца (Трычыс, Сьвіркліс, Юрыс, Дабуціс, Рымейшыс) маглі быць перасяленцамі з Жамойці. Сам Ахманьскі ўпамінае такую магчымасьць, але адкідвае яе, хоць знаходжаньне паблізу паселішчаў Латыголь і Латыгова тлумачыць менавіта асяленьнем там палонных латгалаў. Верагодна, што менавіта славянская меншасьць былі тымі баярамі (літвой), якія валодалі больш шматлікімі залежнымі ад іх паднявольнымі «людзьмі», якія маглі паходзіць як зь пераселеных палонных, так і зь мясцовых жыхароў[2].

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001.
  2. ^ Сіцька З. Утроп Літвы. — Смаленск: Новая школа, 2009. С. 140—142.

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.