Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь
(Перанакіравана з «Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі»)
Дзяржа́ўны камітэ́т па маёмасьці Рэспу́блікі Белару́сь (Дзяржкаммаёмасьць) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае парадкаваць землеўладаньне ды маёмасныя дачыненьні. Старшыня камітэту прызначаецца й здымаецца з пасады прэзыдэнтам. З 4 чэрвеня 2020 году пасаду старшыні камітэту займае Зьміцер Матусевіч.
Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь | |
Абрэвіятура | ДКМ РБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 25 жніўня 1991 (33 гады таму) |
Штаб-кватэра | Менск, зав. Чырвоназорны, д. 12 |
Старшыня | Зьміцер Матусевіч |
Першы намесьнік | Пётар Броўкін |
Намесьнікі | Мікалай Бобер, Кацярына Лук’янава[1] |
Зьвязаныя кампаніі | «Белгеадэзія», «Белкартаграфія» |
Бюджэт | 66 936 млн. рублёў [2] (2010 год; 22 359 тыс. $[3]) |
Сайт | gki.gov.by |
Колішняя назва | Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаваньні (да 1995 г.), Камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі (1997—2006) |
Будова
рэдагаваць- Апарат — Фонд дзяржаўнай маёмасьці, 7 управаў, 2 аддзелы;
- Прадпрыемствы — «Белаэракосмагеадэзія», «Белгеадэзія», «Белдзіпразем», «Белкартаграфія», «БелНДЦзем», «БелПСГАГІ», «Землямер», «Інстытут нерухомасці і ацэнкі», «Інфармацыйны цэнтар зямельна-кадастравых дадзеных і маніторынгу земляў», «Нацыянальнае кадастравае агенцтва».
- Цэнтар картографа-геадэзічных матэрыялаў і дадзеных, вучэльня кадраў землеўпарадкавальнай ды картографа-геадэзічнай службы.
Паўнамоцтвы
рэдагавацьПаводле Ўставы мае паўнамоцтвы на:
- распрацоўку прапановаў аб зьмене парадкаваньня зямельных дачыненьняў, аховы й выкарыстаньня земляў, геадэзіі, картаграфіі ды гравімэтрыі;
- распрацоўку прапановаў аб парадкаваньні кіраваньня, прыватызаваньня, ацэньваньня ды ўліку дзяржаўнай уласнасьці, уліку нерухомасьці, правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
- выкарыстаньне дзяржаўных земляў ды маёмасьці;
- прапанову ўраду захадаў па выкарыстаньні, ахове ды вопісу земляў, землеўпарадкаваньні, геадэзіі ды картаграфіі;
- забесьпячэньне ўстановаў ды фізычных асобаў дадзенымі зямельнага вопісу, геадэзічнымі й картаграфічнымі зьвесткамі;
- улік адзінак зямельнага кіраваньня ды складаньне агульнадзяржаўнага сьпісу найменьняў мясьцінаў;
- вопіс ды абсьледаваньне глебаў і расьліннасьці ды агляд стану й выкарыстаньня земляў зь іх падзелам паводле выўленых прыкметаў ды разьмяшчэньня;
- вядзеньне агульнадзяржаўнага зямельнага вопісу ды ўхваленьне штогадовых справаздачаў аб наяўнасьці ды разьмеркаваньні земляў па стане на 1 студзеня;
- ацэньваньне, ўзгадненьне ды ўхваленьне разьлікаў правядзеньня землеўпарадкаваньня, геадэзічных ды картаграфічных працаў;
- ацэньваньне земляў ды вывучэньне зямельнага рынку;
- нагляд за спагнаньнем шкоды сельскай ды лясной гаспадаркам і правядзеньнем за кошт гэтых спагнаных сродкаў асваеньня новых земляў, павышэньня ўрадлівасьці глебаў ды землеўпарадкаваньня;
- ухваленьне заканадаўства аб землеўпарадкаваньні, геадэзічных ды картаграфінчых працах;
- картографа-геадэзічнае забесьпячэньне захадаў іншых ведамстваў;
- правядзеньне астранома-геадэзічных працаў, стварэньне ды апрацоўка здымкаў з космаса, выданьне мапаў, стварэньне лічбавых мапаў для суднаходзтва ды назіраньне за штучнымі спадарожнікамі Зямлі;
- нагляд за картографа-геадэзічнай дзейнасьцю ды ахова дзяржаўных таямніцаў;
- стварэньне нівэлірных сетак ды забесьпячэньне адзінага абазначэньня, разьліку й лічбавага прадстаўленьня землеапісаньня;
- праверка праходжаньня лініі, накрэсьленьне ды нагляд за выяўленьнем на мапах межаў дзяржавы ды адзінак зямельнага кіраваньня, збор зьвестак аб межах іншых дзяржаваў;
- стварэньне дзяржаўнага картографа-геадэзічнага фонду;
- стварэньне, абнова ды выданьне мапаў ды атлясаў краёў ды паселішчаў у рысункавым, лічбавым ды здымкавым выглядах;
- вызначэньне парадку выкарыстаньня, распаўсюду ды захоўваньня землеапісальных зьвестак;
- адсочваньне зьмяненьняў зямной кары;
- замова землеўпарадкаваньня, вопісу земляў ды картографа-геадэзічных працаў;
- стварэньне геадэзічных палігонаў для мэтралягічных іспытаў ды паверкі геадэзічных прыладаў;
- улік нерухомасьці, правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
- стварэньне ўліковых акругаў;
- вызначэньне падставаў для прызначэньня й парадку вопісу ды якаснай праверкі нерухомасьці й спраўджаньня пададзеных пры ўліку дакумэнтаў;
- вызначэньне парадку іспытаў для ўлічвальнікаў;
- ухваленьне выгляду пасьведчаньня аб дзяржаўным уліку, выпіскі з уліковай кнігі, запыта аб іх абароне ад падробкі ды неабходных для ўліку дакумэнтаў;
- ухваленьне выгляду, правілаў запаўненьня й парадку выдачы ды ўліку даведак з адзінага дзяржаўнага вопісу нерухомасьці;
- ухваленьне расцэнак на паслугі ўліку ды ацэньваньня нерухомасьці, як і правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
- ухваленьне сумесна з Статыстычным камітэтам зводнага паказьніка дзяржаўнага ўліку нерухомасьці, правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
- вядзеньне вопісу дзяржаўнае маёмасьці ды канцэсійных дамоваў;
- узгадненьне стварэньня, ператварэньня ды касаваньня дзяржаўных юрыдычных асобаў, як і дамоваў з кіраўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў аб іх паўнамоцтвах;
- ухваленьне парадку акрэсьленьня памеру статутнага фонду адкрытага акцыянэрнага таварыства (ААТ) пры ператварэньні з урадавага ўнітарнага прадпрыемства (УП) ды ацэнкавага кошту ўрадавага прадпрыемства пры прыватызаваньні;
- падача ва ўрад прапановаў аб прыватызаваньні;
- заключэньне дамоваў аб даверчым кіраваньні дзяржаўных ААТ;
- спраўджаньне ацэнкі дзяржаўнае ўласнасьці, укладанага ва ўстаноўчы фонд гандлёвай установы;
- вядзеньне сьпісу ды іспытаў ацэньвальнікаў кошту прадметаў грамадзянскіх правоў;
- прадстаўленьне ўраду ў міжнародных арганізацыях пры ацэньваньні кошту прадметаў грамадзянскіх правоў;
- нагляд за выкананьнем ацэньвальнікамі заканадаўства аб вызначэньні кошту ўласнасьці;
- улік, ацэньваньне ды збыт адабраных на карысьць дзяржавы доляў статутных фондаў гаспадарчых таварыстваў;
- узгадненьне бязвыплатнай дапамогі гаспадарчым таварыствам, у статутных фондах якіх урад мае звыш паловы доляў;
- прызначэньне ды падрыхтоўка прадстаўнікоў у кіраўніцтва гаспадарчых таварыстваў, долі ў якіх належаць ураду;
- вызначэньне парадку ператварэньня ўрадавага УП ў ААТ або яго далучэньня да ААТ;
- вызначэньне парадку ацэньваньня кошту маёмасьці ўрадавых УП пры далучэньні ААТ;
- спрыяньне ўрадавым установам у прыцягненьні да гаспадарчага абароту невыкарыстоўванай нерухомасьці;
- нагляд за ажыцьцяўленьнем пастановаў аб кіраваньні й выкарыстаньні ўрадавай уласнасьці ды аб прыватызаваньні;
- перадачу ўрадавым установам уласнасьці, прызнанай за ўрадам паводле пастановы суда;
- кіраваньне, стварэньне, ператварэньне, касаваньне ды ўхваленьне статутаў падпарадкаваных установаў, як і нагляд за іх дзейнасьцю ды захаваньнем іх уласнасьці;
- вызначэньне парадку кіраваньня маёмасьцю ды правілаў аховы працы для падпарадкаваных установаў;
- распрацоўка ажыцьцяўленьня замежных капіталаўкладаньняў;
- заключэньне міжведамасных міжнародных дамоваў;
- падрыхтоўку прапановаў аб перайманьні права Расеі, Эўразійскай эканамічнай супольнасьці ды Садружнасьці незалежных дзяржаваў;
- разгляд прапановаў, заяваў ды скаргаў грамадзянаў ды юрыдычных асобаў;
- закуп тавараў;
- ухваленьне выгляду дамоваў арэнды ды продажу ўрадавых будынкаў ды памяшканьняў;
- вызначэньне парадку прысваеньня адрасоў нерухомасьці[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кіраўніцтва Аб камітэце. Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь. Праверана 20 лістапада 2020 г.
- ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 5 ліпеня 2011 г.
- ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 5 ліпеня 2011 г.
- ^ Пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2006 г. № 958 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (4 красавіка 2011). Праверана 5 ліпеня 2011 г.