Дзюна (фільм, 2021)

фільм 2021 году

«Дзю́на» (па-ангельску: Dune) — амэрыканскі эпічны фантастычны фільм 2021 году працы рэжысэра Дэні Вільнёва. Сцэнар склалі Джон Спэйтс, Вільнёў і Эрык Рот. Гэта першая з заплянаваных дзьвюх частак адаптацыі аднайменнага рамана 1965 году Фрэнка Гэрбэрта, якая ахоплівае прыкладна першую палову кнігі. У фільме зьняліся Тымаці Шаламэ, Рэбэка Фэрг’юсан, Оскар Айзэк, Джош Бролін, Стэлян Скашгорд, Дэйв Баўтыста, Стывэн Макінлі Гэндэрсан, Зэндая, Дэйвід Дастмолчан, Чан Чэнь, Шэран Данкан-Брустэр, Шарлота Рэмплінг, Джэйсан Мамоа і Хавіер Бардэм. Прэм’ера «Дзюны» адбылася на 78-м міжнародным кінафэстывалі ў Вэнэцыі 3 верасьня 2021 году. У міжнародным пракаце фільм дэбютаваў 15 верасьня 2021 году[6]. Тым ня менш, выхад на кінаэкраны ў ЗША плянуецца толькі 22 кастрычніка, адначасова з рэлізам на сэрвісе струменевага відэа HBO Max[7].

Дзюна
па-ангельску: Dune
па-ангельску: Dune: Part One
Жанр навукова-фантастычны фільм[d], баявік[d], прыгодніцкі фільм, экранізацыя раману[d] і кінафантастыка
Рэжысэр
Сцэнарыст
Заснаваны на Дзюна[d]
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Джо Ўолкер[d]
Мастак Патрыс Вэрмэт[d]
Вытворчасьць Legendary Pictures[d]
Распаўсюд Warner Brothers[d] і InterCom[d][2]
Дата выхаду 3 верасьня 2021[3]
Працягласьць 155 хвіліна
Краіна
Мова ангельская мова
Бюджэт 165 000 000 $
Прыбытак 401 847 900 $[5] і 108 327 830 $[5]
Наступны Дзюна: Частка другая[d]
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт
  Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Высакародны дом Атрэйдэсаў кіруе дажджлівай плянэтай Каладан. Аднак малады сын герцага Лета (Оскар Айзэк), Пол (Тымаці Шаламэ), мроіць пра пустэльную плянэту Аракіс і ейных жыхароў вольных людзей. Неўзабаве амабасадар імпэратару прыбывае на ў Каладан з загадам неадкладна пераехаць на Аракіс, каб усталяваць там мір і працягнуць здабычу спэцыяў, неабходных дзеля забесьпячэньня касьмічных палётаў у імпэрыі. Лета разумее, што гэта своеасаблівая пастка, але выконвае загад, каб ня страціць гонар свайго дому. Герцаг Лета пераязджае на Аракіс разам зь сям’ёй, бо чакае хітрасьцяў зь іншых дамоў. Ён мяркуе, што імпэратар хоча падбухторваць дом Атрэйдэсаў да дому Гарконэнаў, былых кіраўнікоў Аракіса, каб аслабіць абодвух. Тым часам на плянэце Гіедзі-Прайм барон Уладзімер Гарконэн (Стэлян Скашгорд) прыслухоўваецца да абурэньня свайго пляменьніка Рабана (Дэйв Баўтыста) на рашэньне імпэратару і плянуе вярнуць уладу над Аракісам.

Джэсыка (Рэбэка Фэрг’юсан), маці Пола, знаёміць яго зь вялебнай маці Магіям (Шарлота Рэмплінг), якая зацікавілася ягонымі сьненьнямі. Яна ладзіць выпрабаваньні Полу, якому даводзіцца цярпець неверагодны боль, каб даказаць, што ён кантралюе сваё цела. Магіям абвінавачвае Джэсыку ў парушэньні праграмы адбору ордэна Бэнэ-Гесэрыт, паводле якой праводзіцца сэлекцыя звышчалавека Квісак Гэдэрага, што дазволіць ордэну атрымаць усю сусьветную моц. Парушаючы парадак ордэну, Джэсыка нарадзіла сына і тым самым паставіла пад пагрозу плян Бэнэ-Гесэрыту. Пол даведваецца ад сваёй маці, што Бэнэ-Гесэрыт закінулі зерне веры ў прыход мэсіі ў мясцовае насельніцтва на плянэце Аракіс, каб маніпуляваць людзьмі. Новая пакаёўка Джэсыкі дае ёй нож, зроблены з зуба мясцовай жывёлы, пясковага чарвяка, і запэўнівае яе, што прыход мэсіі наблізіўся. Тым часам Пол аглядае сталіцу і бачыць, што найбольшай каштоўнасьцю на Аракісе ёсьць вада. У адзін зь вечароў адбыўся замах на Пола, які зьдзейсьніў агент Гарконэнаў, аднак забойства не адбылося. Тым часам Магіям сустракаецца з Уладзімерам і патрабуе ад таго, каб ён пакляўся не забіваць Джэсыку і Пола, бо яны знаходзяцца пад аховай ордэну. Пасьля сыходу вялебнай маці Ўладзімер дае загад усё ж забіць іх, але зрабіць гэта пад выглядам сьмерці з натуральных чыньнікаў.

Каб забясьпечыць пастаўкі спэцыяў належным чынам, Лета вырашае асабіста кантраляваць іхную вытворчасьць. Дункан (Джэйсан Мамоа), адмысловы агент Атрэйдэсаў, вяртаецца з выведнай апэрацыі і кажа, што вольных людзей на Аракісе нашмат больш, чым думалі Гарконэны. Іхны лідэр Стылгар (Хавіер Бардэм) патрабуе ня ўмешвацца ў справы свайго народу, і Лета абяцае выканаць гэтую просьбу. Падчас палёту да месца збору спэцыяў герцаг ратуе працоўных ад пясковага чарвяка, прымаючы іх на борт свайго лётнага апарату. Гарконэны, скарыстаўшыся адсутнасьцю сувязі з Аракісам, таемна высаджваюць свае войскі на плянэце. Доктар Юэ (Чан Чэнь) выключае абарончы сталічны шчыт, прапускаючы ворагаў. У той жа час Юэ, ведаючы, што Ўладзімер хоча ўбачыць Лета жывым, расстаўляе пастку Гарконэна, каб адпомсьціць за сваю жонку. Юэ ўстаўляе ў герцага зуб, які вылучае атрутны газ. Гарконэны захопліваюць Джэсыку і Пола і адвозяць іх у пустэльню, каб пакінуць іх на сьмерць. Дункан, змагаючыся з ворагамі, садзіцца на самалёт і адпраўляецца на пошукі Пола, беручы па дарозе імпэратарскага амбасадара Ліет-Кайнз (Шэран Данкан-Брустэр). Пол, выкарыстоўваючы гіпнатычны голас, якому яго навучыла маці, прымушае памагатых Гарконэнаў спыніцца ў пустэльні і аддаць ім абсталяваньне. Уцекачы знаходзяць паведамленьне ад Юэ й пячатку Атрэйдэсаў у якасьці доказу таго, што Пол цяпер ёсьць кіраўніком дому. Лета выдыхае газ, які забівае яго і ўсіх навакол яго, але барон выжывае дзякуючы ахоўнаму полю.

У пустэльні Пол бачыць бачаньне будучай вайны, якая ахопіць увесь сусьвет, што яго моцна палохае. Дункан знаходзіць Джэсыку і Пола і забірае іх да закінутай экалягічнай станцыі. Па дарозе ён кажа, што на баку Гарконэнаў былі сардаўкары, то бок элітныя воіны імпэратару. Такім чынам, стала вядомым, што імпэратар і Ўладзімер знаходзяцца ў змове. Ліет-Кейнз успамінае мінулыя пляны па азеляненьні Аракіса, якія аказаліся марнымі. Сардаўкары знаходзяць станцыю, але Дункан затрымлівае іх і памірае. Ліет-Кейнз паказвае шлях да самалёту, а сама ўцякае пешшу. Сардаўкары гоняцца за Полам і Джэсыкай, заганяючы іх у пясковую буру. Рабан паведамляе пра гэта Ўладзімеру, які вырашае, што аніхто ня можа перажыць такую буру, і загадвае цяпер турбавацца толькі аб прыбытку ад здабычы спэцыяў.

Пол і Джэсыка выратоўваюцца з буры і выратоўваюцца ад пясковага чарвяка ля скалаў. Іх знаходзіць група вольных людзей, іх ачольвае Стылгар. Стылгар вырашае адвесьці Пола да рады вольных людзей, а Джэсыку лічыць занадта старой і вырашае як забіць. Аднак, Джэсыка дэманструе свае баявыя здольнасьці, што пераконвае правадыра даць ёй прытулак. Сярод групы Пол бачыць дзяўчыну Чані (Зэндая) са сваіх сьненьняў. Джаміс (Бабз Алусанмокун) аспрэчвае прыём Пола ў племя і патрабуе судовага паядынку. Чані дае Паўлу нож, хоць ня верыць, што малады чалавек выжыве. Пол перамагае Джаміса, але ня хоча забіваць суперніка, аднак на загад правадыра бо працягваецца, што вядзе да сьмерці Джаміса. Пол прымае прапанову застацца ў племені і разумее, што вольныя людзі могуць зьмяніць лёс усёй імпэрыі.

На сайце агрэгата аглядаў Rotten Tomatoes фільм мае рэйтынг ухваленьня 88%, заснаваны на 60 рэцэнзіях. Сярэдні рэйтынг на сэрвісе складае 7,9/10. На думку кінакрытыкаў, фільму часам цяжка ўвасобіць у жыцьцё грувасткі зыходны матэрыял, але гэтыя праблемы ў значнай ступені пераадольваюцца праз аб’ёмную і амбітную візуальна захапляльную адаптацыю[8]. Metacritic мае адзнаку 75 пунктаў з 100 магчымых, заснаваных на 24 крытычных водгуках, што ў цэлым сьведчыць пра спрыяльнае стаўленьне да фільму. Пасьля прэм’еры на Вэнэцыянскім кінафэстывалі «Дзюна» атрымала ў цэлым станоўчы водгук ад рэцэнзэнтаў, але меркаваньні некаторых крытыкаў падзяліліся[9][10]. Аднак шэраг адмоўных водгукаў лічыўся чаканым, зважаючы на гісторыю рэжысэрскіх работ Вільнёва і зыходны матэрыял[11].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць